Я працую ў ІТ больш за 10 гадоў, і за гэты час мой заробак павялічыўся ў 10 разоў. З задавальненнем падзялюся тым, колькі зарабляў на працягу сваёй кар’еры. Упэўнены, што празрыстасць у пытаннях заробкаў ідзе на карысць працаўніку.
Усе сумы ўказаныя «на рукі» ў месяц.
Хто піша: Іван, каля 10 гадоў вопыту. Пачынаў як C#-распрацоўшчык і фулл-стак, а прыкладна шэсць гадоў таму пераключыўся на бэкенд- і дата-інжынірынг. Цяпер мне прыемна лічыць сябе джэнералістам — магу пісаць на тым, што трэба для праекта.
Увага! Раскажыце супольнасці dev.by, як змяняўся ваш заробак на працягу кар’еры ў ІТ. Пішыце ў Telegram — гэта бяспечна. Асабліва будзем рады жанчынам і спецыялістам, якія не займаюцца распрацоўкай.
Беларускі аўтсорс: ад $700 да $2100, прапрацаваў 3+ гады
Мая першая ІТ-праца была ў беларускім аўтсорсе сярэдняга памеру. Пачынаў з ўнутраных праектаў, потым працаваў для знешніх замоўцаў.
Звычайна праект цягнуўся 6–12 месяцаў, было вельмі шмат розных задач. У гэтай кампаніі я атрымаў выдатны досвед працы з рознымі тэхналогіямі. Добра наладжаны performance review, заробак аўтаматычна пераглядаўся кожныя шэсць месяцаў.
Джуны мусілі надзейна перформіць і хутка вучыцца. Я з гэтым спраўляўся добра, таму стабільна атрымліваў павышэнне на $300–400 кожныя паўгода. Атмасфера была выдатная, але я вырашыў, што варта атрымаць вопыт працы ў прадукце.
Сыходзіў адтуль, павялічыўшы заробак утрая ад пачатковага — на рукі выходзіла $2100 у месяц. Агулам прапрацаваў тры гады.
Геймдэв-студыя: $2900, прапрацаваў крыху больш за 2 гады
З аўтсорсу я перайшоў у геймдэв-студыю. Напачатку рабіў фронтэнд для гульняў, потым перайшоў бэкэнд — і так там і застаўся. Ментарыў джуноў, актыўна абмяркоўваў архітэктуру праекта. І гэта быў класны досвед.
Афіцыйна заробкі пераглядалі раз на год. Звычайна павышалі на тыя ж $300–400. Так што ў гэтай кампаніі рост заробку моцна запаволіўся.
Менавіта там я паспрабаваў падняць ЗП праз контрофер. Проста прыйшоў да мэнэджара і сказаў: «Мяне клічуць у іншае месца, але мне тут вельмі падабаецца. Ці можам нешта з гэтым зрабіць?». Дамовіліся на павышэнне праз пару месяцаў.
Еўрапейскі стартап-адзінарог: €3500, прапрацаваў 2 гады
У 2020 годзе мне было важна атрымаць рэлакейт у Еўропу, таму я не асабліва гандляваўся па заробку. Мне здавалася, што тут дзейнічаюць тыя ж правілы, што і ў Беларусі. Але ў Еўропе вельмі шануецца ініцыятыўнасць і ўменне паляпшаць працу сэрвіса. Напрыклад, калі распрацоўшчык прыдумаў, як сэрвіс будзе збіраць логі, — ён малайчына. А калі прыдумаў, як гэта маштабаваць на ўсю кампанію і распісаў архітэктуру праекта, то яшчэ больш малайчына.
Заробак у адзінарозе пераглядалі раз на год, але часта павышэнне было нават меншым за інфляцыю — усяго 3–7%. Больш надзейны спосаб падняць даход — прамоушн да ўзроўню «сеньёра» або «стафа». Для павышэння трэба паўгода перформіць на ўзровень вышэй.
У гэтай кампаніі мы атрымлівалі толькі безевы заробак і апцыёны. Але кампанія не публічная, таму цяжка сказаць, колькі яны каштуюць і калі іх можна будзе ператварыць у рэальныя грошы.
Праца была вельмі цікавая, я атрымаў разнастайны досвед. Мы рабілі сапраўды запатрабаваны прадукт, якім карысталася шмат людзей. Адчувалася, што мы робім важную справу. Але надышоў момант, калі я вырашыў папрацаваць у bigtech.
Еўрапейскі офіс bigtech-кампаніі: заробак каля €7000, працую 2+ гады
Гэта ўжо мая другая праца ў Еўразвязе. Таму на сумоўі я паспрабаваў выціснуць максімум — вёў перамовы за кожную пазіцыю. Атрымалася павялічыць усё, прычым некаторыя рэчы істотна. Напрыклад, sign-in бонус падняў у тры разы.
Кампенсацыя складаецца з базавага заробку, sign-in бонуса, стокаў (даюць на пачатку, вестынг — 4 гады). Таксама ёсць штогадовыя бонусы (налічваюцца раз на год, складаюць 0–40% ад базавага месячнага заробку ў сеньёра).
У працы зноў жа істотныя імпакт на сэрвіс, магчымасць самастойна весці праекты, ініцыятыўнасць і заўважнасць.
Непрыемна, што твой перформанс ацэньваюць выключна па бізнэсавых паказчыках, не ўлічваючы тэхнічныя. Напрыклад, калі распрацоўшчык за паўгода зарэлізіў сэрвіс, які вырашае бізнэсавую праблему, — ён малайчына і атрымлівае максімальны бонус у гэтым годзе.
А тое, што тэхнічна ён зроблены так, што ўвесь час трэба пяць чалавек на сапорт, каб ён не ўзарваўся, нікога не цікавіць. Ды і тыя пяць чалавек не маюць для кампаніі «бізнэс-імпакт», таму іх бонусы будуць мінімальныя.
Заробак пераглядаюць раз на год, але падвышаюць літаральна на 3–4%. Павышэнне не залежыць ад перформансу. Кар’ерны рост павялічвае базавы заробак нязначна, але вырастае штогадовы бонус.
Што далей?
Гэта філасофскае пытанне, над якім я шмат думаю. Калі б знайшоўся праект, які мяне натхніў бы, я б сышоў літаральна сёння.
Я хацеў трапіць у bigtech дзеля ўнікальнага вопыту і радка ў CV. Мэта ўжо выкананая.
Так, няшмат кампаній прапануюць аналагічны заробак. Але грошы не галоўнае. Я гатовы дзеля цікавага і натхняльнага праекта пагадзіцца на заробак на 10–15% менш.
Парады: як беларусам прадаваць сябе на міжнародным ІТ-рынку
Зараз на ІТ-рынку вельмі важна ўмець сябе правільна падаць. У беларускай культуры гэта не надта прынята — мы звыклі быць сціплымі. Напрыклад, мой бацька, калі дорыць падарункі, заўсёды выбачаецца. Думаю, нават калі б ён дарыў кватэру, то выбачыўся б, што не чатырохпакаёвую.
Але ёсць культуры, дзе, наадварот, прынята сябе хваліць. І такія людзі часта маюць перавагу. Вельмі важна сканцэнтравацца на сваіх моцных баках і пазітыўных дасягненнях. Не трэба казаць: «У мяне ўсяго толькі два гады вопыту з Python, хаця ў вакансіі патрабуюць тры». Лепш падкрэсліць, якія цікавыя, складаныя і разнастайныя задачы ты вырашаў з дапамогай Python.
Шмат якія кампаніі адразу закладваюць у офер магчымасць гандлю. Пытайце:“А можна больш?», і хутчэй за ўсё вам дадуць 5–10% без дадатковых аргументаў. Наўрадці адклічуць офер толькі праз гэтае пытанне.
Ці трэба часта мяняць працу, каб павышаць заробак? Гэта эфектыўны інструмент для хуткага росту заробку, асабліва на пачатку кар’еры. Але празмерна частыя змены працы могуць сапсаваць CV у вачах некаторых працадаўцаў.
Напрыклад, у Databricks мяне нават не паклікалі на сумоўе, бо яны чакалі больш працяглы досвед працы на адным месцы для спецыяліста майго ўзроўню.
А як мяняўся ваш заробак? Пішыце ў каментарах!
Меркаванне аўтара можа не супадаць с пазіцыяй рэдакцыі.
Што яшчэ пачытаць пра заробкі ў камьюніці?
- Рэкрутар распавядае, як дамаўляцца аб заробку яшчэ на сумоўі;
- Могуць плаціць 100 еўра/гадзіну. Беларус расказвае, колькі зарабляюць айцішнікі ў Нідэрландах;
- Ад 300$ да 4,4К еўра. Распавядаю свой шлях з гісторыка ў Solution Architect з усімі заробкамі.
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.
Вообще это конечное интересно сравнивать зп из разных стран =) Я ездил работать в штаты так у меня получается зарплата выросла х50 =) Только по факту плюч минус то же самое осталось ибо расходы тоже х50 =). Такой себе подход.