Грамадскае аб’яднанне бясплатна навучала праграмістаў, але Дэпартамент фінансавых расследаванняў Дзяржкантролю не ўпершыню падазрае яго ў незаконнай камерцыйнай дзейнасці. Кіраўніцтва, лектараў і слухачоў выклікаюць на допыты, ладзяць ператрусы па месцы жыхарства. Сёння яны расказалi журналiстам, як развiваецца справа.
Праверка адбываецца з сакавіка 2017 года. За гэты час кіраўніцтву Інстытута тройчы дасылалі лісты, у якіх паведамлялі пра адсутнасць злачынства. Але ў чэрвені 2018 года была прад’яўлена пастанова пра завядзенне справы.
«ДФР спрабуе давесці, што мы нібыта былі філіялам замежнага ўніверсітэта і незаконна атрымоўвалі аплату ад слухачоў. Але чаго не было, таго не было. Мы не бралі аплату, не выдавалі дыпломаў ці сертыфікатаў. Яны ўжо год не могуць знайсці і прад’явіць ніякіх доказаў. Думаю, што гэты ціск мы маем з-за беларускай мовы навучання», — сказаў дырэктар Інстытута Павел Бука.
У чарговы раз яго дапыталі 8 чэрвеня. Допыт працягваўся 6,5 гадзін.
Ён мяркуе, што міліцыя не можа паверыць, што такі аб’ём лекцыяў можна чытаць без аплаты, на грамадскіх пачатках. «Псіхолагі кажуць, што калі чалавек нешта не ведае, то ён пачынае запаўняць гэтае няведанне чымсьці знаёмым. Яны працуюць з крыміналам, таму шукаюць яго і ў нас», — дадаў наш суразмоўца.
Паўлу шкада, што гэтыя дзеянні ДФР негатыўна ўплываюць не толькі на імідж Інстытута, навукоўцаў, але і Беларусі ў цэлым: ІТ-інвестары лішні раз падумаюць, ці варта звязвацца з краінай, дзе перашкаджаюць дзейнасці якаснай спецыялізаванай адукацыі, лiчыць ён.
Хутчэй за ўсё гэты ціск скончыцца нічым праз год-два, мяркуе Павел. Але, на жаль, гэта «фактычна выкрэсліла год жыцця ў паўсотні чалавек».
Адзін з ранейшых слухачоў Алесь Бачкароў сказаў, што абраў навучанне ў Інстытуце з-за адсутнасці альтэрнатывы. У 40 з нечым гадоў яму ўжо цяжка паступіць у ВНУ, а іншыя курсы па праграмаванні «вельмі дорага каштуюць». Ён добра падцягнуў матэматыку, зразумеў, як «0» і «1» «ператвараюцца ў сімвалы», як працуюць мікрасхемы, пачаў засвойваць С++.
Інстытут матэматыкі і кібернетыкі быў створаны ў 1997 годзе. З самага пачатку ён працаваў хутчэй як навуковая ўстанова: займаўся даследваннямі, ствараў тэорыі.
«Калі мы прыйшлі да практычнага рашэння пытання аб асвеце, аказалася, што ў Беларусі існуе Кодэкс аб адукацыі, які моцна абмяжоўвае магчымасць стварэння ўніверсітэту. Але ён цалкам дазваляе, прычым без ліцэнзіі, рабіць бясплатныя лекцыі. Мы спыніліся на гэтым фармаце для таго, каб падрыхтаваць усё неабходнае для будучага ўніверсітэта: стварыць падручнікі, адпрацаваць тэорыю, тэрміналогію. Па магчымасці — кадры», — дадаў дырэктар грамадскага аб’яднання.
Новая асветная праграма пачалася ў 2013 годзе. Лекцыі праводзіліся ў арэндаваных памяшканнях Дома быта, БЦ «Цітан». У 2014 годзе з’явілася магчымасць адкрыць беларускамоўную праграму у ровенскім МЭГУ.
«Аказалася, што за мяжой могуць навучыць па-беларуску, а ў Беларусі — не. Навучальнаму працэсу гэта праверка ніяк не магла перашкодзіць. Усе тыя некалькі дзясяткаў чалавек працягваюць завочна навучацца ва Украіне».
Раней заняткі праводзіліся паралельна. У Мінску навучалі матэматыцы, праграмаванню, новым кампутарным тэхналогіям, «якім увогуле нідзе ў свеце не вучаць, бо гэта эксклюзіўныя вынаходнiцтвы Інстытута». Наведаць іх мог любы слухач.
Павел не выключае, што пасля спынення крымінальнай справы далучыцца да беларускамоўнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча, які зараз ствараюць энтузіасты з Таварыства беларускай мовы.
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.