Блог

«З Польшчы ў Літву? Ты звар’яцела?» Гісторыя беларускі, якая пераязджала 6 разоў (але вярнулася ў Варшаву)

Мая філасофія — не затрымлівацца ў адным месцы больш як на год. Так за пяць гадоў міграцыі я пажыла ўжо ў чатырох гарадах і двух краінах. Калі казала, што пераехала ў Вільню з Кракава, людзі глядзелі на мяне як на вар’ятку. Мне падабалася ў Вільні, але я ўсё роўна вырашыла вярнуцца ў Польшчу.


Хто піша: Аляксандра Дойніч, выпускніца Ягелонскага ўніверсітэту ў Кракаве, прадпрымальніца, уладальніца моўнай школы.


Аляксандра Дойніч

Пераехала ў Польшчу ў 2020 годзе

Пасля школы я планавала навучанне ва ўніверсітэце ў Польшчы. І гэты план супаў па часе з тым, што праз маю актыўную пазіцыю стала небяспечна заставацца ў краіне. У верасні 2020-га я з’ехала ў Польшчу, у Кракаў, і паступіла ў Ягелонскі ўніверсітэт на кагнітывістыку.

Кагнітывістыка, калі коратка, вывучае сувязі паміж чалавечым мозгам і штучным інтэлектам. Гэта дысцыпліна на скрыжаванні псіхалогіі, філасофіі, антрапалогіі, біялогіі, матэматыкі, праграмавання, штучнага інтэлекту (AI) і лінгвістыкі. У Беларусі пра такую праграму я не чула; у Еўропе ёсць адпаведнікі Cognitive Science або Cognitive Psychology, але іх не так шмат.

Калі паступала, вагалася паміж філасофіяй і псіхалогіяй. Кагнітывістыка стала ідэальным спалучэннем — і я ні разу не пашкадавала. Для «чалавека-цікаўнасці» гэта супер: задавальняеш натуральную цікаўнасць і атрымліваеш базу, каб пасля спецыялізавацца. Пасля бакалаўрыяту выходзіш хутчэй як фундаментальны даследчык: маеш асновы праграмавання, логікі, філасофіі, псіхалогіі і нейрабіялогіі — добры грунт для даследаванняў.

Падчас вучобы мы разбіралі, як мозг успрымае інфармацыю, як працуюць памяць і ўвага. Калі я штодня ў гэтым «варылася», пераасэнсавала і сам працэс навучання. Я ўжо тады выкладала польскую як рэпетытарка і зразумела, што класічныя фарматы не паспяваюць за светам сацсетак і скарачэннем увагі. Таму перабудавала заняткі: зрабіла іх больш інтэрактыўнымі, сінхроннымі з тым, як сапраўды працуе мозг. Паток інфармацыі цяпер у штодзённасці значна большы, чым 10–15 гадоў таму, — і наш мозг ужо часткова падладзіўся.

Жыццё ў чатырох гарадах за пяць гадоў

За гэты час я паспела пажыць у Кракаве, Варшаве, Гданьску і Вільні. Так атрымлівалася, што ніколі не жыла больш як год запар у адным месцы. Спачатку гэта былі знешнія абставіны, а потым я прывыкла да такога рытму. Ён дае свабоду: я не абрастаю лішнімі рэчамі, не прывязваюся да арэнды кватэры. А з сябрамі вельмі лёгка падтрымліваць сувязь анлайн.

У міграцыі многія — і я таксама — шукаюць пачуццё дому, «свой» горад, які на сто працэнтаў адпавядае патрэбам. Гэта сэнсоўна, але я зразумела іншае: важней не чакаць, што горад нешта дасць, а ўмець адаптаваць прастору пад сябе.

Напрыклад, мне трэба мець недалёка ад дома месца для працы па-за домам — у сябе складана сканцэнтравацца. Таму выбіраю раёны, дзе побач кавярні і каворкінгі, каб за 10 хвілін дайсці і сесці працаваць. Для творчасці люблю пасядзець у прыгожым месцы, выпіць шмат кавы і ў гэтым крыху змененым стане думаць і ствараць. Таму я звычайна спыняюся ў цэнтры гарадоў.

Варшава — пра бізнес, Вільня — пра сяброў

Калі хочаш развіваць свой бізнес, то Варшава — лепшы горад для гэтага. Тут вельмі шмат мерапрыемстваў і нетворкінгу. Я штовечар хаджу на розныя падзеі — нават без спецыяльнага пошуку. Можна падабраць на любы густ і бюджэт.

Але калі гаварыць пра рытм жыцця, то я «злавіла» свой дзэн у Вільні. У Варшаве, калі вы дамаўляецеся сустрэцца, то, магчыма, убачыцеся праз месяц-два — і то выпадкова. А ў Вільні, нават з менш знаёмымі людзьмі, звычайна атрымлівалася сустрэцца на працягу тыдня: у ўсіх знаходзіўся час, бо нікому не трэба было ехаць больш за паўгадзіны. У гэтым сэнсе Вільня для мяне была цяплейшай. Я вельмі хутка абрасла там новымі знаёмствамі і сябрамі. Праўда, з адаптацыяй было складаней: я не ведала і дагэтуль не ведаю літоўскай, таму пераважна стасавалася з беларусамі.

А вось у Гданьску не магу жыць. Улетку там адчуванне курорта: усё разняволенае, накіраванае на турыстаў. А ўвосень усё «памірае». Нагадвае свята, пасля якога ўсе разышліся, а застаецца толькі прыбірацца і адпачываць з успамінамі. Да таго ж бізнес-мерапрыемствы звычайна адбываюцца ў Гдыні — і яны больш пра прамысловасць, «рэальны» сектар эканомікі.

Швейцарыя? Не

Доўгі час я вельмі хацела пажыць у Швейцарыі. Але калі настаў момант, калі я вырашыла ўсе пытанні з легалізацыяй і фактычна магла пераехаць у любую краіну ЕС, зразумела, што не гатовая «выйсці» з беларускага кантэксту.

Я займаюся грамадскай дзейнасцю, і мне важна заставацца ў беларускім кантэксце. Важна трымаць яго ў фокусе, хаця б раз на тыдзень бачыцца з людзьмі і падтрымліваць сувязі. Таму Швейцарыя і Аўстрыя адпадалі. Іх не параўнаць з Варшавай або Вільняй, дзе беларусаў у разы больш.

Вільня — адзін з асноўных цэнтраў для міграцыі беларусаў. Шчыра кажучы, хацелася таксама атрымаць «інсайды» пра Літву, пачуць з першых вуснаў пра нюансы з дакументамі і побытам, пра якія часта ходзяць жарцікі. Пакуль сама не пажыла ў Літве, я не да канца ўяўляла, як усё выглядае на практыцы.

Калі я казала блізкім, што пераехала з Кракава ў Вільню, то 19 чалавек з 20 пыталіся: «Ты звар’яцела?» У нейкі момант мне нават стала няёмка ўвогуле гаварыць, што я пераехала з Польшчы. А зваротны пераезд у Польшчу людзей звычайна не здзіўляе.

За год я выпрацавала некалькі варыянтаў адказу. Самы блізкі да праўды: я хацела выйсці з зоны камфорту. Захацелася паспрабаваць пажыць у іншай краіне — калі не цяпер, то калі? На той момант у мяне не было партнёра, не было людзей, якія б «утрымлівалі» мяне ў нейкім горадзе. Пакуль была сама па сабе, вырашыла рызыкнуць. Тым, хто вельмі абураўся маім рашэннем, я часам казала жартам: «Не было чым заняцца — вось і паехала».

Я часта чула, што «ў Вільні даражэй». Але, мне падаецца, так кажуць найперш таму, што выдаткі ў еўра. Па факце жытло ў Літве, на мой погляд, таннейшае (прынамсі ў Вільні), чым у Варшаве. За тыя грошы, што я плаціла за студыю ў Вільні, у Варшаве знайсці асобную кватэру было нерэальна. Астатнія выдаткі больш-менш супастаўныя. Пры гэтым я б сказала, што якасць ежы ў Літве лепшая.

Але давялося вярнуцца.

Вяртанне

У Вільні я пражыла роўна год, як і планавала, — ад жніўня 2024-га да жніўня 2025-га. Выршыла вярнуцца ў краіну, дзе мне ўсё знаёма: я валодаю польскай на ўзроўні C2, вельмі добра ведаю сістэму гэтай краіны. І ў дадатак разам з бізнес-партнёркай мы распачалі афлайн-бізнес, які патрабуе маёй прысутнасці ў Варшаве.

Таму я вярнулася, хаця фінансава, вядома, было выгадней жыць у Вільні. А яшчэ я паступіла ў Варшаўскі ўніверсітэт.

Я не вельмі хачу заставацца ў Варшаве больш як на год, але выглядае, што прыйдзецца тут затрымацца: нашаму афлайн-бізнесу можа спатрэбіцца больш часу, каб раскруціцца. Таму трэба шмат працаваць і ўкладацца ў справу.

Калі вы хочаце пераехаць у іншую краіну або горад, я б параіла ўзважыць усе «за» і «супраць». Ясна сфармулюйце мэту пераезду, каб не было расчаравання. Напрыклад, мэта «паехаць у Літву, каб зэканоміць» — наўрад ці добрая ідэя. Лепш вызначце чаканні і праверце іх на практыцы: калі ёсць магчымасць, пажывіце ў гэтым месцы два тыдні. Так будзе лягчэй зразумець, наколькі краіна адпавядае вашым уяўленням і патрэбам, бо тое, што мы чуем у аповедах, часта адрозніваецца ад рэальнага жыцця на месцы.

Меркаванне аўтаркі можа не адлюстроўваць пазіцыю рэдакцыі. 

Што яшчэ пачытаць пра перазды ў кам’юніці: 

Обсуждение
Комментируйте без ограничений

Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.

Комментариев пока нет.