Support us

Дзе нас няма: Лондан. «Кожны знойдзе „сваё“ месца ў гэтым вітражы»

Праграміст Аляксандр Кузняцоў пераехаў з Мінска ў Лондан, маючы за плячыма 10-гадовы прафесійны досвед. Ужо амаль шэсць год ён кіруе распрацоўкай софту ў кампаніі Monterosa, што стварае інтэрактыўныя сацыяльныя прадукты для тэлеіндустрыі. Пра асаблівасці пераезду і жыцця ў цэнтры сусвету беларус распавёў у праекце dev.by «Дзе нас няма».

Оставить комментарий
Дзе нас няма: Лондан. «Кожны знойдзе „сваё“ месца ў гэтым вітражы»

Праграміст Аляксандр Кузняцоў пераехаў з Мінска ў Лондан, маючы за плячыма 10-гадовы прафесійны досвед. Ужо амаль шэсць год ён кіруе распрацоўкай софту ў кампаніі Monterosa, што стварае інтэрактыўныя сацыяльныя прадукты для тэлеіндустрыі. Пра асаблівасці пераезду і жыцця ў цэнтры сусвету беларус распавёў у праекце dev.by «Дзе нас няма».

Лондан. Фота: [Duncan] via Flickr.

10 год досведу

У Беларусі я працаваў у карпаратыўна-фінансавым сектары (SAP), што было звышнудна, але гарантавала прымальны заробак і досыць вольнага часу, які я ўжываў на сваю карысць — адным з маіх хобі была вэб-распрацоўка. На час пераезду меў больш за дзесяць гадоў вопыту.

Праца звычайна знаходзіла мяне сама. Вось і тады да мяне звярнуўся знаёмы, дырэктар адной з мінскіх аўтсорсінгавых кампаній, які шукаў кіраўніка на замежны вэб-праект. Ён прапанаваў фрыланс на ўзаемавыгодных умовах і такім чынам пазнаёміў з маім цяперашнім працадаўцам з Лондана. Пасля шэрагу выкананых праектаў той вырашыў, што адлегласць надта перашкаджае ды запрасіў мяне ў Вялікабрытанію.

Спачатку давялося прайсці шэраг фармальных сумоўяў, каб выканаць патрабаванні брытанскага заканадаўства, але, натуральна, калі размова вялася пра пераезд, мы ўжо адзін аднаго добра ведалі.

Пра візы і фармальнасці

Працэс афармлення дакументаў амаль цалкам лёг на плечы майго працадаўцы. Спачатку яму давялося атрымаць ліцэнзію спонсара, якая дае магчымасць запрашаць («спансіраваць») працоўных мігрантаў па-за межаў Еўрасаюзу, а потым атрымаць сертыфікат, каб запрасіць менавіта мяне. Для гэтага неабходна было афіцыйна апублікаваць вакансію ў Брытаніі ды правесці шэраг інтэрв’ю, каб пераканацца, што сярод брытанскіх грамадзянаў не знайшлося падыходзячага кандыдата і кампанія была вымушаная наняць замежніка.

Самай арганізацыйна складанай часткай ва ўсім працэсе з майго боку было атрыманне сертыфікату па ангельскай мове. У Беларусі з прыдатных тэстаў тады можна было здаць толькі IELTS ды TOEFL, запіс на якія вёўся за паўгады. Каб столькі не чакаць, давялося ехаць у Піцер. Дарэчы, нават з улікам квіткоў атрымалася танней, чым у Беларусі — цуды нацыянальнага коштаўтварэння. Наконт самога тэста хвалявацца не варта — брытанцы патрабуюць даволі нізкі ўзровень валодання мовай, і калі вы ўжо здолелі прайсці інтэрв’ю з наймальнікам на ангельскай, тэст здадзіцё гарантавана. Вось афіцыйны спіс адпаведных тэстаў з патрабаваннямі.

Здаўшы моўны тэст, мне засталося толькі сабраць некалькі звычайных даведак ды аднесці іх у консульства. Не памятаю дакладна, колькі гэта каштавала тым часам, цяперашнія кошты ды шмат іншай інфармацыі можна знайсці на афіцыйнай старонцы. Хутчэй за ўсё, давядзецца заплаціць £564 за кожнага чалавека (уключна з мужам/жонкай ды дзеткамі, калі пераязджаеце сям’ёй) на першыя тры гады. Дакументы разглядаюць каля двух тыдняў. Праз тры гады візы давядзецца падоўжыць, праз пяць — ужо можна атрымаць сталы від на жыхарства, а праз шэсць — грамадзянства.

Яшчэ адзін немалаважны факт: віза «Tier 2 General» звязаная з канкрэтным працадаўцам. То бок, калі вашыя адносіны сапсуюцца ці працадаўца спыніць сваё існаванне, вы не здолееце ўладкавацца на іншую працу —  давядзецца з’язджаць!

Непрывязаную да працадаўцы візу «Tier 1», папулярную сярод замежнікаў-прафесіяналаў да 2011 года, цяпер атрымаць амаль немагчыма. Але ёсць і добрая навіна: тыя, хто пераехаў разам з вамі (муж/жонка, дзеці), у працы на Брытанскіх выспах ніяк не абмежаваныя.

Аляксандр Кузняцоў

Навошта мы з’язджаем

Калі адкінуць дробязі кшталту грошай ці шмотак, адзін з галоўных рухавікоў эміграцыі — прага да пашырэння зоны камфорту. Кожны беларускі айцішнік дакладна разумее, што ён можа зрабіць бліскучы «еўрарамонт» у сваёй кватэры, набыць сучасны самаход, піць каву выключна ў хіпстэрскіх кавярнях ды толькі з прыемнымі людзьмі. Аднак непасрэдна за дзвярыма — кватэры, самаходу ці кавярні — яго будзе цярпліва чакаць апакаліптычна-посткамуністычная беларуская рэчаіснасць, нашпігаваная бязглуздымі законамі, няветлівымі міліцыянтамі ды ўмоўнымі касіркамі прадмагу № 37.

Каб пазбегнуць дэпрэсіўнага ўплыву гэтай рэчаіснасці на свядомасць, наш айцішнік фактычна кідае сябе за краты «бліжэйшага кола», абмяжоўвае сутыкненні са знешнім светам да непазбежнага мінімуму ды выстаўляе звонку зброю — адпужваць «патэнцыяльнага ворага», такога ж небараку. Вось, на маю думку, каб разарваць гэтае заганнае кола ўзаемнага недаверу ды абумоўленага ім сацыяльнага самаабмежавання, каб абараніць ад гэтага сваіх дзяцей, беларус з’язджае за мяжу, дзе — ён бачыў гэта ўласнымі вачыма — незнаёмыя людзі ўсміхаюцца адзін аднаму на вуліцы.

На новым месцы: «Шукай не хату, шукай суседзяў»

Пераязджаў я з жонкай і двума валізкамі. Тры тыдні мы жылі ў хаце аднаго з дырэктараў кампаніі, потым знайшлі кватэру. Наконт пошуку жытла ў Лондане хацелася б даць адну параду, якая наўпрост вынікае з таго, аб чым я пісаў вышэй.

Горад вельмі неаднастайны: тут ёсць раёны, дзе асяроддзе нават горшае за сярэдні беларускі «спальнік». Ну, і вы можаце ўявіць сабе расчараванне наваспечанага эмігранта, які пасля пераадольвання ўсіх цяжкасцяў пераезду знаходзіць сябе ў тым жа асяроддзі, з якога ён так прагнуў уцячы. Адбываецца гэта таму, што нашы суайчыннікі падыходзяць да ацэнкі якасці жытла не зусім так, як гэта робяць мясцовыя жыхары.

Кожны (я не перабольшваю — кожны!) беларус, які цікавіўся маімі жыллёвымі ўмовамі цягам апошніх гадоў, пачынаў размову з пытання «Ну, колькі квадратаў?», чым гарантавана ставіў мяне ў ступар, бо — не паверыце — не ведаю!

Здвоены (semi-detached) і кватэрны (court) дамы не ў цэнтры.

Брытанцы кажуць: «Шукай не хату, шукай суседзяў». Калі вярнуцца да тэорыі аб пашырэнні зоны камфорту, гэта выслоўе цалкам супадае з мэтамі «нашага» эмігранта, але ў мітусні пераезду ён на гэтае забываецца ды карыстаецца звычайнымі крытэрамі беларускага рынку нерухомасці — плошча ды адлегласць ад метро. І яны амаль гарантавана прыводзяць яго ў гета.

Таму мая парада кожнаму, хто будзе шукаць тут першае жытло — не шкадуйце часу, каб «палазіць» па раёне, дзе вы плануеце атабарыцца. «Паслухайце» яго ўранку, удзень ды ўвечары, наведайце навакольныя крамы ды пабы, калі ў вас ёсць ці плануюцца дзеці — школы, дзіцячыя садкі ды гульнявыя пляцоўкі. Уявіце сабе сутыкненне с гэтым месцам ды яго жыхарамі кожны дзень, цягам некалькіх год, ды спытайце ў сябе, «дзінь» ці не «дзінь»?

Калі ў вас ёсць мясцовыя знаёмыя, абавязкова спытайцеся, што яны думаюць пра тую ці іншую вуліцу, бо ваш ўласны «нерухомасны радар» адкалібруецца належным чынам толькі праз некалькі год. Дарэчы, за гэтую навуку я шчыра ўдзячны дырэктару нашай кампаніі, які дапамагаў нам з пераездам. Каб не ён, я б тады дакладна не зразумеў, як кватэра ў адным раёне можа быць лепей вялікай хаты з садам за прыблізна тыя ж грошы ў суседнім. Высвятлілася, што ён меў рацыю. Як кажуць на TED, калі вы запомніце толькі адну рэч з усяго гэтага артыкула, запомніце гэтую.

Від з вакна нашай кватэры.

Яшчэ хацелася б узгадаць цікавы catch-22, з якім я сутыкнуўся, калі ўжо знайшоў жытло. Уладальнік нерухомасці, лэндлорд, заўсёды працуе праз пасярэднікаў-агентаў, якія перад заключэннем дамовы арэнды павінны пераканацца ў крэдытаздольнасці кліента. Так званы credit check я не прайшоў, бо «вялікі брат» мяне тады яшчэ не ведаў. Мне параілі спачатку адкрыць рахунак у банку. Але каб гэта зрабіць, банк запатрабаваў у мяне так званае «пацвярджэнне адраса», то бок рахунак за камунальныя паслугі на маё імя, які можна атрымаць толькі праз некалькі месяцаў пасля засялення… Кола замкнулася. Каб гэта ўсё неяк абысці, давялося дамаўляцца з агентамі ды плаціць за некалькі месяцаў наперад.

Офісная «кухня»: ніякага статуснага падзелу

Наш офіс у цэнтры Лондана — нешта накшталт опэнспэйсу, але вельмі незвычайнай канфігурацыі, бо месціцца ён у будынку, узведзеным значна раней за першы ў свеце кампутар. У памяшканні толькі адзін прыватны (то бок часткова гукаізаляваны) пакой, у якім зрэдку праходзяць «мітынгі», астатняя прастора падзелена паміж даволі стахастычна размешчанымі ікееўскімі сталамі, кухняй, зонамі сумеснай працы ды адпачынку. У кожнага ёсць больш-менш сталае працоўнае месца, але людзі часцяком боўтаюцца па офісу, далучаючыся адзін да аднаго адпаведна з патрабаваннямі выконваемай працы, альбо проста каб пазбегнуць руціны. Аніякага статуснага падзелу на зоны не існуе, усе сядзяць на аднолькавых крэслах за аднолькавымі сталамі. Дрэс-коду таксама няма.

Наш офіс.

Працоўнае месца кожны абсталёўвае, зыходзячы з асабістых патрабаванняў. Некаму жыцця няма без трох манітораў ці KVM, іншаму патрэбны графічны планшэт ці відэастанцыя.

Працаваць з дому можна, але толькі калі гэтаму ёсць падставы — нерэгулярна. Эфектыўнасць нашай працы залежыць ад якасці камунікацый ў камандзе, якая непазбежна зніжаецца, калі людзі не здольныя хутка падысці ды растлумачыць нешта «на пальцах».

У офісе ёсць даволі добра абсталяваная кухня са старым утульным драўляным сталом, таму амаль ніхто не есць па-за офісам. Прыкладна палова калектыву прыносяць «сабойкі», астатнія купляюць нешта ў краме ці на адным з двух вулічных рынкаў вакол офіса. Кошт такога абеду «на вынас» — ад трох да пяці фунтаў. У офісе заўсёды ў наяўнасці гарбата, кава, печыва, садавіна ды іншыя нішцякі.

Працоўная культура: больш персанальнай адказнасці і пабы да «абдымашак»   

Тут хацелася б адразу папярэдзіць: мой расповед грунтуецца выключна на асабістым вопыце, які можа значна адрознівацца ад вопыту іншых брытанскіх айцішнікаў. А з улікам таго, што айцішны мір Альбіёну значна больш разнастайны за беларускі, ступень адхілення вопытаў можа быць значна большая, чым вы сабе ўяўляеце.

Галоўнае адрозненне нашай і брытанскай працоўнай культуры —  у значна больш высокай персанальнай адказнасці кожнага ўдзельніка вытворчага працэсу. Ведаеце, калі чалавеку непрыемна «лажаць» не таму, што за гэта перадугледжана нейкае спагнанне, а таму, што яму потым у люстэрка глядзець будзе сорамна.

Адзін мой сябра ўвогуле лічыць, што асноўная праблема постсавецкага грамадства ў адсутнасці мэнэджараў. У шырокім сэнсе, дзе кожны чалавек перадусім ёсць мэнэджарам самому сабе. Дадам, што другое вынікае з першага, а першае — са ста год калектывізму. Але гэта тэма для іншай размовы.

Працоўны графік залежыць ад працадаўцы, як і ў Беларусі. Параўнальна часта сустракаецца «персанальны» расклад, калі нехта дамаўляецца аб змешчаных гадзінах, аддаленай працы ці няпоўным тыдні. Адсутнасць працоўнага кодэксу гэтаму спрыяе. Што да перапрацовак, гэтай халеры тут крышачку больш, чым у Беларусі, што таксама ёсць вынікам больш высокага ўзроўню персанальнай адказнасці. Але калі параўноўваць з Японіяй ці ЗША, то можна сказаць, што ў Брытаніі гэта праблема ўвогуле не існуе.

Пра адносіны начальнік/падначалены разважаць даволі складана, бо мой вопыт вельмі абмежаваны. Здаецца, што статыстычна ў мясцовага начальства крыху менш пантоў ды больш ментарства, але цалкам магчыма, што сярэдняя тэмпература па шпіталі адрозніваецца ад маёй.

Канец працоўнага тыдня ў Сіці.

У нашым офісе апроч брытанцаў працуюць беларусы ды паляк. Раней, праўда, было трошкі больш шматнацыянальна. Стасункі паміж калегамі даволі цесныя, усе ветлівыя адзін да аднаго, грубасці ці нават недалікатнасці ў выкананні мясцовага маэстра не ўбачыш (некаторыя замежнікі часам вылучаюцца). Па пятніцах усе традыцыйна ідуць у паб, дзе наліваюцца півам да абдымашак ды… разыходзяцца па хатах. На гэтым звычайна ўсё сканчваецца, у панядзелак вы зноў толькі калегі. Прабіць гэты мур параўнальна складана, але не немагчыма. З іншага боку, і вам у душу ніхто гвалтам лезці не будзе.

Рытуалы: рукаюцца тут аднойчы

Спачатку трохі збянтэжвае рытуал прывітання.

Па-першае, «рукаюцца» людзі незалежна ад полу і толькі аднойчы — у момант першага знаёмства. Звычайны для беларускага офісу «абыход» мужчынскай паловы зранку ды ўвечары здаецца брытанцам троху дзікаватай традыцыяй. Але многія мае калегі/знаёмыя, якія ведаюць пра гэтае «дзівацтва», з задавальненнем прымаюць правілы гульні і працягваюць мне руку двойчы ўдзень, адзначаючы, што ў гэтым ёсць нешта спрадвечна сапраўднае. Дарэчы, гэткі дэманстратыўны касмапалітызм ёсць яшчэ адной адметнай рысай брытанцаў — яны заўсёды імкнуцца паказаць замежніку, што знаёмыя з яго культурай ды паважаюць яе традыцыі, ніколі не саромячыся зрабіць ці сказаць нешта «не зусім так».

Па-другое, кожнае першае знаёмства ці штодзённае прывітанне складаецца з пэўнага набору стандартных фразаў, якія спачатку збянтэжваюць розніцай паміж літаральным і рэальным сэнсам. Знакамітае «How do you do?», якое, дарэчы, амаль ніхто не ўжывае, — толькі адзін з прыкладаў. Мяне больш бянтэжыць, што «We must go out for a coffee» зусім не сведчыць аб рэальным намеры вашага суразмоўцы піць з вамі каву. Таму калі вы ў адказ пагодзіцеся ды прапануеце нейкі канкрэтны час, рызыкуеце здзівіць суразмоўцу ды атрымаць далікатную адмову.

Ну, і асобна варта ўзгадаць абсалютнае табу на пагарду датычна да людзей іншай расы, асабліва чарнаскурых. У пэўным кантэксце і асяроддзі вы можаце дазволіць сабе крышачку знявагі ў бок французаў ці арабаў, але божа вас барані кранаць чарнаскурых, ці выкарыстоўваць так званае «n-word».

Наконт гумару магу дадаць, што ён значна бліжей да Жванецкага, чым да Петрасяна, што, на мой густ, вельмі добра.

Заробкі праграміста: больш за сярэднія, але менш за доктарскія

Аніякай грашовай дыскрымінацыі ў дачыненні да замежнікаў няма. Вядома, можа быць дэмпінг з боку саміх замежнікаў, якія часам згодныя працаваць за ніжэйшую зарплату, каб гарантаваць сабе месца, але ў айці я аб такім не чуў — надта інтэрнацыянальная прафесія, усе больш-менш ведаюць сабе цану.

Заробкі ў ІТ статыстычна ўдвая вышэйшыя за сярэднія па Брытаніі, то бок, на жыццё хапае. Параўнаем гэтыя суадносіны з Сінявокай, дзе айцішныя заробкі большыя за сярэднія ў пяць разоў. Таму, як кажа мой знаёмы, «калі хочаш быць каралём пясочніцы, лепш заставайся на радзіме».

Адзначу, што ў Брытаніі дактары, юрысты ды шмат якія іншыя спецыялісты зарабляюць больш за праграмістаў. Увогуле ў гэтым грамадстве з вялікай павагай ставяцца да прадстаўнікоў усіх прафесій (акрамя, мабыць, рыэлтараў), калі яны добра выконваюць сваю працу. Тут не сорамна быць сантэхнікам, але сорамна быць дрэнным сантэхнікам.

У маёй кампаніі няма ані сацпакету, ані бонусаў, але гэта, хутчэй, выключэнне з правілаў. Іншыя кампаніі прапануюць розныя бонусныя схемы (напрыклад, адсотак ад гадавога заробку, які залежыць ад вашай пазіцыі ды стажу), павышаныя выдаткі ў пенсійны фонд, бясплатныя ці вельмі танныя медыцынскія страхоўкі, кампенсуюць выдаткі на адукацыю ці садок для дзетак, на спорт ці адпачынак і г. д.

Стандартная індэксацыя заробку складае ад 3 да 10 адсоткаў у год, залежна ад памеру ды сферы дзейнасці бізнэсу. У буйных кампаніях індэксацыя і формулы яе разліку афіцыйна зацверджаныя ды вядомыя ўсім супрацоўнікам, у маленькіх гэта нешта накшталт джэнтэльменскай дамовы: працадаўца не абавязаны нічога індэксаваць, але і працаўнік не абавязаны заставацца ў кампаніі, калі не атрымлівае штогадовага павышэння. Апроч індэксацыі, вядома, існуе шмат іншых фактараў, якія часцяком значна мацней ўплываюць на памер заробку, кшталту павышэнняў па службовай лесвіцы, — але гэта ўжо вельмі індывідуальна.

Кошты: It depends

Узровень коштаў… розны. Транспарт, жытло, камуналка каштуюць значна больш за беларускія аналагі. Выдаткі на гэта ў кожнага розныя і залежаць ад месца ды якасці жытла, яго адлегласці ад офіса, таму магу даць толькі некалькі апорных кропак для далейшай самастойнай інтэрпаляцыі.

Зняць пакой у кватэры на водшыбе абыйдзецца вам у некалькі соцень фунтаў, а дом у цэнтры — у некалькі тысяч. Калі звузіць інтэрвал да сярэдняга бюджэту новаспечанага айцішнага імігранта (недзе паміж 1000 і 1500 фунтаў на месяц), атрымаецца альбо маленькая кватэра-студыя ў шматпавярховіку ў цэнтры, альбо добрая кватэра ці нават дом з садам на водшыбе. Калі жытло ў цэнтры, выдаткі на транспарт мінімальныя, бо можна перасоўвацца пешшу. Гэта, таксама, значна хутчэй — 10-20 хвілін ў адзін бок, калі вы адмыслова знойдзеце кватэру недалёка ад офіса. А вось за прагу да прасторы ды чыстага паветра давядзецца заплаціць не толькі грашыма, але і ўласным часам: 5 фунтаў ды каля гадзіны ў адзін бок — звычайная справа. Ёсць нават больш экстрэмальныя выпадкі: мой калега, напрыклад, жыве ў Кембрыджы — праязны на год каштуе яму чатыры з паловай тысячы фунтаў, дарога займае паўтары гадзіны ў адзін бок.

Да працы штодня еду цягніком. Дарога займае ў раёне гадзіны.

Адразу адкажу на пытанне, чаму б не ездзіць на працу на самаходзе. Таму, што гэта ў два разы даўжэй (трафік) і ў чатыры разы даражэй (платны ўезд у цэнтр ды вельмі дарагая паркоўка), чым на цягніку ці метро.

Хуценька пералічу астатнія рэгулярныя выдаткі. Камуналка (газ, святло ды іншае) — недзе 150-350 фунтаў на месяц у залежнасці ад якасці жытла ды сезону. Інтэрнэт, які тут звычайна набываецца разам з кабельным ТБ ды тэлефонным нумарам — каля 50 фунтаў за «оптыку» на 50 мегабіт. Кантракт на смартфон — ад 15 фунтаў на месяц за базавы «андроід» з вельмі абмежаваным трафікам да 40 фунтаў за топавы апарат з поўным «анлімам». Звычайна кошт смартфона ўваходзіць у кантракт, стандартная працягласць якога два гады.

Цэны ў прадуктовых крамах амаль такія ж, як і ў Беларусі — нешта крышачку танней, нешта даражэй, але асартымент ды ўзровень кантролю за тэрмінамі прыдатнасці непараўнальна лепш. Адзенне ды розныя гаджэты тут танней, чым на радзіме, але звычайна даражэй, чым у ЗША.

Лондан — адзін з самых дарагіх гарадоў свету, і гэта трэба ўлічваць пры планаванні пераезду. Сярэднія выдаткі на жытло і іншыя спадарожныя сэрвісы тут амаль ў пяць разоў вышэйшыя за мінскія, а сярэдні заробак у айці вышэйшы толькі ў два з паловай разы. Гэта значыць, адносная вага рэгулярных выдаткаў у вашым заробку павялічыцца ўдвая, што можа істотна зменшыць фінансавую прывабнасць пераезду.

У маім выпадку фінансавая прывабнасць была ўвогуле адмоўнай — «свабодных» грошай у сям'і ў першыя некалькі год пасля пераезду было нават менш, чым у Мінску. Але ці шкадаваў я аб гэтым? Аніводнай хвіліны!  

Медыцына і адукацыя: за якасць і хуткасць трэба плаціць

Медыцына тут бясплатная для ўсіх рэзідэнтаў (даўгатэрміновай візы дастаткова), але яна адзначаецца вельмі доўгімі чэргамі. Калі вашаму жыццю нічога не пагражае, можна прачакаць неабходнага спецыяліста ці абследавання з паўгоду. Таму шмат хто набывае прыватную страхоўку, якая каштуе некалькі соцень фунтаў на месяц на сям’ю ды забяспечвае значна хутчэйшы доступ да медычных паслуг.

Сярэдняя адукацыя таксама бясплатная, але якасць школ розніцца. Вучняў размяркоўвае дзяржава, карыстаючыся выключна адлегласцю вашага жытла ад школы. Адзіны спосаб паўплываць на гэта — пайсці ў прыватную ўстанову, якая каштуе 10-20 тысяч фунтаў на год.

Дзіцячыя садкі ўсе прыватныя, кошт залежыць ад тэрміну, які ваша дзіцяня там знаходзіцца. Поўны дзень, пяць дзён на тыдзень будзе каштаваць 1-2 тысячы на месяц, таму калі ў сям’і больш за адно малое дзіця, нехта з бацькоў звычайна сыходзіць з працы. Але нават у гэтым выпадку лічыцца, што дзіцё павінна хадзіць ў садок хаця б некалькі гадзін на тыдзень — дзеля сацыялізацыі. Каб дапамагчы з гэтым, дзяржава нават аплачвае 15 гадзін садка на тыдзень цягам апошняга году перад школай (pre-school year). Дарэчы, у школу дзеткі пачынаюць хадзіць, калі ім спаўняецца ўсяго чатыры гады, таму папярэдняя сацыялізацыя сапраўды неабходная.

Вышэйшая адукацыя таксама платная, але ёсць сістэма грантаў ды гэтак званы «student loan» — вы запазычваеце грошы на адукацыю ў дзяржавы, якія паступова вяртаеце, калі ўладкоўваецеся на працу.

Забавы: на любы густ

Я не прыхільнік клубных тусовак, якімі славуты Лондан, таму, на жаль, не ведаю, як тут і што. Квіткі ў кіно каштуюць 7-15 фунтаў, у тэатр ці на музычныя канцэрты — 15-150. Выбар, напэўна, лепшы, чым у Беларусі, прычым, нечакана, гэта тычыцца таксама большасці зорак з постсавецкай прасторы. БГ і «О.Е.», напрыклад, прыязджаюць амаль кожны год.

Падарожжа на ўік-энд: за 1,5 гадзіны можна дабрацца да Бічы-Хэд, Усходні Сасэкс (на фота злева) і Оксфарда (знізу), за 5 — да Снаўдоніі, Уэльс.

Вольны час баўлю дома з сям’ёй ці па гасцях, сярод якіх ўжо даволі шмат месцічаў. Па выходных мы рэгулярна наведваемся ў Беларускі цэнтр — на заняткі ў беларускую школку альбо ладзім міні-вандроўкі па наваколлі. У радыюсе некалькіх машына/гадзін ад Лондана можна знайсці што заўгодна: мора, горы, нацыянальныя паркі, старажытныя замкі ды стоўнхенжы.

Брытанцы і беларусы: доктар Ватсан і айцец Надсан

Тыповы брытанец для мяне — нешта сярэднее паміж Джыўсам і Вустэрам. Ну ці калі вы бачылі серыял «Шэрлак» — тады доктар Ватсан адтуль. Больш падрабязна адказаць сцісла немагчыма. Трэба альбо тут жыць, альбо прачытаць кнігу Кейт Фокс «Watching the English».

З жонкай Вольгай і сынам Аляксандрам Аляксандравічам спяваем «Грай» на Дні роднай мовы ў Беларускім цэнтры ў Лондане.

У Лондане хапае і беларусаў, але, як і ў Беларусі, няшмат з іх усведамляюць у сваёй радзіме нешта старэйшае за Савецкі Саюз. А жыхары БССР, шчыра кажучы, не вельмі адрозніваюцца ад жыхароў той жа самай РСФСР. Таму мы і наведваемся ў Беларускі цэнтр, каб крыху патаўчыся сярод тых суайчыннікаў, якія з павагай ставяцца да сваёй гісторыі, мовы і традыцыяў. Там ёсць грэка-каталіцкая царква (пры ёй і працуе школка) і найвялікшая беларуская бібліятэка за мяжой, на чале якой доўгія дзесяцігоддзі стаяў айцец Аляксандр Надсан. Мы вельмі радыя, што нам давялося асабіста пазнаёміцца з гэтым легендарным чалавекам.  

Лондан для жыцця

Калі нехта пытаецца, за што я люблю гэты горад, я заўсёды адказваю — за разнастайнасць. Тут ёсць шкляныя хмарачосы і дрымучыя лясы, шумныя вуліцы і пустыя паркі, звышсучасная архітэктура і сярэднявечныя замкі — нібыта тысячу маленькіх гарадоў нехта закінуў у капялюш, страсянуў ды рассыпаў над Тэмзай. Кожны можа знайсці «сваё» месца ў гэтым вітражы, нікому тут не будзе сумна. Дастаткова зрабіць некалькі крокаў убок — і вы ў іншай рэчаіснасці, рухаецеся з іншай хуткасцю, дыхаеце іншым паветрам.

Я хаджу з офіса на станцыю пешшу, ды, калі хапае часу, гуляю з сабой у гульню: спрабую прайсці гэтыя паўтары мілі такім шляхам, якім яшчэ ніколі не хадзіў. І, ведаеце што, — дагэтуль атрымліваецца!

Фота: з архіву А.Кузняцова

По теме
Все материалы по теме
Место солидарности беларусского ИТ-комьюнити

Далучайся!

Читайте также
Компания ввела 4-дневку — число соискателей выросло в 1,5 раза, другие показатели в плюсе
Компания ввела 4-дневку — число соискателей выросло в 1,5 раза, другие показатели в плюсе
Компания ввела 4-дневку — число соискателей выросло в 1,5 раза, другие показатели в плюсе
«Полная обдираловка»: британские пользователи подали иск против Sony из-за завышенных цен в PlayStation Store
«Полная обдираловка»: британские пользователи подали иск против Sony из-за завышенных цен в PlayStation Store
«Полная обдираловка»: британские пользователи подали иск против Sony из-за завышенных цен в PlayStation Store
Последствия локдауна стали убивать больше людей, чем коронавирус
Последствия локдауна стали убивать больше людей, чем коронавирус
Последствия локдауна стали убивать больше людей, чем коронавирус
1 комментарий
В Великобритании из-за дата-центров могут запретить строить дома на 10 лет
В Великобритании из-за дата-центров могут запретить строить дома на 10 лет
В Великобритании из-за дата-центров могут запретить строить дома на 10 лет

Хотите сообщить важную новость? Пишите в Telegram-бот

Главные события и полезные ссылки в нашем Telegram-канале

Обсуждение
Комментируйте без ограничений

Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.

Комментариев пока нет.