Блог

Як стаць лідарам і расці па кар'ернай лесвіцы? Лавіце хуткі рэцэпт

Хочаце стаць лідарам і расці па кар’ернай лесвіцы? Сёння падзялюся з вамі простымі рэцэптамі, якія дапамогуць у ажжыцяўленні мэты.


Хто распавядае: Каця Лысёнак, акадэмічны гік, піша PhD-дысертацыю у ISM University (Вільня). Беларуска ў Google, працавала ў шматлікіх глабальных карпарацыях у 5 краінах.
Гэта канспект выступу Каці на канферэнцыі Women in Tech.


Каця Лысёнак на канферэнцыі Women in Tech. Фота ад арганізатараў

«Больш за ўсіх у калгасе працавала кабыла, але старшынёй калгасу яна ніколі не стала»

Давайце адразу пачнем з практыкавання. Падрыхтуйце паперу і асадку — трэба будзе запісаць некалькі словаў. 

  • Уявіце менеджара са свайго прафесійнага асяроддзя, якім вы захапляецеся і натхняецеся. Запішыце 3 асноўныя прафесійныя навыкі і якасці, якія вызначаюць прафесіяналізм гэтага чалавека. 
  • Падумайце пра арганізацыю, дзе вы працуеце. Якія кіраўнікі і кіраўніцы там патрэбныя? 
  • Запішыце 3 словы, якімі бы вас апісалі вашая каманда і кіраўніцтва.

Цяпер час для хуткай самадыягностыкі. 

Ці супадаюць чаканні ад эфектыўных лідараў, што наша арганізацыя хоча і патрабуе ад лідараў і тым, як нас успрымаюць у арганізацыі? Калі ёсць супадзенні, то вы на правільным шляху і ўсё правільна робіце. 

Калі супадзенняў няма, то паўстаюць два пытання:  

  1. Чаму вас не ўспрымаюць вас праз гэтую прызму? Ці ўсё добра з вашым персанальным брэндам?
  2. Ці вы інвестуеце свой час, каб быць добрым і эфектыўным лідарам? 

Наступныя крокі: робім самааналіз і распрацоўваем інтэрвенцыю. Большасць хоча быць старшынёй, чым кабылай.

Пра розныя гатункі лідарства

Большая частка маёй коўчынг-практыкі — жанчыны з Усходняй Еўропы, якія будуюць кар’еру ў міжнародных карпарацыях. Часта чую ад іх: «Мы не можам быць жорсткімі. Любім больш крэатыўныя рашэнні, будуем добрыя адносіны з камандай. І які з нас лідар?»

У кожнага чалавека ёсць лідарскі стыль. Падручнікі па лідарству прапаноўваюць 20-40 стыляў: «аўтэнтычны», «харызматычны», «аўтарытарны», «самадзяржаўны». 

Важна, каб вы маглі самі сфармуляваць, як праяўляецца вашае лідарства. Асабліва перад інтэрв’ю і ростам па кар’ернай лесвіцы. 

Практыкаванне: стварыце файл пад назвай «Мая лідарская філасофія».

  1. Што для мяне азначае быць лідарам? 
  2. Што такое лідарства? 
  3. Якім лідарам я хачу або не хачу быць? 

Адказы на гэтыя пытанні — падмурак для лідарскай ідэнтычнасці. 

Ці можна вырасціць упэўненасць у сабе?

Упэўненасць у сабе часта адзначаюць, як адну з самых важных характарыстык лідараў. Нібыта гэта канстанта, або ёсць, або няма. Калі няма, то не быць мне лідарам. Але гэта міф.

Упэўненасць у сабе — вельмі хісткая псіхалагічная канструкцыя. Мы гойдаемся на гэтых арэлях знізу ўверх. Шмат залежыць ад кантэксту. Вы перайшлі на новую працу, у новую каманду, на новы праект — нармальна, што вашая ўпэўненасць зваліцца.

Але гэта не павінна быць прычынай каб нешта не рабіць. Fake it until you make it — добрая стратэгія. Гэта справядліва не толькі ў дачыненні да лідарства, але і да любой справы нашага жыцця. 

Спачатку сядаеш за стырно аўтамабіля, і толькі праз год-два, а (у маім выпадку) дык і ніколі, ты становішся ўпэўненай кіроўцай.

Як будаваць ўпэўненасць у сябе: 

  • Уласныя поспехі (асноўная частка ўпэўненасці ў сябе). 
  • Поспехі іншы людзей (ралявыя мадэлі, нэтворк).
  • Дабразычлівы, падтрымліваючы, пазітыўны фідбэк. 
  • Добры ментальны, фізічны, эмацыйны стан.  

Пачынаем выпрацоўваць упэўненасць у сябе проста цяпер, не адкладаем на заўтра. 

«Я сам (а)». Пра важнасць асяроддзя і камьюніці

Тэма маёй PhD-дысертацыі — «Развіццё жанчын-лідарак з Усходняй Еўропы».  Таму чаму прыклады, чаму нэтворк важны, я вазьму з навуковых даследаванняў і ўласнай практыкі.   

Жанчыны сутыкаюцца з 27 гендарнымі бар’ерамі на шляху да лідарства. На ўсіх узроўнях.

Згодна з даследаваннем Havard business review жанчыны з блізкім колам прафесійных сувязяў — больш паспяховыя. Яны маюць вышэйшы прафесійны аўтарытэт, займаюць вышэйшыя пасады і іх праца лепей аплочваецца.

Самы шкодны міф на шляху да лідарства — я сама. Гэта не сола-выступ, тут задзейнічаны цэлы аркестр. Уявіце сабе атлета, які рыхтуецца да Алімпіяды, без трэнераў, спонсараў, дыетолагаў. Гэта цэлая каманда.

У мяне ёсць сяброўка настаўніца беларускай мовы, якая рыхтуе дзяцей на школьныя алімпіяды. Яна распавяла, што нават там працуе цэлае каманда. Ёсць настаўніца, рэпетытар, бацькі, з дзецьмі працуе школьны псіхолаг, дырэктарка падпісвае паперку, каб звольніць ад фізры. І мы кажам пра вучняў 7-га класу. А мы, дарослыя людзі, кажам сабе «Усё сама». Дурноцце гэта.

80% усіх прафесійных магчымасцяў прыходзіць да нас праз наш нэтворк. Чым вышэй вы прасоўваецеся па кар’ернай лесвіцы, тым больш становіцца гэтая лічба. Давайце казаць шчыра: не наймаюць дырэктараў па абвестцы. Самае важнае, што вы можаце рабіць для сваёй кар’еры — будаваць супольнасць.

Інвестуйце час не толькі ў бягучае месца працы, але таксама выдаткоўвайце час шукайце новыя суполкі.

Падсумоўваючы: 

  • Правяраем, чым мы займаемся і куды інвестуем свой час, каб быць старшынёй, а не каровай. 
  • У вас дакладна ёсць свой лідарскі стыль, можа вы не моажце яго агучыць. Калі не, то пачынайце будаваць яго з дапамогай пытанняў, якія я вам дала. 
  • Вельмі важна перазапусціць ўпэўненасць у сябе, але пачынайце без яе, не чакайце. 
  • Нэтворк — сакрэтны супер-буст. Лідарства — гэта цяжка, асабліва для жанчын. Менавіта нэтворк і прафесійная суполка — наш сакрэт. 
  • Каб стаць лідарам, трэба хацець ёй быць. 

Меркаванне аўтаркі можа не адлюстроўваць пазіцыю рэдакцыі. 

dev.by, як і іншым сумленным медыям, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе за межамі краіны, а нашы рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай.

Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, меркаваннямі, досведам, часам і ўвагай. А 230 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі. У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісантаў.

Праз Patreon

З Беларуси — праз Donorbox.

Ці крыптой, тут гаманцы.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне. 

Што яшчэ прачытаць пра самаразвіццё ў камьюніці:

Обсуждение
Комментируйте без ограничений

Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.

Комментариев пока нет.