Новая встреча DZ CLUB в Варшаве: лид Google о будущем мобильной индустрии. Купить билет 🎟
Support us

Як лідар Relikt i продакт Gismart будуе музычную студыю i жыццё ў Варшаве

Аляксандр Дземідзенка — лідар беларускага гурта Relikt і product owner у кампаніі Gismart — пра пераезд у Варшаву, сацыяльную ізаляцыю, выкліканую рэлакацыяй (спойлер — яе наш герой зусім не адчувае!), новы альбом Byli, Jość, Budziem і ў цэлым — жыццё беларускага музыкі-айцішніка ў польскай сталіцы.

Оставить комментарий
Як лідар Relikt i продакт Gismart будуе музычную студыю i жыццё ў Варшаве

Аляксандр Дземідзенка — лідар беларускага гурта Relikt і product owner у кампаніі Gismart — пра пераезд у Варшаву, сацыяльную ізаляцыю, выкліканую рэлакацыяй (спойлер — яе наш герой зусім не адчувае!), новы альбом Byli, Jość, Budziem і ў цэлым — жыццё беларускага музыкі-айцішніка ў польскай сталіцы.

«Як айцішнік я ў апошнюю чаргу прывязваюся да месца, з якога працую»

Рашэнне пераехаць у Варшаву прыняў беларускі музыкант ці беларускі айцішнік?

У першую чаргу, беларускі муж-тата, а па-другое, беларускі музыкант. Айцішнік можа працаваць адкуль заўгодна. Ад самага пачатку сваёй ІТ-карʼеры я працаваў аддалена, у межах першага свайго праекта быў у камандзе з амерыканцамі. Я адзіны — у Беларусі, усе астатнія знаходзіліся ў Пенсільваніі. З таго часу ў маім жыцці з гэтага гледзішча нічога не змянілася, як айцішнік я ў апошнюю чаргу прывязваюся да месца, з якога працую.

Праграма рэлакацыі для айцішнікаў Poland Business Harbour вам дапамагла пераехаць і ўладкаваць фармальныя справы ўжо ў Польшчы?

Сапраўды, мы скарысталіся праграмай Poland Business Harbour, дарэчы, офер для рэлакацыі быў не на мяне, а на жонку, якая працуе ў EPAM, я ж атрымаў візу як член сямʼі.

Для нас складанасць была ў тым, што напрыканцы лютага, калі мы прынялі канчатковае рашэнне пераязджаць, утварылася агромністая чарга па візу. Кансуляты ўмомант сталі моцна перагружаныя, таму нам давялося крыху павандраваць па свеце перад тым як прыехаць у Польшчу. Спачатку скіраваліся ў Ташкент, пабылі там крыху, але візу атрымаць не здолелі, пасля паляцелі ў Стамбул, дзе прабылі прыкладна месяц. І там усё вырашылася паспяхова.

Натуральна, калі б не ўвесь негатыўны кантэкст, агульны трывожны стан, сумныя навіны, то пра вандроўку нават і не шкадавалі б, бо тое былі такія workation — час, калі мы працавалі, але разам з тым крыху адпачылі. А для сына Францішка, якому толькі 4 гады, гэта было ўвогуле першае вялікае падарожжа ў жыцці. Так мы пачалі яму праз розныя краіны паказваць свет.

«Працоўны кантэкст робіць рэлакацыю больш камфортнай»

Чаму Польшча? Беларускіх айцішнікаў сёння дзе толькі няма!

З гуртом Relikt мы ў Польшчу рэгулярна прыязджалі з 2009 года, выключэннем сталі хіба толькі кавідныя часы. У нас тут былі канцэрты па некалькі разоў на год. Таму я не магу сказаць, што гэта новая для мяне краіна, дзе трэба адаптавацца, дзе я нічога не разумею, дзе кефір, малако і смятана не такія, да якіх прывык.

Але ў гэты прыезд Польшча стала яшчэ бліжэйшая, бо, акрамя музычнага кола, беларусаў Польшчы, тут у мяне зʼявіўся вялікі сегмент калег-айцішнікаў. Першы тыдзень у Варшаве, хоць мы нікому адмыслова не пісалі і не прапаноўвалі сустрэцца, стаў тыднем выпадковых спатканняў. Проста на вуліцы, недзе ў кавярні, калі прыходзіў працаваць у каворкінг, увесь час нехта падыходзіў, вітаўся, і такіх сяброў-калег-знаёмых вельмі многа! Таму ніякай адаптацыі, усё будзённа ў добрым сэнсе. Мы адчуваем сябе дома.

Вы працуеце ў каворкінгу. Чаму не з дому, бо гэта ж так зручна і эканомна?

У мяне маленькі сын, які пакуль не ходзіць у дзіцячы садок, то працаваць з дому не атрымаецца. Хлопчык любіць браць ад жыцця па максімуме — і ад таты таксама.

Таму менавіта ў каворкінгу трапляю ў спакойную атмасферу, дзе можна засяродзіцца выключна на працоўных задачах. Ды і выдаткаў для мяне гэта не нясе: працоўную прастору аплочвае кампанія.

У цэлым жа Gismart, дзе я зноў працую (сыходзіў на некалькі гадоў, але вярнуўся) прытрымліваецца палітыкі remotely first: працадаўца вітае аддалены фармат. Але, калі ёсць патрэба быць у офісе, то такая магчымасць таксама ствараецца.

У прасторы CIC побач са мной працуюць калегі, ёсць яны і ў розных мясцінах Польшчы — тут іх некалькі дзясяткаў. І колькасць рэлакантаў увесь час павышаецца. Людзям цікава пажыць у іншых краінах, так узбагачаецца жыццёвы досвед, але працоўны кантэкст робіць рэлакацыю больш камфортнай.

Я зʼехаў з родных мясцінаў, але на працы маю кавалачак дому. Штодзень камунікую са сваімі калегамі, мы разам ходзім на абед, абмяркоўваем агульныя справы, падзеі ў свеце і ў Беларусі. Не адчуваю ніякай сацыяльнай ізаляцыі. Нават часам забываюся на тое, што зʼехаў у іншую краіну.

«Заснаваць działalność, аформіць паперы ў ZUS нескладана, але на першы раз многа ў чым сумняешся»

Раскажыце крыху пра эканамічны складнік працы. Вы засноўвалі jednoosobową działalność gospodarczą ці маеце umowę o prace?

Я працую па сістэме B2B: маю działalność gospodarczą і як польскі ІП аказваю паслугі свайму наймальніку. Мне падыходзіць такі варыянт, але, думаецца, больш глыбокія высновы змагу зрабіць крыху пазней, бо я тут параўнальна нядаўна і не маю пакуль вялікага досведу працы, камунікацыі з падатковай інспекцыяй, сістэмай сацыяльнага страхавання ZUS.

З аднаго боку, заснаваць działalność, аформіць паперы ў ZUS нескладана, але, калі робіш гэта ўпершыню, многа ў чым сумняешся. На шчасце, Gismart наняў кансультантаў, якія на кожным кроку суправаджаюць увесь працэс фармальнай рэгістрацыі, дапамагаюць. То ў любым выпадку не згубішся.

У цэлым адзначу, што з моманту прыезду ў Польшчу ні на якім з этапаў у мяне не было праблем. Ні ў справе пошуку кватэры, ні з адкрыццём рахунку. Бачыў, што ў сацсетках людзі скардзіліся і скардзяцца, што дорага, складана, нешта адразу не атрымліваецца. Падаецца, у іх так проста складваюцца абставіны.

Мы і кватэру знайшлі самі, я нават распрацаваў свой framework, як гэта лепш рабіць. Натуральна, крыху дапамаглі сябры, былыя калегі, якія ўжо даўно тут жывуць.

Як я рабіў? Калі бачыў новыя абʼявы на сайтах ці ў чатах, то адразу ж пісаў ліст праз сервіс пошуку жытла (у мам выпадку гэта быў OLX), адпраўляў смс і тэлефанаваў. Аднаму патэнцыйнаму арэндадаўцу ішло тры сігналы. Пісаў па-польску, а калі тэлефанаваў — размаўляў, як атрымлівалася: па-беларуску, па-англійску, з прымешкам нейкіх польскіх словаў. Ніякага негатыўнага вопыту праз такую камунікацыю не маю. Мне ўсе дапамагалі, намагаліся зразумець, нешта падказвалі, пры гэтым тое былі людзі рознага ўзросту, прадстаўнікі розных пакаленняў. Мяне напужалі, што будзе нейкі кастынг, што палякі вельмі пільна выбіраюць, хто будзе жыць у іх кватэры, я маральна да гэтага рыхтаваўся, прыдумаў нейкія аргументы, чаму варта выбраць менавіта нас, але нам прапаноўвалі засяляцца літаральна ў кожнае жытло, што глядзелі. У выніку абралі прымальны па цане варыянт на мяжы Волі і Сьродмесця, кватэра з дзвюма спальнямі, у доме таксама ёсць паркінг. Каля хаты — дзіцячая пляцоўка. Калі было б больш часу і сіл, то можна было б адшукаць яшчэ цікавейшую прапанову, але мы стаміліся ад гатэляў, хацелі ўжо ўладкоўваць уласны побыт у прыстойных умовах.

«Будзем сваёй музыкай дапамагаць беларусам не забывацца на тое, што яны беларусы»

Як складваецца творчае жыццё ў Варшаве. Прыехалі — і адразу пачаліся канцэрты-інтэрвʼю-запісы-сустрэчы са слухачамі? Вас рады бачыць беларусы, якія вельмі сумавалі па жывых канцэртах Relikt?

Канцэртаў пакуль што не так шмат, як гэта было ў нашыя самыя актыўныя часы. Пакуль што будуем сваю студыю, робім там рамонт.

Для нас гэта вельмі важна, бо без музычнай гаспадаркі складана ўявіць сабе нармальнае функцыянаванне гурта. Трэба заўжды практыкавацца, шукаць нешта новае, запісваць матэрыял, ды і банальна — захоўваць інструменты і мерч.

Так склалася, што наш сябар Павел Сініла са студыяй «Эверэст» цяпер таксама ў Варшаве, то мы з ім абʼядналіся, дамовіліся стварыць супольную прастору. Над гэтым і працуем лічы штодзень начамі і вечарамі. Усё робім ціха, нікому не перашкаджаем, не пілуем і дзірак у сценах не свідруем. З гэтым у Польшчы вельмі строга. Канцэрты плануюцца. Запрашаем!

Мы вырашылі, што будзем сваёй музыкай дапамагаць беларусам не забывацца на тое, што яны беларусы, будзем выступаць, спяваць беларускія песні, запісваць новыя трэкі на беларускай мове, заклікаць сустракацца, яднацца і ладзіць свае двіжухі.

У такім разе, ці можна сказаць, што вы паехалі ў Варшаву за слухачом? Тут ёсць і спецыяльная інфраструктура для актыўнай творчай дзейнасці, канцэртаў — прасторы, бары, культурніцкія цэнтры для беларусаў. Яшчэ год таму такіх месцаў было ў разы менш.

Мы выбралі Варшаву, каб тут жыць, менавіта праз гэтыя прычыны. Але тое не асноўная матывацыя. У 2018 годзе ў нас быў выдатны сольны канцэрт у Варшаве, пазней пандэмія перашкодзіла ажыццявіць планы па выступленнях. Цяпер жа паехалі туды, дзе можам займацца музыкай неабмежавана, дзе вынік будзе залежаць толькі ад нас: колькі зробім — столькі атрымаем. Дзякую ўсім, хто падтрымлівае Relikt, у тым ліку сваімі ахвяраваннямі на нашу дзейнасць.

«Альбом — як паўэрбэнк, што зараджае беларушчынай, у ім ніколі не заканчваецца энергія»

Не так даўно вы зарэлізілі новы альбом Byli, Jość, Budziem, якім — нетрадыцыйна для беларускай музыкі — грунтоўна адрэспектавалі нашай рокавай класіцы. Я сама ад сябе не чакала, але вельмі палюбіла гэты праект. Думаю, што многім беларусам складанка спадабалася.

Я хацеў такі альбом запісаць яшчэ ў 2011 ці 12 годзе, але ажыццявіць задумку атрымалася толькі праз 10 гадоў. Сапраўды, бачна, што многім людзям гэтая музыка таксама адгукнулася, многія хочуць, каб гісторыя беларускага року не заставалася проста гісторыяй, каб яна не загінула ў часе, а была сувязь пакаленняў старых і маладых музыкаў. На жаль, не ўсе модныя выданні звярнулі ўвагу на гэты альбом, але слухачы яго ўсё роўна адчулі, сустрэлі і — па нашай статыстыцы — ён паказвае добрыя вынікі.

Самы просты спосаб падзякаваць нам за альбом і тым самым падтрымаць Relikt — набыць складанку на bandkamp па той цане, што вы лічыце для сябе прымальнай. Мы ўдзячныя любой рэакцыі, нават калі бясплатна спампуеце — калі ласка, абы слухалі.

Днямі Byli, Jość, Budziem выйшаў на асноўных стрымінгавых пляцоўках.

У тым перыядзе гісторыі беларускага року, які вы даследуеце альбомам, можна назбіраць многа якаснага матэрыялу не на адну падобную складанку. Чаму абралі менавіта гэтыя песні? Ёсць агульны прынцып, якім кіраваліся?

Звярнуся да слухачоў: калі вы хочаце, каб праект меў працяг, кажыце ці пішыце нам пра гэта. Мы любім беларускі рок, шануем папярэднікаў і, калі адчуем, што людзям гэта таксама патрэбна, то зрабіць Vol.2 здолеем.

Што да матэрыялу, які ўжо выйшаў, то кіраваліся рознымі прынцыпамі: недзе гэта песні, якія нам проста вельмі падабаліся, таксама хацелі звярнуць увагу на тыя кампазіцыі, што ўжо немагчыма пачуць ужывую. Напрыклад, песня «Пан Руст» гурта «Уліс», яе выконвалі толькі на адным з першых «Басовішчаў». «У музеі» гурта «Тутэйшыя хлопцы» на верш Міхася Скоблы таксама адметная. Тут тэкст вельмі класны і базавая мелодыя цікавая, але першапачатковая аранжыроўка была не надта, то мы яе перарабілі, яна прайшла працэс «рэліктызацыі».

У замежжы гэтыя песні пачалі для вас гучаць па-іншаму? Якая з іх наймацней выбівае слёзы?

Слёзы былі і раней, калі мы яшчэ жылі ў Беларусі. Напрыклад, для мяне найбольш кранальная песня «Прышоў гэты дзень» гурта «Бонда», ды і слухачы ў каментарах часта пішуць, што менавіта ад яе плачуць, яна вельмі рэзануе. У Варшаве альбом стаўся моцнай сувяззю з Беларуссю, ён — як паўэрбэнк, што зараджае беларушчынай, у ім ніколі не заканчваецца энергія радзімы. Паслухаў — і адразу стала на месца ўсё: адчуванне сябе, прасторы, людзей, кніг. Мне гэтая музыка вельмі дапамагае, спадзяюся, што і шмат каму з беларусаў дапаможа таксама.

Вокладкай да альбома вы выказалі пашану культавай асобе беларускай музыкі — музычнаму крытыку і прамоўтару Вітаўту Мартыненку, якога ўжо больш як шэсць гадоў няма з намі…

Спачатку думалі на вокладку змясціць фота свайго гурта ў вобразах з канца 80-х — пачатку 90-х. Пачаў працаваць над макетам, але потым пабачыў, што ў гэтым няма нейкай глыбіні, проста хлопцы па прыколе так адзеліся.

І вырашылі выкарыстаць партрэт Вітаўта Мартыненкі. Мы з ім сябравалі як гурт і проста па-чалавечы. Нават у кантэксце альбома з ім ліставаўся незадоўга да яго сыходу. Вітаўт быў адвакатам, амбасадарам беларускага року, які не шкадаваў сябе, па максімуме аддаваўся справе, ішоў на любыя «халівары», ён быў бескампрамісны ў справе распаўсюду жывой беларускай музыкі. На мой погляд, ён заслугоўвае, каб яго памяталі не толькі як чалавека, з якім можна сварыцца ў каментарах у фэйсбуку, але як носьбіта, агрэгатара матэрыялу пра беларускі рок.

Кожны наведвальнік беларускіх канцэртаў памятае яго, як ён стаяў за столікам і прадаваў мерч, дыскі, з ім заўсёды было цікава пагутарыць. Адно шкадуем, што не паспелі зрабіць песню на яго вершы. Вітаўт мне дасылаў кавалкі тэкстаў, якія нідзе не выкарыстоўваліся, і мы выбіралі адзін, каб зрабіць песню. Але не паспелі.

Вітаўт — не адзіны чалавек, чыю памяць мы хацелі б ушанаваць альбомам. Тут згадаю таксама Анатоля Мяльгуя, яго сябра, крытыка і журналіста. Ён прыходзіў на нашы канцэрты, прэс-канферэнцыі, нешта пісаў пра кожную нашу імпрэзу, быў вельмі актыўны. Ён таксама сімвал таго часу.

«Я ўжо магу сказаць, што гэта будзе самы лепшы альбом гурта Relikt»

Ці хутка новы альбом, які будзе складацца менавіта з вашага аўтарскага матэрыялу?

Мы ўжо зрабілі ўсе каверы, якія хацелі: на беларускія народныя песні, беларускі рок, то трэба займацца сваім матэрыялам. Наступны дыск будзе на 100 адсоткаў наш — з уласнай музыкай і новымі тэкстамі. Гэта будзе цікавы, канцэптуальны альбом у духу часу, эпічны і вельмі беларускі.

Маем напрацоўкі на 10 песень, і я ўжо магу сказаць, што гэта будзе самы лепшы альбом гурта Relikt! Вельмі хочацца, каб на гаспадарча-адміністратыўным узроўні наша праца як мага хутчэй увайшла ў сваю звычайную плынь і на сваёй студыі мы ўжо маглі заняцца выключна музыкай.

Многія музыканты адзначаюць, што пасля 2020 года, пасля лютага 2022-га свет настолькі змяніўся, што і музыка павінна гучаць па-новаму. Маўляў, старыя песні падаюцца неактуальнымі, маральна састарэлымі, а для стварэння новых трэба вынаходзіць нейкую іншую мову. У Relikt няма такога адчування?

Натуральна, новы альбом будзе адпаведны сённяшняму дню. Ты ж не можаш жыць у свеце і ігнараваць усё, што адбываецца навокал.

Але што тычыцца старых песень, то не будзем адмаўляцца да свайго голасу. З некалькіх прычын. Мы выконваем шмат беларускіх народных песень, а гэта матэрыял, што існуе па-за часам і прасторай, ён заўжды актуальны. Назва Relikt, якую мы выпадкова абралі яшчэ падлеткамі, карэктуе наш творчы вайб. Бо калі паразважаць пра тое, што такое рэлікт, то ў самой этымалогіі гэтага слова хаваецца рэч, што дапамагае звязваць мінулае і сучаснасць.

І няхай нашы песні і стануць тым самым ланцужком, што будзе звязваць варʼяцкі дзень сённяшні з нармальным, спакойным часам, у якім мы жылі некалькі гадоў таму.

Неяк раней у інтэрвʼю вы адзначалі, што ў вашай асобе айцішнік дапамагае ўтаймоўваць творчы хаос, якога патрабуе творчая натура музыкі. Але ці дапамагае ў чымсьці музыкант айцішніку ў цэлым і product owner у прыватнасці?

Музыкант дадае энергіі, кажа: крута, мы нічога не ведаем, давайце вывучаць новае і рабіць нешта цікавае.

Як product owner у сваёй працы я штодзень сутыкаюся са светам невядомага і не зусім відавочнага. Даводзіцца вызначаць бачанне прадукта, вывучаць адметнасці рынку, зазіраць у будучыню і прадказваць, як мусіць развівацца праект надалей, у каго будзе запатрабаваны, як будзем вырашаць праблемы.

Калі людзі кажуць, што ведаюць адказы на ўсе гэтыя пытанні, тое няпраўда. Нельга абапірацца адно на інтуіцыю, гэтаму веданню мусіць быць пацверджанне: ці правёў ты даследаванне? Ці маеш дадзеныя? Наколькі гэтыя дадзеныя надзейныя і патрэбныя менавіта нам? Вось тут мне вельмі дапамагае музычная частка маёй асобы, якой цікава даследаваць і спрабаваць новае. 

«Сюды не едуць па грошы». Распрацоўшчык пра жыццё кошты i адукацыю ў Фiнляндыi
«Сюды не едуць па грошы». Распрацоўшчык пра жыццё, кошты i адукацыю ў Фiнляндыi
По теме
«Сюды не едуць па грошы». Распрацоўшчык пра жыццё, кошты i адукацыю ў Фiнляндыi
Присоединяйтесь к сообществу dev.by

Читать

Читайте также
Как беларуские выпускники поступают в Польшу и Россию — и повлияла ли война. 4 истории
Как беларуские выпускники поступают в Польшу и Россию — и повлияла ли война. 4 истории
Как беларуские выпускники поступают в Польшу и Россию — и повлияла ли война. 4 истории
dev.by искал молодых людей, которые поступили этим летом в вузы за границу, — отозвались 4 человека. Двое выбрали Польшу, ещё двое  Россию (для одного это временный вариант, он планирует перепоступить в следующем году).  Спросили у ребят, как они выбирали вузы, куда поступали одноклассники и как на выбор повлияло вторжение России в Украину (и вчерашние новости о мобилизации). 
8 комментариев
EnCata будет штамповать заводы, которые штампуют дома
EnCata будет штамповать заводы, которые штампуют дома
EnCata будет штамповать заводы, которые штампуют дома
«Строительная отрасль полностью дисфункциональна», — говорит СЕО EnCata Олег Кондрашов. И предлагает «реанимировать стройку»: повторить успех Генри Форда и запустить конвейер, который будет штамповать модульные дома. А ещё — запустить мобильные заводы с этими конвейерами. Первый тестовый дом с железными стенами и окнами в пол уже построен — в нём 2 года как живёт СЕО. А сейчас в Великом камне достраивают тестовый завод. Есть ли будущее у проекта и какое, рассказывает dev.by Олег Кондрашов.
11 комментариев
Пара айтишников переехала в Австралию. Впечатления, цены, жильё
Пара айтишников переехала в Австралию. Впечатления, цены, жильё
Пара айтишников переехала в Австралию. Впечатления, цены, жильё
15 комментариев
Компания звонит по телефону — зовёт в ИТ без навыков и английского. У айтишников вопросы
Компания звонит по телефону — зовёт в ИТ без навыков и английского. У айтишников вопросы
Компания звонит по телефону — зовёт в ИТ без навыков и английского. У айтишников вопросы
Айтишники (и не только) жалуются, что им звонят по телефону из школы IT Overone и предлагают курсы для вхождения в ИТ без первоначальных навыков и английского. 
4 комментария

Хотите сообщить важную новость? Пишите в Telegram-бот

Главные события и полезные ссылки в нашем Telegram-канале

Обсуждение
Комментируйте без ограничений

Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.

Комментариев пока нет.