Блог

Цяжка на працы? Медытуй. Айцішнік практыкуе Віпасану ўжо 20 год і распавядае, як пачаць

Як гэта часта бывае, я выпадкова даведаўся пра Віпасану. У далёкім 2005 годзе мой сябра распавёў, што з’ездзіў на гэтую таямнічую практыку.

Дзесяць дзён маўчання і поўнай ізаляцыі ад знешняга свету выглядалі дзіўна, але, адначасова, вельмі прывабна. Хоць я тады не шукаў духоўнага шляху і не цікавіўся самапазнаннем, вырашыў паспрабаваць. І вось ужо 20 гадоў Віпасана — важная частка майго жыцця.


Хто піша: Андрэй Семяненка, распрацоўшчык на C# і .NET. Зараз кіруе праектамі і невялікай камандай, delivery і deploy-менеджэр. Жыве ў Польшчы.


Ужо пасля першага курсу зразумеў — трэба мяняць жыццё

Мы з маёй будучай жонкай ехалі на курс аўтаспынам (ён праходзіў у Падмаскоўі) — бедныя студэнты, зусім не было грошай. І перажытае за гэтыя дзесяць дзён мела магутны ўплыў на мяне. Я нібыта адкрыў новае вымярэнне і цалкам абнавіўся: розум стаў вельмі чыстым, эмоцыі — ураўнаважанымі, і свет успрымаўся з асаблівай яснасцю.

Тады я зразумеў: трэба мяняць сваё жыццё. Мы вырашылі ажаніцца, я знайшоў стабільную працу праграмістам. Пазней мы завялі дзяцей. Дзякуючы Віпасане я ўсвядоміў, што трэба браць адказнасць за сваё жыццё. Да медытацый я быў вельмі напружаным чалавекам. А цяпер, пасля практыкі, мне лягчэй камунікаваць з людзьмі і знаходзіць баланс у жыцці.

Што такое Віпасана

Гэта тэхніка медытацыі, якая ў перакладзе са старажытнай мовы палі азначае «бачыць рэчаіснасць такой, якая яна ёсць». Тэхніка была наноў адкрытая Буддам, а папулярызаваў яе Шры Гоенка. Ён жа адкрыў цэнтры Віпасаны па ўсім свеце.  

Галоўная мэта практыкі — пазбавіць чалавека ад пакутаў. Так, вельмі амбітна, трэба шмат часу. Таму я ўжо 20 гадоў займаюся Віпасанай і не ўпэўнены, што дасягну канчатковай мэты. Прынамсі, у гэтым жыцці.

За гэты час я сутыкаўся з самымі рознымі стэрэатыпамі. Вось толькі некаторыя з іх:

  • «Віпасана — гэта рэлігія або культ».
  • «Яна падыходзіць толькі манахам або вельмі духоўным людзям».
  • «На курсах людзей гіпнатызуюць або маніпулююць імі».
  • «Дзесяцідзённы курс — гэта занадта цяжка, і яго немагчыма прайсці».
  • «Пасля Віпасаны людзі змяняюцца і становяцца ненармальнымі».
  • «Калі медытаваць 10 дзён, можна дасягнуць прасвятлення».

Канешне, аніводны з іх не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю.

Чым займаюцца на Віпасане

Распарадак дня на курсе выглядае дзіўна для чалавека звонку. 

04:00 — Пад’ём

04:30 — 06:30 — Першая медытацыя (у пакоі або ў зале)

06:30 — 07:00 — Сняданак (вегетарыянская/веганская ежа)

07:00 — 08:00 — Час на асабістыя справы

08:00 — 09:00 — Абавязковая групавая медытацыя

09:00 — 11:00 — Медытацыя (з інструкцыямі настаўніка)

11:00 — 12:00 — Абед

12:00 — 13:00 — Перапынак, інтэрв’ю з настаўнікам (па жаданні)

13:00 — 14:20 — Медытацыя

14:30 — 15:30 — Абавязковая групавая медытацыя

15:30 — 17:00 — Медытацыя (з інструкцыямі настаўніка)

17:00 — 18:00 — Перапынак на гарбату або адвар (новыя студэнты могуць паесці)

18:00 — 19:00 — Абавязковая групавая медытацыя

19:00 — 20:30 — Лекцыя (на мове краіны — у залі, ці выбранай мове — у плэеры)

20:30 — 21:00 — Кароткая медытацыя (20-30 хвілін)

21:00 — Магчымасць задаць пытанні настаўніку, ці адразу ісці спаць

21:30 — Сон

Практыка бывае 3-дзённая, 10-дзённая, 20-дзённая і 30-дзённая, 45-дзённая, 60-дзённая. Падчас курсаў нельга карыстацца тэлефонам, размаўляць з іншымі ўдзельнікамі, чытаць кнігі і нават пісаць. Ты можаш толькі спаць і медытаваць. Нават думаць не пажадана, бо сэнс практыкі — максімальна ачысціць розум ад думак. Прынамсі на гэты час. 

Я стараюся ездзіць на 10-дзённы курс хаця б раз на год. Таксама двойчы прайшоў 30-дзённы курс (у Англіі і ў Польшчы). Адпрасіцца з працы было няпроста, але дапамагло, што я даўно працую з кліентам і маю добрую рэпутацыю.

Знайсці бліжэйшы да вас цэнтр медытацыі можна на афіцыйным сайце. Курсы заўсёды  бясплатныя, але ўдзельнікі могуць пакінуць ахвяраванне. Умовы могуць адрознівацца. У Беларусі, Украіне і Расеі мы арандавалі летні лагер, і ўмовы былі даволі абмежаваныя. У Польшчы ёсць сучасны Цэнтр медытацыі з добрым рамонтам і асобнымі пакоямі, якія нагадваюць трохзоркавы гатэль.

Тэхніка, лекцыі, інструкцыі, распарадак дня — аднолькавыя паўсюль.

Лясок каля Цэнтру медытацыі ў Польшчы

Бывае і Віпасана для дзяцей. Гэта аднадзённы курс — дзеці прыязджаюць у цэнтр раніцай і ўвечары вяртаюцца дадому. Яны вывучаюць практыку асэнсаванага дыхання — «анапану». Падчас гэтага курсу можна размаўляць. 

Маім дзецям гэта нецікава — яны паехалі на курс па маёй ініцыятыве. Я разумею: гульні або YouTube сапраўды весялей. Аднак ёсць дзеці, якім падабаецца медытаваць. 

Як правільна медытаваць

На курсе мы пачынаем з назірання за дыханнем: сочым, як паветра ўваходзіць і выходзіць з носу, не змяняючы рытму. Потым пераключаем увагу на адчуванні ў целе, паслядоўна назіраючы за імі. Трэба захоўваць раўнавагу незалежна ад таго, прыемныя ці непрыемныя адчуванні. Калі з’яўляюцца думкі, не змагаемся з імі, а вяртаем увагу да адчуванняў або дыхання.

Падчас курсу медытаваць прасцей дзякуючы спрыяльнаму асяроддзю. Дома — цяжэй. Таму важна ствараць умовы: знайсці ціхае месца, не выкарыстоўваць музыку ці маску для вачэй. Калі цішыня немагчымая, можна ўжыць берушы, але лепш абысціся без іх.

Складана медытаваць па гадзіне? Пачніце з 15 хвілін двойчы на дзень. Гэта зусім няшмат, бо мы лёгка марнуем 15 хвілін на гарбату або мемы. Хутка зразумееце: справа не ў недахопе часу. Калі атрымаецца ўмацаваць рэгулярнасць, можна павялічваць час.

Не чакайце чагосьці асаблівага. Віпасана — гэта не пра вынікі, а пра уважлівае назіранне і захаванне раўнавагі.

Калі здаецца, што няма выніку, проста працягвайце — змены адбываюцца паступова. Гэта не гонка, а магчымасць глыбей пазнаць сябе і развіць сваю свядомасць.

А так выглядае ангельскі Цэнтр медытацыі

Калі ў мяне цяжкасці на працы — еду на Віпасану

Пасля курса ў мяне значна ўзрастаюць канцэнтрацыя і прадуктыўнасць. Каб утрымаць эфект, трэба медытаваць штодня. Але, вядома, гэта не заменіць дзесяць дзён цалкам без знешніх раздражняльнікаў.

Пасля медытацый многія працоўныя праблемы вырашаюцца самі па сабе. Я чуў падобнае і ад людзей творчых прафесій: найлепшыя ідэі з’яўляюцца тады, калі думкі супакойваюцца, а ўвага пераключаецца ўнутр.

І гэта адзін з галоўных эфектаў Віпасаны. Я інакш успрымаю свет, з’яўляецца ўнутраная свабода і новы погляд на рэчы, якія раней здаваліся нерухомымі і цяжкімі.

Меркаванне аўтара можа не адлюстроўваць пазіцыю рэдакцыі. 

Што яшчэ даведацца пра хоббі айцішнікаў: 

Обсуждение
Комментируйте без ограничений

Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.

3

Вялікі дзякуй за артыкуў. Віпасана сапраўды класная тэхніка . Усім раю паспрабаваць😊

2

Дзякуй за каментар :)

1

Випассана это лучшее что есть для душевного умиротворения и равновесия!

0

❤️

2

Зменім камандай аджайл на віпасану

Чэшым рэпы, як кастамеру гэта прадаць :)

Адвары добрыя ?

0

О, добрыя, лепш не прыдумаеш.
Параіць кастамеру адведаць курс 🙂