Я вырашыў усе задачы на ЦТ па матэматыцы, але не паспеў перапісаць адказы ў бланк. Так пачалася мая гісторыя з Польшчай. Тут цяжкая вучоба, немагчыма завязаць блізкія стасункі з мясцовымі і я ўсё яшчэ не магу знайсці працу.
Я спрабую адшукаць сваё месца ў гэтай краіне, але пакрысе рыхтую падмурак для новага старту.
Хто піша: Міхась, студэнт Кракаўскага эканамічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Прыкладная інфарматыка».
Беларусь я не разглядаў
Пасля 9 жніўня 2020 года стала ясна — я не буду вучыцца ў беларускім універсітэце.
Польшча выглядала найбольш простым варыянтам. Тут ёсць магчымасць дармова вучыцца, магчыма вывучыць мову за год і падрыхтавацца да паступлення. Напрыклад, паступіць за год у ЗША проста нерэальна.
Увесь 11 клас я фактычна прахварэў з недыягназаваным трывожным разладам. Вучыўся ў фізічным класе Ліцэя БДУ, рыхтаваўся да ЦТ, паралельна вучыў польскую — і практычна кожны тыдзень быў на мяжы нервовага зрыву.
Я атрымаў сертыфікат, што валодаю на ўзроўні С1, і магу вучыцца дармова ў польскіх універсітэтах.
Само паступленне таксама прайшло няпроста. ЦТ па матэматыцы я напісаў на 30. Вырашыў усе задачы, але не паспеў перанесці адказы ў бланк. У выніку прайшоў толькі ў Торунь (UMK) і Люблін (Politechnika Lubelska).
Але больш за ўсё хацеў у Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве — там было шмат ліцэістаў, і я думаў, што гэта будзе мая падтрымка. У выніку паступіў з другой спробы — але не на «Аналітычную інфарматыку», куды хацеў, а на «Камп’ютарную матэматыку».
Ты нібыта вучышся на двух спецыяльнасцях адразу
У Польшчы я вучыўся ў двух месцах: у Ягелонскім універсітэце і ў цяпер у Кракаўскім эканамічным універсітэце.
У Ягелонцы праграма была дзіўная: ані чыстая матэматыка, ані чыстая інфарматыка. Быццам адразу дзве спецыяльнасці.
Калі ты не алімпіяднік рэспубліканскага ці міжнароднага ўзроўню, выцягнуць складана. Першыя студэнты з Ліцэя БДУ там якраз былі такімі — пад іх нават зрабілі асобную стыпендыю. Мы з аднакласнікам былі першымі «звычайнымі» ліцэістамі — і абодва ў выніку сышлі. Ён не вытрымаў і семестра.
Першы ўніверсітэт у многім адпавядаў стэрэатыпу пра «рэжымны вуз»: за ўвесь час я сустрэў літаральна два з паловай нармальныя выкладчыкі. Большасць альбо не дапамагала, альбо адкрыта смяялася са студэнтаў.
У цяперашнім месцы мне значна лягчэй. Выкладчыкі ў асноўным адэкватныя, з імі можна размаўляць. Кантынгент студэнтаў бывае розны, але гэта, здаецца, даволі папулярная для Польшчы. Асабліва для ўнівераў, якія не ўваходзяць у топы.
Розніца ў праграмах — вялікая. У Ягелонцы было 4 семестры матаналізу, 2 — лінейнай алгебры, 2 — тапалогіі, 2 — дыферэнцыяльных раўнанняў, вылічальная алгебра. Праграмаванню вучылі праз задачы з аўтаматычнай праверкай — як на кантэстах. Так ішлі і базавае праграмаванне, і алгарытмы.
У цяперашнім універсітэце на ўсю матэматыку адводзіцца 3 семестры. Сапраўднай computer science — максімум адзін семестр (калі не лічыць аперацыйныя сістэмы і сеткі). Затое шмат праектаў: гульні на C#, сайты, API.
З аднаго боку, мне не хапае алгарытмаў і структур дадзеных. З другога — падабаецца, што амаль усе прадметы заканчваюцца праектамі. Гэта прымушае думаць і быць крэатыўным, а на працы гэта часта важней за «сырыя» веды.
З мінусаў — шмат прадметаў па эканоміцы і бізнэсе, бо гэта ўсё ж эканамічны ўніверсітэт.
Стажыроўкі ёсць, але шукаць трэба самому
У сакавіку ў нас быў кірмаш вакансій. Частыя госці — ABB, UBS, Hitachi, Accenture. Яны рэгулярна з’яўляюцца і на іншых імпрэзах. Універсітэт таксама ладзіць сустрэчы з кампаніямі. Але са стажыроўкамі ўсё роўна складана: практыка абавязковая, але шукаць яе трэба самастойна.
У цэлым для маладых людзей у маёй сітуацыі ўсё выглядае даволі пахмурна. Асабліва псіхалагічна: я з Ліцэя БДУ, вакол шмат паспяховых знаёмых. На іх фоне часта адчуваю сябе лузерам.
За два гады я адправіў больш за 100 рэзюмэ і атрымаў толькі адно інтэрв’ю. У гэты ж час адзін аднакласнік запусціў стартап, іншыя ўжо некалькі гадоў працуюць, яшчэ адзін будуе ракеты ў ЗША. А я сяджу ў Кракаве і ў чарговы раз запаўняю форму на сайце кампаніі, зробленым на Workday.
Я вельмі люблю мовы і лінгвістыку. Таму ідэальны варыянт — праца ў Grammarly. Сярод польскіх кампаній нешта цікавае ёсць, асабліва банкі. Я нядаўна адгукаўся на вакансію ў Alior Bank, але без поспеху.
Магчыма, таму з кожным месяцам мне ўсё менш хочацца заставацца ў Польшчы.
«Польшча — не дрэнна, але мне тут не камфортна»
Я рады, што я тут, а не ў Беларусі. Хоць сваю краіну вельмі люблю і сумую па ёй кожны дзень.
У Польшчы ёсць плюсы: можна свабодна размаўляць па-беларуску, карыстацца нацыянальнай сімволікай і не баяцца за сваю свабоду. Рынак працы складаны, але ён не ізаляваны ад свету. Але ў мяне ёсць адчуванне, што ў Беларусі або Расеі было бы прасцей знайсці працу. Напрыклад, знаёмых з ВШЭ Яндэкс панабіраў на стажыроўкі.
І жыць тут мне складана. Беларусы і ўкраінцы рэдка будуюць блізкія сувязі з мясцовымі. Дзяўчаты яшчэ нешта могуць, хлопцы — увогуле амаль не. Ёсць адчуванне «софт-блоку». То-бок, размаўляць з табой гатовыя, але нешта большае — гэта доўга і не факт, што атрымаецца.
Я габрэй, і тут даволі моцны бытавы антысемітызм. Часам гэта прамыя выказванні, без фільтраў — нават у, здавалася б, адукаваных колах.
Таму я спадзяюся пераехаць у Швецыю. Мяне прынялі на магістратуру ў Упсалу. Зараз чакаю адказ па стыпендыі. Калі дадуць — паеду.
Я ўжо быў у Скандынавіі, ездзіў на абмен па праграме Erasmus у Нарвегію. І там было значна прасцей будаваць адносіны з людзьмі. Магчыма, у Швецыі будзе падобна. Там таксама ёсць вялікая габрэйская супольнасць і, здаецца, менш бар’ераў для замежнікаў.
Меркаванне аўтара можа не адлюстроўваць пазіцыю рэдакцыі.
Што яшчэ пачытаць пра студэнтаў за мяжой:
- Уцёкі мазгоў або глабальны трэнд? Чаму маладыя беларусы ўсё часцей вучацца за мяжой і як іх вярнуць дадому;
- Беларуска распавядае, як паступіць на анлайн-праграму ў Стэнфардзе (можна вучыцца з любой лакацыі);
- «Хацеў пазнаёміцца з разумнымі хлопцамі». Беларускі студэнт у Вільні зрабіў кейс-чэмпіянат на 80 чалавек.
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.