Support us

Чатыры гісторыі беларускамоўных праграмераў

Оставить комментарий
Чатыры гісторыі беларускамоўных праграмераў

21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У адрозненне ад большасці еўрапейскіх краін, родная мова тытульнай нацыі ў Беларусі ёсць і мовай меншасці. Аднак, насуперак лёсу і гісторыі, у гэтым пытанні яшчэ рана ставіць кропку. «У нас ёсць цэлы натоўп беларускамоўных тэхнароў», — адказалі ў адной з найбуйнейшых ІТ-кампаній на нашу просьбу знайсці аднаго моўнага патрыёта. І гэта дае надзею. Як і гісторыі нашых герояў.

Чытаць далей

Андрэй Захарэвіч: «Самым складаным было наважыцца»

 

Фота: Алена Захарэвіч

Беларускай мовай Андрэй Захарэвіч, QA у кампаніі SaM Solutions і каардынатар аргамітэту лінуксовак у Мінску, па-сапраўднаму зацікавіўся, распавядаючы сваёй жонцы з Кыргызстану пра нашу краіну. І вось ужо восьмы год ён размаўляе па-беларуску ўсюды, акрамя працы. «Калі мовай не карыстацца, то на ёй робіцца складана лёгка і прыгожа размаўляць. Я вырашыў захаваць нейкае месца у сваім жыцці, дзе буду досыць рэгулярна карыстацца рускай мовай», — тлумачыць Андрэй.

Напачатку самым складаным было наважыцца, але ж паглядзеўшы навокал, ён зразумеў, што гэта «не так ужо і страшна», а адзіны бар'ер — у галаве. На дапамогу прыйшоў і досвед выкарыстання Linux пасля ўсім вядомых сістэм. Цяпер некамфорт стварае хіба толькі стаўленне некаторых людзей да беларускамоўных.

«Часам людзі рэагуюць неадэкватна і нават агрэсіўна. Але гэта цяпер не такая пашыраная з'ява, як калісьці. Мне час ад часу задаюць пытанне, ці з'яўляюся я філолагам, выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры. Ну і заўвагі пра БНФ», — дадае Андрэй. І ўсё ж такі, ён упэўнены, што беларускамоўнасць — гэта не пакутніцкая місія, а проста жыццё.

Калегі і наведнікі лінуксовак ставяцца да беларускамоўнага айцішніка па-рознаму, але без агрэсіі. Для кагосьці гэта гульня ці эпатаж, а камусьці ўсё роўна — і такая пазіцыя, на думку суразмоўцы, самая натуральная ва ўмовах афіцыйнага двухмоўя. Але ж самая натуральная пакуль не стала самай распаўсюджанай: некалькі разоў Андрэй нават атрымліваў зніжкі ў крамах за беларускамоўнасць.

Калі ёсць беларускамоўныя ІТ-спецыялісты, то, натуральна, павінна быць і беларуская тэхнічная тэрміналогія. Яе распрацоўкай займаюцца ў асноўным энтузіясты (kamputerm.org, mova.org), а на пачатку 1990-х быў распрацаваны афіцыйны стандарт беларускіх тэрмінаў у галіне ІТ (СТБ 982-94). «Дзесці запазычаныя міжнародныя тэрміны, дзесці нешта сваё. Але гэта не выключна беларуская з'ява. Іншая справа, што памылкі бываюць ва ўсіх. Даводзілася чытаць у слоўніку, што HTML — распрацоўка Microsoft», — кажа Андрэй Захарэвіч.

Напрыканцы нашай гутаркі Андрэй ўспамінае, як аднойчы ў краме на плошчы Перамогі ў Мінску на пытанне, ці яна апошняя ў чарзе, дзяўчына, сумеўшыся, адказала яму па-польску: «Не ведаю чаму, я даволі няблага валодаю рускай».

Юлія Гарачанкова: «ДАІшнікі адпусцілі нас за беларускую мову»

Фота: Yuliya Harachankova, facebook.com

Сама Юлія, Senior Software Engineer у EPAM Systems, кажа, што да поўнага пераходу на беларускую мову яе прывялі людзі і вандроўкі. Адным з іх быў паляк Томаш, які вывучыў беларускую па песнях N.R.M. і на момант знаёмства ведаў яе лепш за беларуску.

«Гэта выклікала яшчэ большае здзіўленне: як так, паляк размаўляе па-беларуску лепш за мяне?! Стала з'яўляцца шмат пытанняў: пра мову, небяспеку яе знікнення, пра краіну, пра тое, хто я і якое маё месца ў гэтым свеце. Пра важнасць гэтых рэчаў не думалася раней… — распавядае Юлія Гарачанкова. — У выніку прыйшло разуменне таго, што беларуская мова — гэта важна. Гэта тое, што ёсць у нас, беларусаў, але няма ні ў каго іншага. Гэта тое, што нас адрознівае. А разнастайнасць — гэта, як мінімум, цікава».

Гэта было пачаткам шляху. Далей былі вандроўкі па Беларусі з магілёўскай філіяй Таварыства беларускай мовы, дзякуючы якім Юлія яшчэ больш палюбіла родную краіну і яе гісторыю, пра якую дагэтуль чула ад таты, за што яму вельмі ўдзячная.

Калі з'явіліся беларускамоўныя знаёмыя, дзяўчына спрабавала размаўляць з імі, пераадольваючы тыповую праблему: пераход ад перакладу сваіх думак з рускай да думак на беларускай. «Самае важнае ў гэтым працэсе для мяне — гэта размовы з людзьмі. Ад людзей я чула новыя для сябе словы і вучылася іх ужываць, назапашвала актыўную лексіку. Таксама стала больш чытаць менавіта па-беларуску, яшчэ слухала аўдыёкнігі», — кажа Юлія.

Ёй, як і многім, напачатку было страшна карыстацца беларускай ўсюды, але год таму яна цалкам перайшла на яе. «Калі ў мяне пытаюць, чаму размаўляю па-беларуску, я кажу: «Таму, што я беларуска». Тады звычайна адказваюць: «Дык я таксама!» Вось тады не ведаю, што сказаць, бо для мяне звязка «беларус — беларуская мова» — гэта лагічна і натуральна».

Без выключэнняў, вядома ж, немагчыма. Замежнікі, напрыклад, ніколі не вывучалі беларускую — з імі Юлія размаўляе па-руску. Знаёміць з роднай мовай і маму: «Маці не вучыла беларускую мову, таму бывае так, што ў яе акругляюцца вочы, калі яна чуе нешта для сябе незнаёмае. Але яна, здаецца, ужо прызвычаілася да маіх беларускіх словаў, вітаецца са мной па-беларуску».

Незнаёмыя людзі па-рознаму ставяцца да беларускамоўнай дзяўчыны. Некалькі год таму Юлію назвалі «БНФаўкай-фашысткай», але апошнім часам, па яе назіраннях, сітуацыя выпраўляецца, хаця і не ўсюды: «У тым жа Магілёве пачуць беларускую мову ад незнаёмых амаль немагчыма, а часам здаецца, што людзі проста кідаюцца ад мовы».

Стаўленне ж калег-айцішнікаў пазітыўнае, тым больш, што Юлія — не першая беларускамоўная супрацоўніца кампаніі. Але, па назіраннях самой дзяўчыны, з ёю больш людзей пераходзіць на беларускую падчас гутаркі.

Не менш прыемна атрымліваць сапраўдныя выгоды ад валодання беларускай мовай праз яе нераспаўсюджанасць. «Аднойчы мы з сябрам вандравалі па Беларусі, нас спынілі ДАІшнікі (мы не заўважылі знак «Стоп»). Выявілася, што адзін з іх захапляецца беларускай музыкай і беларушчына яму таксама цікавая. У выніку нас адпусцілі з вусным папярэджаннем», — распавядае дзяўчына.

Таксама Юлія ўзгадвае курсы «Мова-нанова», дзе ў цікавай форме можна атрымаць веды і сустрэцца з выдатнымі людзьмі. Праграмістка з усмешкай кажа пра запатрабаванасць тэмы: заняткі ў Мінску наведвае па 200 чалавек. І тыя, у каго ёсць студэнцкі білет гэтах курсаў, могуць атрымаць зніжкі ў больш, чым 70 месцах.

Але ж тэхнічную тэрміналогію даводзіцца вывучаць самастойна, і для нашай гераіні гэта адна са сфераў, якую яшчэ трэба паляпшаць і развіваць. Мэтанакіравана яна гэтым пакуль не займалася, але стараецца чытаць усё, што трапляецца на моўную тэматыку.

«Некалькі год таму былы калега Ігар Грачышка з некалькімі іншымі людзьмі ўдзельнічаў у распрацоўцы камп'ютарнай тэрміналогіі. Мне здаецца, тады хлопцы шмат чаго зрабілі. Я слухала і чытала іх абмеркаванні. Нахапалася некаторых словаў», — дадае Юлія.

На пытанне пра спробы прасоўвання беларускай мовы яна адказвае, што размаўляе на ёй і радуецца, калі нехта падхоплівае ці проста шчыра кажа пра прыгажосць мовы.

Філіп Дайнэка і Раман Андрыянаў: «Многія пачыналі размаўляць па-беларуску ў ІТ-класе»

Фота: generation.by

Філіп і Раман, заснавальнікі кампаніі Flatlogic, ужо вядомыя ў медыйнай прасторы як заснавальнікі першых беларускамоўных ІТ-курсаў Сourse.by. Яны самі і былі першымі выкладчыкамі, хоць актыўна сталі карыстацца беларускай мовай ў штодзённым жыцці ўсяго за год да пачатку першых заняткаў.

«У глыбіні душы заўсёды адчуваў, што справядліва размаўляць па-беларуску, — кажа Філіп. — У пэўны момант я не знайшоў для сябе апраўдання, чаму б гэтага не рабіць. Самасвядомасць прыйшла пасля таго, калі шмат прачытаў па гісторыі краіны. Зараз я размаўляю па-беларуску з усімі, акрамя людзей з іншых краін, якія сапраўды не ведаюць беларускай».

Раман робіць больш выключэнняў і размаўляе па-руску з бацькамі і час ад часу з дзяўчынай. Нягледзячы на тое, што першыя спробы пераходу на мову дзядоў былі яшчэ ў школе, хлопец дагэтуль застаецца дзвюхмоўным і прызнаецца, што філасофстваваць яму пакуль прасцей па-руску: «Каб пераладзіцца і заўсёды думаць па-беларуску, трэба пэўнае асяроддзе мець».

Але ж і ў рускамоўным асяроддзі падчас ваенных збораў у БДУІР'ы Раман не здаваўся, а ў хвіліны слабасці аднагрупнікі самі прымушалі яго вяртацца да мовы, маўляў «Заявіў — размаўляй!».

«Памятаю, спрачаўся са сваім падпалкоўнікам, — узгадвае хлопец. — Падчас шыхтавой падрыхтоўкі мы выходзілі на пляц, разбіваліся па групах і адзін адным камандавалі. І я пачаў камандаваць па-беларуску — перад гэтым паглядзеў некаторыя тэрміны Беларускай краёвай абароны («Крокам руш!» і інш.). І ён забараняў мне так казаць, бо гэта «не па статуце». Мы ўсё спрачаліся, ці ёсць у беларускім вайсковым статуце беларускамоўныя каманды, але так і не даведаліся».

Калі ж пачаліся курсы, беларуская мова стала сапраўднай «фішкай», якая прываблівала слухачоў. Многія пачыналі размаўляць па-беларуску ў класе. Некаторыя тэрміны выкладчыкі бралі з даведнікаў ці аматарскіх перакладаў, часам выдумлялі самі, але сістэмнай працы ў гэтым кірунку не вялі і ўжывалі шмат англійскіх словаў, «як усе айцішнікі».

Акрамя ІТ-курсаў, хлопцы рабілі і іншыя спробы прасоўваць беларускую мову: Філіп вёў блог, а Раман у выхадныя выкладаў сноўборд у межах праекту «Экстрым Акадэмія». Разам яны праводзілі роварныя экскурсіі па Мінску на беларускай мове.

На пазіраннях Філіпа, беларуская мова цяпер у трэндзе, але ўсё ж у меншасці. І ўзгадвае, як нядаўна прыйшоў паглядзець кватэру ў арэнду: «Быў нейкі разгублены і пачаў па-руску размаўляць з гаспадаром — першы раз за колькі гадоў. Калі разыходзіліся, я сказаў «Дзякуй вялікі!», а ён кажа: «О, за беларускую мову я магу зніжку зрабіць!» Я сказаў, што заўсёды размаўляю, але ён быў няўмольны: «Дык са мной жа ты не размаўляў». Так я не атрымаў зніжку».

У паўсядзённым жыцці і Філіп, і Раман сутыкаюцца толькі з плюсамі выкарыстання мовы. «Калі б мы пачалі размаўляць на тры гады раней, тады трапілі б на час, калі беларускамоўных называлі БНФаўцамі. У Мінску гэта ўжо даўно асацыюецца не з апазіцыйнай дзейнасцю, а з прагрэсіўнай моладдзю», — распавядаюць хлопцы.

Усевалад Чорны: «У першы час было цяжка адаптавацца пад рускамоўнае асяроддзе»

Фота: Усевалад Чорны, vk.me

Усеваладу Чорнаму, Java- і AS3-распрацоўніку ў кампаніі Playtika, беларуская мова падабалася заўсёды. Карыстацца ёй ён пачаў у 9 ці 10 класе. Тады родная мова — нароўні з некаторымі іншымі рэчамі — стала для яго фішкай: кожны ж падлетак мае знайсці сваю фішку!

Першае, што зрабіў Усевалад, — пераклаў на беларускую мову кантактную кнігу ў мабільным тэлефоне. Там былі і лацінскія «i» замест кірылічных, і «у» замест «ў», але гэта ўжо была свая мова. Паступова ў яго з’явіліся беларускамоўныя знаёмыя і сябры, а таксама інтарэсы, звязаныя з беларушчынай.

У пэўны час на хвалі зацікаўленасці IT-светам Усевалад пачаў перакладаць на беларускую розныя праграмы, напрыклад, QIP (дарэчы, ён займаецца падобнымі рэчамі і дагэтуль). Нарэшце ўсё перайшло ў такі стан, калі ён ужо свабодна валодаў мовай, але з рускамоўнымі працягваў размаўляць па-руску.

«Зрабіць яшчэ крок мне пастаянна нешта перашкаджала. Мая на той час дзяўчына — а цяпер жонка — вечна папракала мяне, што я баязлівец... Аднойчы ў мяне быў даволі складаны іспыт, здаецца, па радыётэхніцы, і я паабяцаў сабе, што калі здам яго з першага разу, то перайду на беларускую мову поўнасцю. Здаў», — прыгадвае Усевалад.

У першы час Усеваладу было цяжка адаптавацца пад рускамоўнае асяроддзе – трэба было перакладаць сказанае кімсьці ў галаве, каб не адказваць трасянкай. Але ён даў рады. Цяпер наш герой пачуваецца сабой — гэта ён і лічыць галоўнай выгодай ад сваёй беларускамоўнасці.

З негатывам з-за роднай мовы Усевалад Чорны амаль не сустракаецца. Кажа, што хоць і ёсць людзі, якія лічаць сваім абавязкам «паставіць яго на месца» фразамі тыпу «Что?», «Я вас не понимаю» і «На каком языке вы заполнили форму?», але гэта адзінкавыя выпадкі. Калегі ставяцца да беларускамоўнасці Усевалада нейтральна ці, часам, з зацікаўленасцю, хіба што зрэдку па-добраму жартуюць.

Агітаваць знаёмых перайсці на беларускую мову ён не спрабуе — прасоўвае мову проста ўласным прыкладам. Затое ён удзельнічаў у камісіі, якая спрабавала стварыць беларускую IT-тэрміналогію: «Праца была цікавая і яе было шмат. Асноўнае было зроблена, і гэтая аснова дагэтуль служыць мне і шмат каму з маіх знаёмых. Вынікі нашых высілкаў можна знайсці ў інтэрнэце. Калі сустракаюцца словы, якія мы не разглядалі, заўсёды можна дзе-небудзь з кім-небудзь абмеркаваць, пашукаць варыянты і выкарыстаць у якім-кольвек перакладзе».

У гэтым кантэксце суразмоўца згадвае выпадак с запазычаннем «юзаць». Яго калегі робяць націск на «а» — і ён прызвычаіўся, а вось жонка выпраўляе на «юза́ць». «Вось ужо дзе беларускае слова, далібог», — каментуе Усевалад.


У падрыхтоўцы публікацыі браў удзел Павел Брэль.

Тытульнае фота: facebook.com/nasta.glushko

Место солидарности беларусского ИТ-комьюнити

Далучайся!

Читайте также
Belka Games уволила сотрудников в Беларуси, России и Литве
Belka Games уволила сотрудников в Беларуси, России и Литве
Belka Games уволила сотрудников в Беларуси, России и Литве
22 комментария
Российская «Леста» стала 100%-м собственником «Гейм Стрим»
Российская «Леста» стала 100%-м собственником «Гейм Стрим»
Российская «Леста» стала 100%-м собственником «Гейм Стрим»
VK заплатил около $4 млн за беларусского разработчика мобильных игр
VK заплатил около $4 млн за беларусского разработчика мобильных игр
VK заплатил около $4 млн за беларусского разработчика мобильных игр
В DEIP из-за обвала курса от $1,1 млн осталось $350K, зарплаты не платят. CEO разбирает, как так вышло
В DEIP из-за обвала курса от $1,1 млн осталось $350K, зарплаты не платят. CEO разбирает, как так вышло
В DEIP из-за обвала курса от $1,1 млн осталось $350K, зарплаты не платят. CEO разбирает, как так вышло
Блокчейн-стартап DEIP больше двух месяцев не платит зарплату сотрудникам. Об этом dev.by рассказали несколько человек из компании: «официальная причина — стартап неправильно распорядился финансовыми ресурсами и денег нет. Подробностей не знаем». Сотрудникам сообщили, что топ-менеджмент ищет дополнительный капитал для погашения задолженности и дальнейшего развития. Но часть команды уже ищет новую работу.Мы также поговорили с СЕО DEIP Алексом Шкором — он рассказал, из-за чего у стартапа возникли сложности, как команда пыталась их решать и что собирается делать дальше. «Хочу поделиться опытом, чтобы на нём смогли научиться другие фаундеры, которые хотят идти в web3», — говорит Алекс. Ниже — подробный разбор.
9 комментариев

Хотите сообщить важную новость? Пишите в Telegram-бот

Главные события и полезные ссылки в нашем Telegram-канале

Обсуждение
Комментируйте без ограничений

Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.

Комментариев пока нет.