Блог

«Выбрала QA — бо яно самае таннае». Як я з дыпломам юрыста-міжнародніка ўвайшла ў IT у Варшаве

Мяне завуць Сафія, жыву ў Варшаве з 2018 года. Першы час працавала ў велічэзнай карпарацыі на вельмі простай (і тупой) офіснай працы, за якую, аднак, няблага плацілі.

Hard skills там я не атрымала, павышэнне таксама не далі, а дыплом юрыста-міжнародніка — самі разумееце, нікому не патрэбны. Раскажу, як стала мануальным тэстэрам і здолела «увайсці ў IT» у Польшчы.

Нашая гераіня пажадала захаваць ананімнасць, таму на вокладцы — стокавы здымак. Фота ўзята з unsplash.com.  

Тэставанне — бо самае простае (і таннае)

Я даўно задумвалася над сфераю IT, але заўсёды здавалася, што я занадта далёкая ад гэтых камп’ютараў — гуманітарый і ўсё такое. Але досвед маіх сяброў, якія перайшлі ў IT пасля курсаў, падштурхнуў мяне да думкі: можа ўсё не так страшна?

Выбраць курс было складана, таму што ў мяне не было дакладнага разумення, што я хачу рабіць. На сумоўях я казала, што выбрала тэставанне праз маю жарсць да якасці. Але на самой справе выбрала QA, бо гэтаму можна было хутка навучыцца.


Варта зазначыць: на той момант праца ў карпарацыі пачала мяне маральна забіваць. Я адчувала, што стаю на месцы і зусім не рэалізуюся. Было зразумела, што мушу як мага хутчэй штосьці змяніць. І ўвесь шлях змены сферы я праходзіла з жудаснай дэпрэсіяй і трывожнасцю.


Было страшна. Я разумела, што як junior буду меней зарабляць, баялася, што ўвогуле не знайду працу, не навучуся прафесіі. У дадатак апісаныя падзеі адбываліся падчас зімовага каранціну 2020 года.

«Трошкі шкадую пра курсы»

Я вырашыла пайсці на польскія курсы, каб падцягнуць узровень мовы. IT-курсы ў Польшчы вельмі дарагія, тэставанне — самае таннае, і нават яно каштавала $1200 (было ве-е-ельмі балюча).

Курсы цягнуліся 3 месяцы, 3-4 разы на тыдзень па 3,5 гадзіны. Праходзілі ўвечары онлайн. На курсах вучылі асновам тэставання, тэорыі, таксама было трошкі практыкі. Агульная якасць — так сабе, нейкія трэнеры былі лепей, нейкія — горш.

Галоўнае, што мне далі курсы:

  • Сертыфікат пра заканчэнне, які можна было ўпісаць у CV.
  • Міжнародны іспыт ISTQB.
  • Няблага навучылі асновам SQL.

Я крыху шкадую, што туды пайшла, бо ў рэтраспектыве мне здаецца, што ўсё можна было вывучыць самастойна. Але на той момант я баялася шукаць працу на адным энтузіязме, без аніякага сертыфікату ў CV.

Іспыт ISTQB

Наступным крокам пасля курсаў быў міжнародны экзамен ISTQB — міжнародная сертыфікацыі тэстэраў. Ён паказвае рэкруцёрам, што ты ведаеш асновы QA, і вельмі дапамагае падчас пошукаў працы.

Я рыхтавалася да іспыту 3 тыдні. Не сказала б, што інфармацыя, якую трэба для яго вывучыць, вельмі складаная, але самі пытанні могуць быць вельмі заблытаныя.

Увогуле гэта быў найгоршы досвед здавання іспыту ў маім жыцці. Ён праходзіў онлайн. Ты сядзіш, за табой сочаць праз камеру ў ноўтбуку і яшчэ трэба збоку паставіць свой тэлефон. Нельга нават круціцца!

Здала іспыт на 85, прахадны бал — 65.

60 разасланых рэзюмэ і 3 офера

Я зрабіла ў Excel табліцу, куды выпісвала, на якія пазіцыі падаюся. Трошкі змяняла CV у залежнасці ад вакансіі. У Польшчы прынята так: калі апісанне вакансіі напісана па-ангельску, то высылаеш CV па-ангельску, а калі па-польску, то і рэзюмэ мусіць быць па-польску.

Ангельская мова звычайна была патрэбная на ўзроўні B1/B2. Гэта было для мяне расчараваннем: я лічыла вельмі добрае валоданне ангельскай сваім галоўным козырам.

За паўтары месяцы я выслала трошкі больш за 60 рэзюмэ. Першыя два тыдні мне аніхто не званіў, толькі пасля пачалі званіць. Але з кампаніі, дзе я ў выніку і працую, мне перазванілі літаральна на наступны дзень.

Агулам мне ператэлефанавалі 5 разоў, было 4 сумоўя і я атрымала 3 офера. На кожным сумоўі быў розны фармат, але агулам яна ўпісвалася ў стандарт: HR-размова пра твае мэты і чаму ты класны, а таксама тэхнічная размова, дзе правяраюць твае навыкі.


Зараз будзе галоўны «кек»: з тых трох офераў я ў выніку выбрала той, дзе мне прапанавалі найменш грошаў. Але гэта было стратэгічнае рашэнне: я вырашыла, што ў маленькай кампаніі будзе больш магчымасцяў для абмеркавання заробку.


Найбольшы офер быў на $1300, а найменшы — на $800. Але ў вакансіі на $1300 было зроблена недзе 15 памылак у ангельскай мове. Плюс я вырашыла, што раз яны хочуць прапанаваць так шмат джуну, нешта там не так.

«Шкадую, што не пачала піць антыдэпрэсанты раней»

Маё рашэнне пайсці ў меншую фірму пакуль што цалкам сябе апраўдвае. Пасля двух месяцаў мяне кінулі на асобны праект, і гэта быў топавы досвед. А праз паўгода паднялі заробак на 30%.

Зараз у планах — дайсці да мідла, і нарэшце пачаць нармальна зарабляць, бо мне не хапае на мае любімыя крэмы. Што буду рабіць далей, пакуль не ведаю. Думаю над пазіцыяй Product Owner.

Увесь шлях ад пачатку курсаў да падпісання кантракту заняў 6 месяцаў. Адзінае пра што я шкадую: што я пачала піць антыдэпрэсанты толькі пад канец усяго гэтага працэсу.

Мараль гісторыі: не бойцеся кідаць працу, якая не прыносіць вам задавальнення, і спрабуйце новае. Ды беражыце сваё ментальнае здароўе!

Меркаванне аўтараў блогаў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі

Вы таксама можаце пачаць весці свой блог на dev.by — вось інструкцыя. Або дасылайце тэмы, ідэі і пытанні на [email protected]

Што яшчэ пачытаць? 

Обсуждение
Комментируйте без ограничений

Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.

-12

Где кнопка перевода на нормальный язык?

6

у вас хватает ума попадать по кнопкам? Думал, что балаклава слишком мозг сжимает.

Anonymous
Anonymous
0

А можно яшчэ болей вось гэтага, бо на балотах не разумеюць

Alex Hramovich
Alex Hramovich Position в OryxLabs
4

А может ну его нафиг, если уже на курсах начались антидепрессанты? Это однозначный повод задуматься, что психика и организм не справляются. Дальше что будет то?

0

Какие именно курсы проходил автор?