Блог

Ход канём. Даследчык распавядае, чаму шахматы – гэта карысна для мозгу

У дзяцінстве маці запісвала мяне ў розныя школы і гурткі — у музычную школу па класе баян, на воднае пола, лёгкую атлетыку, настольны тэніс і шахматы. Больш за ўсё тады зайшлі менавіта шахматы, але з часам іх закінуў.

Вярнуўся да гульні на соднях у Жодзіна: адзін з рукастых сукамернікаў зрабіў добрыя фігуркі з хлеба. Але глыбокая цікаўнасць да гульні абудзілася дзякуючы серыялу «Ход каралевы». 

Раскажу, за якімі суперзоркамі ў шахматах варта сачыць, як гульня дапамагае сацыялізавацца ў міграцыі і ці пераможа штучны інтэлект чалавека. 


Хто піша: Антось Барысенка, даследчык-сацыёлаг у геймдэве, жыве ў Англіі. 


Антось Барысенка

Як знайсці знаёмых у міграцыі праз шахматы

Я год пражыў у Вільні і нечакана для сябе сам стварыў там невялічкае шахматнае камьюніці. Спачатку пасябраваў з адной дзяўчынай, якая хацела вучыцца гуляць у шахматы. Высветлілася, што ў нас ёсць агульны сябар, таксама аматар. А ў яго ёсць сябра-шахматыст. Сабраліся у «Карчме 1863» (кавярня ў цэнтры Вільні) — там ёсць пару камплектаў шахмат — класна пагулялі, вырашылі збірацца яшчэ. За год выраслі з чатырох да адзінаццаці ўдзельнікаў.

Нядаўна я пераехаў працаваць і жыць у Англію. У першы ж месяц уступіў у Англійскую шахматную федэрацыю і мясцовы шахматны клуб. Спачатку  гуляць у шахматы з мясцовымі, а потым пачынаць сябраваць з імі. 

У клубе актыўна ўдзельнічаюць падлеткі гадоў 10-12 або сталыя людзі 60+. Пакуль што я на першай стадыі плана (гуляць), проста гуляю ў шахматы. Сіньёры пасля сустрэч клуба ходзяць піць піва ў бліжэйшы паб пад назвай «Тры Голубы» і ўжо запрашалі мяне. Праўда, я пакуль не хадзіў. Усё хачу далучыцца, але раніцай на працу трэба.

Нядаўна мяне яшчэ запрасілі ў каманду клуба выступаць у хатніх і выязных матчах. Тут ёсць каманда А з топавымі гульцамі (у асноўным гэта дзеці), і каманда Б, якая складаецца больш з аматараў (у асноўным гэта сіньёры).

Мяне запрасілі у каманду Б, я з радасцю пагадзіўся, спадзяючыся паглядзець Англію, бо трэба ездзіць ў іншыя гарады на матчы. Пакуль што спадзеў не апраўдваецца — мы некалькі гадзін кудысьці едзем на электрычцы, прыязжаем у клуб, паб ці школу. Гуляем тры гадзіны і вяртаемся дамоў.

Той самы шахматны клуб у Вільні

Ці даюць шахматы адчуванне што ты разумней за іншых?

Зусім не, хутчэй наадварот. Перамогі і паразы залежаць ад памылак. Калі аніхто не памыліўся, то будзе нічыя. Вядома, перамагаць прыемна, а прайграваць балюча.

У шахматах складана свае памылкі перакласці на нейкія вонкавыя фактары. Добра, калі можна зразумець, дзе і як памыліўся. Бывае мяне проста «выносяць», хаця, здавалася, была прыстойная пазіцыя.

Неяк я гуляў у карпаратыўным турніры з калегам, шахматны рэйтынг якога быў на 800 пунктаў меншы за мой. З такой розніцай я мушу перамагаць нават з форай у ферзя — да пачатку гульні я зняў фігуру з дошкі. Я быў упэўнены ў сваёй перамозе. На самым пачатку ён зрабіў два ці тры максімальна ідыёцкія хады, і я ўжо шукаў найхутчэйшы спосаб атакаваць.

Праз пару хадоў я раптам зразумеў, што губляю свайго ферзя. Здзівіўся, але падумаў, што ўсе роўна зараз ускладню пазіцыю і неяк перахітру. Яшчэ праз пару хадоў я атрымаў непазбежны мат. Калега здзівіўся больш за мяне. Ён сказаў, што падгледзеў гэтую лавушку на YouTube-канале Gotham Chess, але яна ў яго ніколі, зусім ніколі не працавала. Я першы, хто трапіўся.

За кім варта сачыць у шахматах

Дзесьці з 2010 года і да сення найвялікшая суперзорка ў шахматах — нарвескі грасмайстар Магнус Карлсан. У класічных шахматах, дзе партыі звычайна цягнуцца па 5 гадзін, ягоны стыль — выціскаць воду з камення. Ён спрабуе выйграць пазіцыі ў якіх іншыя грасмайстры пагаджаюцца на нічыю і ідуць вячэраць. Магнус Карлсан працягвае граць шэсць, сем, восем, дзевяць гадзін і перамагае. Сапраўдны геній. Ён ведае, калі варта мяняць каня на слана, а калі слана на каня.

Таксама сачу за беларускімі шахматыстамі. Сапраўдная зорка проста цяпер — Дзяніс Лазавік. Яму 18 гадоў, год таму ён гуляў у турніры ў Таронта сярод васьмі наймацнейшых шахматыстаў свету па хуткіх шахматах. Перамог Магнус, а Дзяніс заняў восьмае месца, але змагаўся вельмі годна. У гэтым годзе Магнус і Дзяніс зноў прайшлі у фінал гэтага ж турніра. Ён яшчэ ідзе, і пакуль што Магнус першы, а Дзяніс — трэці.

Той самы Магнус Карлсан

Іншы моцны гросмайстар з Беларусі, хто мяне натхняе — Ўладзіслаў Кавалёў. Ён падпісаў ліст спартоўцаў супраць гвалту, таму ўжо не ў Беларусі.

Неяк ён гуляў ў чэмпіянаце свету па хуткіх шахматах з Магнусам Карлсанам. Магнус спазняўся на партыю за дарожнага корку, але арбітры сказалі Уладзіславу ўключаць гадзіннік. Пакуль прыбег Магнус, прайшло тры хвіліны з ягоных адведзеных на усю партыю пяці. Калі Магнус зрабіў першы ход і націснуў свой гадзіннік, Уладзіслаў пачаў «думаць» над сваім першым ходам некалькі хвілін, і такім чынам вярнуў Магнусу згублены час. Магнус у той партыі перамог.

Анлайн-шахматы — гэта ваў 

У адрозненні ад футбола ці дэйтынгу, шахматы амаль нічога не губляюць у анлайне. Цяпер у шахматы можна гуляць калі заўгодна і з супернікамі твайго ўзроўню. Кожная гульня будзе непрадказальнай.

На маім узроўні звычайна атрымліваецца недзе 49% вельмі прыемных і часам нечаканых перамог, 49% даволі балючых, крыўдных і часам несправядлівых параз і 2% нічыіх. Спыніцца амаль немагчыма, хочацца яшчэ адну перамогу, ці яшчэ проста адну апошнюю гульню, проста, каб адыграцца.

Асабіста я абажаю (гэта guilty pleasure) шахматы ў фармаце «куля». У кожнага гульца есць па хвіліне на ўсе хады. Такі фармат практычна немагчымы афлайн. Часу вельмі мала, і таму атрымліваюцца вельмі хаатычныя, дзікія партыі, якія цягнуцца не болей за две хвіліны. Выпусціць пар, падвысіць узровень адрэналіну ў крыві, змяніць дзейнасць на дзве хвіліны — і можна вяртацца да паўсядзенных спраў. Канешне, калі не трэба адыгрывацца.

Чалавек заўсёды прайграе камп’ютару

Ужо проста цяпер можна глядзець партыі кампутарных двіжкоў. Але праглядаў яны збіраюць значна менш, чым гульні бялковых шахматыстаў. Што гэта змяніла? Шахматы сталі больш відовішчнымі — гульні робяцца больш хуткімі, аматарам цікавей за імі назіраць. Можна паглядзець ацэнку пазіцыі, зробленую камп’ютарам. Адчуваеш сябе разумнейшымі за гросмайстраў, якія і не ведаюць, што пазіцыя ужо абсалютна прайграная, чухаюць патыліцу, шукаючы шляху да выратавання, якога аб’ектыўна няма. 

Яшчэ стала прасцей вучыцца гуляць у шахматы, ствараць шахматны кантэнт — аналіз з камп’ютарам паскарае разбор партый. 

Ёсць і праблемы — кампутары безумоўна мацней за людзей. Нават Гарры Каспараў прайграў Deep Blue яшчэ ў 1997 годзе. Таму некаторыя людзі могуць спрабаваць карыстацца камп’ютарнымі падказкамі ў турнірах. Гэта мацней за допінг. 

За якімі шахматнымі турнірамі варта сачыць

  • «Турнір прэтэндэнтаў» — наймацнейшыя шахматысты вызначаюць, хто будзе гуляць матч з чэмпіёнам свету па шахматах за тытул. 
  • Tata Steel Chess Tourname, гульцы граюць для душы, у вясёлыя і радасныя шахматы.
  • Champions Chess Tour — турнір у хуткія шахматы, арганізаваны chess.com. 
  • Тытульныя аўторкі — тыя ж chess.com праводзяць турніры па бліц-шахматах кожны аўторак. Самае цікавае — сачыць за стрымамі шахматыстаў, якія самі ўдзельнічаюць у гэтым аўторку, гуляючы і каментуючы адначасова.

Чаму ёсць падзел на жаночыя і мужчынскія шахматы?

Фармальна падзелу на жаночыя і мужчынскія шахматы няма. Мы ўсё яшчэ жывем у патрыярхаце, і людзі ў значнай ступені абмежаваныя у тым, якія ролі яны могуць выбраць. Шахматы далёкія ад нараджэння дзяцей, клопату за хворымі, прыбірання дома. Таму традыцыйна лічацца «мужчынскім» заняткам. Напрыклад, у маёй сям’і не было нават і думкі, каб запісаць у шахматны гурток маю малодшую сястру. Хаця я ў такім гуртку займаўся. Ня дзіва, што шахматыстаў значна больш, чым шахматыстак.

Ёсць турніры толькі для жанчын. Гэта крыху падвышае іхныя магчымасці для развіцця шахматнай кар’еры. Ёсць адкрытыя турніры (оўпэны). Там  фактычна ўдзельнічаюць толькі мужчыны, але яны адкрытыя і для жанчынаў. Напрыклад, наймацнейшая ў гісторыі шахматыстка Юдзіт Полгар прынцыпова спаборнічала толькі ў оўпэн-турнірах, і вельмі паспяхова.

Меркаванне аўтара можа не адлюстроўваць пазіцыю рэдакцыі. 

Што яшчэ пачытаць пра хоббі: 

Обсуждение
Комментируйте без ограничений

Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.

Комментариев пока нет.