Нягледзячы на тое, што я 20 гадоў жыву па-за межамі Беларусі, я не адчуваю сябе аддаленым ад радзімы. Я ўсё роўна шукаю магчымасці зрабіць свой унёсак у развіццё краіны. Цяпер я працую ў амерыканскай IT-кампаніі і ахвярую 10% свайго даходу на беларускія культурныя праекты — кнігі, музыку і мастацтва.
Хто піша: Сяргей, распрацоўшчык, мецэнат.
«Грамадства заставалася пасіўным». Чаму я з’ехаў з Беларусі
Напрыканцы 1990-х — пачатку 2000-х я даволі актыўна ўдзельнічаў у дэмакратычных ініцыятывах ў сваім родным Гомлі, дзе было шмат цікавых праектаў. Але пасля выбараў 2001 года прыйшло расчараванне. Таму вырашыў эміграваць. Так, у 2005 годзе мы з жонкай пераехалі ў Аўстралію.
Тады пераехаць у Аўстралію было даволі проста: трэба было мець вышэйшую адукацыю (я інжынер-распрацоўшчык паводле дыплома), прафесійны досвед, запатрабаваную прафесію і пэўнае валоданне англійскай мовай. Можна было адразу атрымаць від на жыхарства і не залежаць ад працадаўцы. Дарэчы, праграма існуе дагэтуль, але ў абноўленым выглядзе.
Праз некалькі гадоў, ужо атрымаўшы аўстралійскае грамадзянства, мы пераехалі ў Штаты. Ізноў жа, аўстралійцам гэта даволі проста — ёсць асобны тып візы, аналагічны H-1B, але без латарэі.
У Аўстраліі на той момант не было тэхгігантаў, таму я працаваў у фінансавых арганізацыях, страхавых кампаніях, тэлекамунікацыях. У ЗША самая вядомая кампанія ў маім рэзюмэ — Amazon, дзе я прапрацаваў каля шасці гадоў. Большасць маіх ведаў менавіта адтуль.
Зараз я працую ў Datadog — гэта платформа для маніторынгу і аналітыкі.
Як быць беларусам у міграцыі
У мяне заўсёды была моцная патрэба «заставацца беларусам». Першыя гады пасля пераезду не было магчымасці падтрымліваць нейкія праекты — шчыра кажучы, было не да таго: трэба было ўладкоўваць жыццё на новым месцы.
Але потым я пачаў «упісвацца» ў розныя ініцыятывы. Пасля 2020 года гэтае адчуванне толькі ўзмацнілася: стала відавочна, што нам трэба падтрымліваць адно аднаго і захоўваць унікальную ідэнтычнасць, адрозную і ад расійскай, і ад украінскай. Для мяне важна, каб культура, мова, памяць не знікалі. Таму я вырашыў рабіць гэта больш сістэматычна.
Як я падтрымліваю ініцыятывы
Разам з аднадумцамі мы стварылі невялікую фундацыя. У нашай камандзе ёсць людзі, якая добра разбіраюцца ў культуры, маюць сувязі з творцамі. Яны збіраюць прапановы, а рэшта выбірае, што з гэтага будзе падтрымана. Вельмі падобна да інстытуцыянальнай падтрымкі з боку дзяржавы, толькі донары — прыватныя асобы.
Мы дапамагаем музыкам выдаваць альбомы, набываем артэфакты — напрыклад, кнігу «Перагрынацыя да Святой Зямлі» Мацея Крыштофа Радзівіла (выданне 1614 года) або «Карту Радзівілаў», навуковы часопіс New Belarus Journal Вольнага Беларускага ўніверсітэта. Гэта тое, што можна літаральна трымаць у руках і чытаць.
Нядаўна выйшаў альбом Юстыны Карпіловіч. Завяршыўся збор на цыкл відэа па-беларуску з лагапедам для дзяцей. У працы — альманах для беларускіх паэтаў і яшчэ некалькі ініцыятыў, пра якія пакуль рана казаць.
Пакуль што ў нас атрымоўваецца падтрымліваць усе прапановы. Да і мы канцэнтруемся на невялікіх ініцыятывах, мега-праекты кшталту «стварыць універсітэт» нам пакуль не па сілах, але хто ведае, што будзе далей.
Асабіста мяне натхняе пан Радзівіл — нашчадак вядомага роду. Жывучы ў Польшчы, ён не забываўся на беларускія карані і шмат каму дапамагаў.
У Штатах дабрачыннасць — гэта нармальна
Пасля таго, як задавальняеш базавыя патрэбы, натуральна ўзнікае пытанне пра сэнс і след, які пакінеш пасля сябе. Падарожжы і камфорт — гэта добра, але яны не захоўваюцца «пасля».
У гэтым і ёсць мая галоўная матывацыя займацца мецэнацтвам, магчымасць пакінуць істотны след пасля сябе. У дадатак, у ЗША аніхто не дзівіцца, калі ты валанцёрыш аб займаешся дабрачыннасцю. Ніякага асуджэння я не сустракаў, толькі павагу ад знаёмых за тое, што гэтым займаюся.
Асабіста я вызначыў, што хачу 10% даходу прызначаць на дабрачыннасць. Прызнаюся, цяпер часам выходзіць менш, але імкнуся трымацца гэтай планкі. Мая сям’я ставіцца да майго «хобі» абсалютна нармальна. Даход інжынера-распрацоўшчыка ў ЗША дазваляе выдаткоўваць 10% на дабрачыннасць і пры гэтым не ахвяраваць якасцю жыцця.
Таму запрашаю беларусаў, якія маюць магчымасць, далучацца да падтрымкі культурніцкіх ініцыятыў. Наш план — зрабіць клуб паўнавартаснай фундацыяй, якая зможа сістэмна дапамагаць беларускім праектам.
Такія ініцыятывы асабліва важныя цяпер, калі дзяржава не дбае пра беларускую культуру.
Меркаванне аўтара можа не адлюстроўваць пазіцыю рэдактара.
Што яшчэ пачытаць пра беларускую мову:
- Энтузіясты перакладаюць Ubuntu на беларускую. Вы таксама можаце далучыцца;
- Make Palessie sexy again. Беларуская айцішніца распавядае пра гаворку і звычаі сваёй роднай вёскі;
- Закласці асновы нацыянальнай ідэнтычнасці. Стваральнікі беларускамоўнай разумнай калонкі ADAM распавядаюць пра праект.
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.