Дапамажыце dev.by 🤍
Падтрымаць

Масква — Вільня — Барселона — Новая Зеландыя. Як QA знайшоў сябе на краі свету

Распавядае Senior QA Engineer з Окленда, які 20 гадоў таму скончыў фізфак БДУ.

27 каментарыяў
Масква — Вільня — Барселона — Новая Зеландыя. Як QA знайшоў сябе на краі свету

Распавядае Senior QA Engineer з Окленда, які 20 гадоў таму скончыў фізфак БДУ.

Супрацьлеглы ўчастак планеты, антыпод Беларусі на глобусе, знаходзіцца ў паўднёвай частцы Ціхага акіяна. І менавіта Новая Зеландыя — найбліжэйшы буйны ўчастак сушы. Але нават на гэтым краі свету ў дзесяці гадзінных паясах ад Мінска ёсць беларускія айцішнікі. Адзін з іх — Senior QA Engineer Аляксандр Кочын, які перабраўся з Барселоны ў Окленд, самы вялікі горад Новай Зеландыі, каля двух гадоў таму.

Фізфак БДУ — Масква — Вільня — Барселона — Новая Зеландыя

У 2006 годзе я скончыў фізфак БДУ. У тыя часы ў айцішку трапіць было няцяжка: ІТ-кампаніі проста «выграбалі» выпускнікоў тэхнічных ВНУ. 

Пару гадоў я адпрацаваў у тыповай беларускай аўтсорс-кампаніі, а потым пераехаў у Маскву. Дзесяць гадоў працаваў там у розных кампаніях на пазіцыях Junior QA, Senior QA, QA Head. Апошнім маім месцам працы ў Маскве з 2015 года быў стартап, які рабіў лагістычны прадукт для амерыканскага рынку. Тады яшчэ праца ў Расіі на амерыканскі рынак была чымсьці больш-менш нармальным. Але праз год наш фаўндар прыйшоў да высновы, што гэта не вельмі правільна, тады якраз пачаліся размовы пра ўплыў расійскіх хакераў на выбары ў ЗША. 

Было вырашана рэлакавацца ў Вільню. Літва тады стварала вельмі прыемныя ўмовы для ІТ-кампаній і стартапаў, туды перабралася даволі шмат расійскіх і беларускіх бізнесаў, якіх стала яшчэ больш пасля падзей 2020 года і пасля пачатку вайны. 

Тры гады мы з жонкай пражылі ў Вільне, і я атрымаў офер з Барселоны ад кампаніі Wallapop. Гэта штосьці накшталт іспанскага «Авіта». Там на пазіцыі QA Lead неяк не вельмі добра ўсё склалася, год адпрацаваў і пачаў задумвацца пра новы пераезд. 

Выбраў Новую Зеландыю. Я даўно прыглядаўся да гэтай краіны, яна мне вельмі падабалася. Штосьці пра яе ведаў — звычайны набор інфармацыі з інтэрнэту пра прывабную для іміграцыі краіну. Але на самой справе гэта, канечне, быў такі «скачок веры». Мы зразумелі, што туды можна пераехаць, хоць і напружыўшыся максімальна. І вырашылі: «Ну добра, едзем». Праўда, жонка сказала, што ёй надакучыла пераязджаць: яна толькі бізнес арганізуе — і зноў пераязджаем. Таму дамовіліся, што гэта будзе апошні пераезд.

Рыхтуючыся да пераезду ў Новую Зеландыю, я спецыяльна падабраў сабе цалкам аддаленую працу. Гэта была амерыканская кампанія, але ўвесь інжынірынг у ёй быў рускамоўны. А працавала яна ў еўрапейскім гадзінным поясе. У выніку амаль паўтара года пасля пераезду ў Новую Зеландыю мне давялося працаваць начамі.

Тут мы ўжо два гады. Прыехалі ў перыяд постковіднай дэпрэсіі. Пандэмія распаўсюджвалася нераўнамерна: калі мы з’язджалі з Іспаніі, там яе наступствы ўжо заканчваліся. А ў Новай Зеландыі наадварот рынак праваліўся.

Фота апавядальніка

Новая Зеландыя — гэта краіна з вольнай рынкавай эканомікай і высокім узроўнем жыцця, і айцішачка тут таксама ёсць. Але сама па сабе краіна вельмі маленькая, 5 млн чалавек. Таму з буйных працадаўцаў тут прадстаўлены ў асноўным банкі і страхавыя кампаніі. Затое шмат невялікіх кампаній. Для мяне гэта зручна: у мяне рэнамэ такое, стартапнае.

Шчыра кажучы, першы час пасля пераезду я думаў, што калі б мы загадзя ведалі пра ўсе складанасці — яшчэ падумалі б. Але цяпер я разумею, што гэта было правільнае рашэнне.

Як айцішніку трапіць у Новую Зеландыю і легалізавацца

Як прыязджаюць у Новую Зеландыю? Па сутнасці, ёсць два варыянты. Рэдкі — гэта калі табе нейкім цудам удалося знайсці працу ў гэтай краіне аддалена. 

Вялікая частка людзей сюды прыязджае за адукацыяй. Тут ёсць універсітэты сусветнага ўзроўню. Калі мы разабраліся ва ўсёй гэтай схеме, жонка вырашыла, што выдатна было б атрымаць тут MBA. 

«Вучыў прымаць рашэнні менеджар з Amazon». ІТ-спецыялісты вучыліся на розных MBA — вось навошта (і па якім кошце). А ці спатрэбілася?
«Вучыў прымаць рашэнні менеджар з Amazon». ІТ-спецыялісты вучыліся на розных MBA — вось навошта (і па якім кошце). А ці спатрэбілася?
Па тэме
«Вучыў прымаць рашэнні менеджар з Amazon». ІТ-спецыялісты вучыліся на розных MBA — вось навошта (і па якім кошце). А ці спатрэбілася?

Спачатку мы прыехалі сюды на моўныя курсы. Жонка — па часовай студэнцкай візе, а я «прычэпам» як партнёр па візітарскай візе. Пазней жонка паступіла ў ВНУ і атрымала паўнавартасную студэнцкую візу. А я як муж студэнткі — працоўную партнёрскую візу, якая дае права займацца тут чым заўгодна.

Толькі пасля гэтага з’явіліся рэальныя шанцы знайсці мясцовую працу. Справа ў тым, што ў краіне хапае спецыялістаў-рэзідэнтаў, якіх кампаніі любяць больш і не адсейваюць на этапе скрынінгу.

Паўтара года з моманту пераезду я адгукаўся на ўсё рэлевантнае — 100+ вакансій. За ўвесь гэты час у мяне было чатыры сур’ёзных сумоўі — ужо тэхнічных, калі трэба было прыходзіць у офіс, размаўляць са стэйкхолдарамі. 

Так што важны этап для любога імігранта тут — гэта атрымаць рэзідэнцтва, то бок часовы від на жыхарства. Рэзідэнцтва вызваляе цябе ад любых праблем, звязаных з пошукамі і зменай працы. Простае рэзідэнцтва можна атрымаць, адпрацаваўшы год на мясцовага працадаўца і пацвердзіўшы свой дыплом у мясцовай арганізацыі.

Яшчэ праз пару гадоў можна прэтэндаваць на статус перманентнага рэзідэнта, пастаянны від на жыхарства. І яшчэ праз пяць гадоў — на грамадзянства. Пакуль жа я грамадзянін Беларусі, нягледзячы на 10 гадоў жыцця ў Расіі грамадзянства не мяняў.

З катом таксама ўсё складана

У Новую Зеландыю мы пераязджалі з катом. Гэта краіна з самымі жорсткімі законамі па ўвозе жывёл. Ёсць спіс краін, дзе жывёла павінна пажыць не менш за паўгода, каб табе дазволілі ўвезці яе сюды. Напрыклад, калі хтосьці вязе ў Новую Зеландыю жывёл з Расіі, спачатку іх адпраўляюць на ператрымку ў Карэю ці ААЭ. Афармленнем дакументаў займаецца адмысловая кампанія, кот атрымлівае неабходныя прышчэпкі і затым яго афармляюць спецыяльным грузам. А тут ён яшчэ і ў каранціне сядзеў. І каштавала гэта ўсё таксама прыстойна.

Зараз у майго ката ёсць расійскі, літоўскі і іспанскі пашпарты. У Новай Зеландыі сказалі, што новы пашпарт рабіць не будуць — няхай па іспанскім жыве.

Праца: «Пасля рускамоўнага ІТ быў у шоку»

Зараз я Senior QA Engineer у новазеландскім стартапе Charge Net. Кампаніі ўжо дзесяць гадоў, але яна захавала тыповыя для стартапаў памеры і структуру. А так гэта самая вялікая ў краіне сетка зарадных станцый для электрамабіляў. У нас гібрыдны графік, у офіс перыядычна езджу — у мяне там пара тэставых электрамабіляў. Даволі шмат выездаў у палі, дзе я на пунктах займаюся тэставаннем на прадакшэне. 

Дзесьці 2/3 супрацоўнікаў — гэта ківі (так сябе называюць новазеландцы). Але хапае і замежнікаў. Нядаўна, напрыклад, нанялі хлопца з Перу, сядзіць са мной у адным кабінеце. А Product Owner у нас немка.

Фота апавядальніка

Праца — як і жыццё ў цэлым — тут вельмі размераная. Калі я прыйшоў на новае месца працы з рускамоўнага ІТ, быў у шоку: я прама рэактыўна ўсё раблю, а астатнія не спяшаюцца. У Новай Зеландыі не прынята забівацца на працы, гэта будзе выглядаць вельмі дзіўна. 

У новазеландцаў няма звычкі хутка сыходзіцца адзін з адным, гэта праяўляецца і ў адносінах у камандзе. Нядаўна мы, каманда распрацоўкі, паехалі на канферэнцыю. Увечары разам крыху спакойна папілі піва, абмеркавалі крыху пару знаёмых тэм. І ўсё. Ніякай іскры сяброўства паміж намі не праслізнула. Калі б я прыехаў на такую канферэнцыю ў рускамоўным калектыве, упэўнены, усё было б інакш.

Культурна мы вельмі розныя. І я акуратненька стараюся не налажаць і неяк ухапіць гэту іх культуру.

Розныя новазеландцы

Калі я кажу пра ківі, трэба разумець, што Новая Зеландыя — гэта краіна мігрантаў. Тут вельмі шмат выхадцаў з сем’яў мігрантаў. І калі, напрыклад, дзяўчына нарадзілася тут у кітайскай сям'і — яна лічыцца ківі. Наогул тут вельмі шмат кітайцаў і індыйцаў, гэта дзве самыя вялікія дыяспары.

Яшчэ трэба ўзгадаць пра маоры. Гэта карэнны палінезійскі народ, які жыў у Новай Зеландыі да прыбыцця еўрапейцаў. Іх тут працэнтаў 15. Уся новазеландская дзяржава заснавана на дамове Вайтангі паміж маоры і англічанамі. І зараз яна успрымаецца як рабаўніцкая дамова — было шмат дэбатаў аб тым, наколькі яна несправядлівая. Але пакуль не пераглядаюць, бо гэта складаная справа.

Многія з маоры жывуць асобнымі паселішчамі, але ты часта бачыш гэтых людзей з татуіроўкамі на падбароддзях. Гэта вельмі крута выглядае. У нас у кампаніі ёсць супрацоўнік-маоры, займаецца бяспекай і аховай працы.

Фота апавядальніка

Да маоры ў Новай Зеландыі ставяцца з пазіцыі культурна-гістарычнага абавязку перад імі — вельмі беражліва. Маарыйскую культуру даволі актыўна прасоўваюць (або, як лічаць некаторыя, навязваюць). Маарыйскую мову адраджаюць, актыўна выкладаюць у школах і ўніверсітэтах. У цэлым для Новай Зеландыі гэта адчувальная тэма.

Да беларусаў тут няма ніякага асаблівага стаўлення, абсалютна. Мы тут рэдкія хлопцы — зрэшты, як і расіяне. Новазеландцы — адукаваныя людзі, і калі кажу, што я з Беларусі, яны адказваюць, што чулі пра гэту краіну «недзе ў цэнтры Еўропы». Дэманструюць такую ветлівую цікаўнасць.

Зрэшты, калі яны разумеюць, што ў паўсядзённых зносінах я гавару па-руску, то цікавяцца чаму. Пытаюцца, што сталася з нашай мовай. 

«Трасянка». На якіх мовах гавораць у эміграцыі — дома на працы і з дзецьмі (з беларускай мовай усё цікава)
«Трасянка». На якіх мовах гавораць у эміграцыі — дома, на працы і з дзецьмі (з беларускай мовай усё цікава)
Па тэме
«Трасянка». На якіх мовах гавораць у эміграцыі — дома, на працы і з дзецьмі (з беларускай мовай усё цікава)

На самай справе пры выглядзе беларуса больш здзіўляліся людзі ў Казахстане, у Алматы. Ад іх я чуў «Нічога сабе, з такой далечыні, вось гэта так!» А тут — ну Беларусь, так Беларусь. Тут людзі з усіх краін ёсць.

Калі думаеце, што ў вас добрая англійская, — можаце абламацца

Рабочая мова ў кампаніі англійская. У яе тутэйшай версіі ёсць нейкія мясцовыя словы, але больш праблем — з гаворкамі. У новазеландскай англійскай вельмі шмат гаворак, з шатландскімі, ірландскімі ці нейкімі іншымі каранямі, відазмененымі ўжо тут. Першы час было вельмі складана разумець розных членаў каманды.

Мне лёгка давалася стасаванне на англійскай мове з еўрапейцамі — напрыклад, з іспанцамі. А тут давялося напружыцца. 

Важна: калі вашай англійскай хапае для сумоўяў у Еўропе — не факт, што хопіць і для сумоўяў у Новай Зеландыі. Канечне, трэба не баяцца і спрабаваць свае сілы. Але я так скажу: можна і абламацца.

Даходы, падаткі і KiwiSaver

Параўнаць даходы і ўзровень жыцця ў Новай Зеландыі з беларускімі я не змагу, з’ехаў з Беларусі ўжо даўно. Паспрабую з маскоўскімі, але гэта таксама будзе няпроста. Жыць у Маскве па новазеландскіх мерках дастаткова танна. Мы пакінулі гэты горад у 2017 годзе. У мяне была добрая маскоўская зарплата, якой хапала на здыманне кватэры ў добрым раёне побач з метро, і мы мала ў чым сабе адмаўлялі.

Тут мы таксама дакладна не бядуем. Узровень жыцця нават лепшы, чым у Маскве, але ён «з’ядае» большую частку грошай. Магу сказаць так: калі б я жыў у Маскве з сённяшняй новазеландскай зарплатай, у мяне дакладна заставалася б больш грошай пасля ўсякіх абавязковых выдаткаў.

Прасцей будзе параўноўваць даходы з Іспаніяй, з якой мы з’ехалі не так даўно. У Барселоне, прынамсі два гады таму, была выразная «шкляная столь»: больш за 55 000 еўра Senior QA Engineer нідзе не атрымліваў. Ліду давалі 65 000 еўра ў год.

Мінімум, на які могуць разлічваць QA-інжынеры ў Новай Зеландыі — гэта недзе 80 тысяч новазеландскіх даляраў у год [$46 400]. Senior будзе зарабляць ад 100 да 120 тысяч [$58 000 — 70 000], лід — нешта каля 140 тысяч у год [$81 000]. Гэта вельмі прыблізная ацэнка на падставе вакансій, якія я бачыў.

Фота апавядальніка

З падаткамі ў Новай Зеландыі ўсё вельмі проста. У мяне ёсць асабістыя кабінеты ў мясцовай падатковай і на працы, дзе я бачу свае пэйсліпы [разліковыя лісткі] і сумы падаткаў, якія плачу. Тут прагрэсіўная шкала [ад 10,5% да 39%]. На агульную стаўку падаходнага падатку ўплываюць яшчэ розныя падатковыя вылікі. Я плачу 28% ад даходу.

Таксама працадаўца абавязкова плаціць 3% ад зарплаты ў мясцовы пенсійны фонд, які называецца KiwiSaver. І яшчэ да 10% ад зарплаты ты можаш адкладваць туды сам добраахвотна. Грашыма з KiwiSaver кіруюць пенсійныя фонды, інвестуюць іх па ўсім свеце. Але без рэзідэнцтва пенсійная сістэма табе не даступная.

Па маіх адчуваннях з пераездам у Новую Зеландыю мы сталі жыць лепш. Увогуле, для гэтага людзі і пераязджаюць. Пераехалі ў Вільню — у Вільне неяк лепш жылося, чым у Маскве. У Барселоне было лепш, чым у Вільне. А ў Новай Зеландыі лепш, чым у Барселоне. Хоць па Барселоне, канешне, сумуем і жонка, і я, чаго ўжо граху таіць.

Медыцына

Пакуль у цябе няма статусу рэзідэнта — медыцына цалкам на тваім сумленні. Многім страхоўку аплачвае працадаўца. Для рэзідэнтаў і ўладальнікаў доўгатэрміновых рабочых віз нейкая частка медыцынскіх паслуг ужо бясплатная, але астатняе таксама лепш пакрываць страхоўкай.

Тваё акно ў свет медыцыны тут — гэта доктар GP [General Practic, урач-тэрапеўт]. Да спецыяліста ў абыход яго не трапіш. Аднак, большую частку праблем GP вырашаюць самі. 

Пра нейкія шматмесячныя чаканні медыцынскіх спецыялістаў я не чуў. Жонка без праблем хадзіла на працэдуры па тым раскладзе, што ёй прапісалі. Зрэшты, ведаю, што МРТ тут можна па паўгода чакаць. Бывае і такое, што калі ў звычайнай бальніцы нейкага спецыяліста па страхоўцы доўга чакаць, людзі ідуць у платную клініку і запісваюцца на больш хуткі прыём. 

У любым выпадку, усё гэта зусім не падобна на беларускую медыцынскую сістэму, як я яе памятаю. Дзе ты прыйшоў у паліклініку як у краму. Тут трэба ўсё планаваць загадзя. Акрамя, канечне, «хуткай дапамогі».

Жыллё

Самы вялікі горад Новай Зеландыі, Окленд, адначасова і самы дарагі. У Барселоне арэнда жылля была танней. Тут дом або кватэра з дзвюма спальнямі (па-нашаму трохпакаёвае жыллё) абыдзецца ад 600 да 800 новазеландскіх даляраў у тыдзень [$350-460]. 

Пошук жылля ў Новай Зеландыі падобны на такі ж працэс у іншых цывілізаваных краінах з высокім узроўнем жыцця. Кантракт, па якім ты здымаеш жыллё, абараняе твае правы. Тут цябе не могуць выгнаць у любы момант, як у нас. Я ўзгадваю студэнцкія часы ў Мінску, калі мы здымалі кватэру з прыяцелем і гаспадар нам сказаў: «Праз два тыдні, калі ласка, высяліцеся, бо ў мяне сын з турмы выходзіць, і мне яго пасяліць няма дзе». 

Фота апавядальніка

Але ва ўсяго гэтага ёсць і адваротны бок. Выбар здымшчыкаў — гэта вельмі адказнае пытанне для лендлордаў, акрамя таго, тут заўсёды высокі попыт. Таму знайсці адэкватнае жыллё за адэкватныя грошы няпроста. 

Часцей за ўсё ты маеш зносіны не з самім лендлордам, а з агенцтвам. Многія ўладальнікі, напрыклад, перабіраюцца ў Аўстралію (для ківі гэта прыкладна як беларусу ў Расію прыехаць). Агент у першую чаргу глядзіць на тое, як ты і твая сям’я выглядаеце, паводзіце сябе, хто ты па прафесіі, навошта прыехаў. Гэта ўсё ты пішаш у cover letter. Папросяць загрузіць усялякія дакументы — напрыклад, аб даходах. А яшчэ папросяць рэферэнсы-рэкамендацыі — ад ранейшага лендлорда, з працы, а яшчэ ад чалавека, які жыве тут ужо нейкі час, мае добрую працу і рэпутацыю. 

Калі мы здымалі першае жыллё, у якасці рэферэнса я папрасіў рэкамендацыю ад сваіх лендлордаў у Іспаніі. Наш лендлорд потым казаў, што там моцна нас нахвальвалі.

Яшчэ я папрасіў напісаць рэферэнс з працы свайго тагачаснага CEO, які жыве ў Каліфорніі. І плюс у нас да таго часу ўжо была тут добрая мясцовая знаёмая, з якой мы пазнаёміліся ў Барселоне. 

З іпатэкай такая гісторыя. Сярэдні кошт дома ў Оклендзе — мільён новазеландскіх даляраў ($580 000). І па-добраму табе варта прыйсці ў банк ужо з 20% гэтай сумы. Тады банк дасць табе пазыку — дапусцім, гадоў на 25, тады ты будзеш кожны месяц плаціць прыкладна як за здыманне аналагічнага жылля або таней.

Фота апавядальніка

Ёсць дадатковыя опцыі — напрыклад, калі гэта ў цябе першае жыллё, банк можа пагадзіцца на меншы першы ўзнос і працэнты лепшыя. Але ўсё гэта таксама даступна толькі рэзідэнтам. 

Ежа

Новая Зеландыя — гэта самая дарагая краіна з усіх, у якіх я жыў. І прадукты тут таксама дарагія. З аднаго боку, Новая Зеландыя — гэта краіна з сур’ёзным аграрным сектарам, з вельмі развітай сельскай гаспадаркай. З другога, на маленькім унутраным рынку прадаваць усё гэта танна — проста нявыгадна. Тая ж гісторыя з морапрадуктамі, гэта маё галоўнае расчараванне тут пасля Барселоны. 

Лепшага мяса, чым у Новай Зеландыі, я не еў. З мясцовай баранінай можа параўнацца хіба што ісландская, хоць яе я ўжо даўно каштаваў. 

І яшчэ (зараз беларусы закідаюць тапкамі) я нідзе не еў смачнейшай бульбы. І дранікі з яе таксама вельмі смачныя. 

Фота апавядальніка

Новая Зеландыя вядомая як буйны экспарцёр вяршковага масла. Але нейкага гіганцкага выбару малочных прадуктаў тут няма. І наогул, новазеландцы да малочкі неяк абыякавыя. Зусім няма, напрыклад, тварагу. А кефір — гэта такая дыетычная адмысловая штука для аматараў нейкіх біфідабактэрый. І прадаецца ён толькі аднаго віду.

Яшчэ важная асаблівасць, якую зразумеюць тыя, хто жыве ў ЕС. Еўропа — гэта адна вялікая эканамічная зона, у краме любой агульнаеўрапейскай гандлёвай сеткі 2/3 прадуктаў на паліцах прывазныя — у выніку там вялікая разнастайнасць найменняў. А тут такога няма. Краіна маленькая, на краі свету, і везці сюды ежу проста вельмі дорага. 

Але, бадай, адзіны прадукт, якога мне тут рэальна не хапае — хлеб. Тут любы хлеб — гэта нейкая гумовая хрэнь. Часам мне кажуць: «А вось на іншым канцы горада ёсць пякарня, дзе ты, напэўна, зможаш купіць хрумсткую булку». І мне ў адказ хочацца смяяцца, таму што ў Барселоне ў вас проста не атрымаецца купіць не хрумсткую булку. 

Окленд і ківі-лайфстайл

Окленд — гэта самы вялікі горад Новай Зеландыі. Тут жыве 1,7 млн чалавек, траціна насельніцтва краіны. Мы планавалі пераязджаць сюды першапачаткова, таму што тут прасцей знайсці працу. У сталіцу, Велінгтан з насельніцтвам каля 200 тысяч чалавек, было б пераязджаць дзіўна. Канечне, там таксама ёсць айцішачка — але прыкметна паменей. А яшчэ гэта самае ветранае месца на зямлі, калі што. 

Хоць Окленд па агульнай колькасці насельніцтва амаль такі ж, як Мінск, ён таксама не адчуваецца вялікім горадам. Шматпавярховы цэнтр, Сіці, па перыметры можна за тры гадзіны абысці. Спачатку мы там і жылі. Там тусуюцца ўсе эмігранты, ён шчыльненькі, больш-менш жывы. А зараз перабраліся ў прадмесце, дзе жыве большая частка ківі. І гэта абсалютна іншы досвед. 

Фота апавядальніка

Мы жывём у прадмесці Біч-Хэйвен. І калі я зараз, не вельмі позна ўвечары, выйду на вуліцу, наогул нікога не сустрэну. Тут вельмі ціха і спакойна. А жыхары чыляць дзесьці ў сябе на заднім двары або ўнутры дома. У 10 вечара многія ўжо кладуцца спаць.

І вось гэты сапраўдны Окленд — велізарны па плошчы, разрэджаны, людзі ў ім не ўтрамбаваны ў шматпавярховыя скрынкі. Ты жывеш нібыта ў вёсцы. На працу ў офіс я езджу быццам з аднаго кавалка вёскі ў другі кавалак. 

Ківі-лайфстайл — гэта пра рэлакс. Паціхеньку пераймаю, і мне ён вельмі падабаецца. Мясцовай культурай мы таксама паступова прапітваемся. Гэта такая, англійская культура, у якой ты, напэўна, ніколі не сыдзешся так блізка з людзьмі, як гэта магчыма ў рускамоўным асяроддзі. Але затое можна нармальна, акуратна жыць адзін побач з другім, захоўваючы годнасць.

Фота апавядальніка

Прырода як галоўны атракцыён

Тут самая лепшая ў свеце прырода. Усё проста неверагодна прыгожае — вадаспады, горы, пляжы. У мяне літаральна пад домам маляўнічая сцежка, якая ідзе па сапраўдным трапічным лесе. Але ў астатнім Новая Зеландыя — даволі сумная краіна. Куча класных прыродных лакацый — гэта галоўная забава. 

У цэлым тут дастаткова бяспечная прырода, без нейкіх смяротных гадаў. Адзінага атрутнага павука трэба яшчэ пашукаць.

«Первые года 4 было классно». Сеньор уже гражданин Австралии рассказал как там с айтишкой и пауками
«Першыя гады 4 было класна». Сеньёр, ужо грамадзянін Аўстраліі, распавёў, як там з айцішкай і павукамі
Па тэме
«Першыя гады 4 было класна». Сеньёр, ужо грамадзянін Аўстраліі, распавёў, як там з айцішкай і павукамі

Амаль няма млекакормячых, акрамя тых, якія завезены. Яны лічацца інвазіўнымі відамі. Самая вядомая мясцовая нелятаючая птушка ківі вельмі пакутуе ад апосумаў, якіх некалі спрабавалі разводзіць на шкуры. Гэтага новазеландцы ім не даруюць, апосумаў проста заклікаюць знішчаць, як і іншыя інвазіўныя віды. Я вось нядаўна гуляў і вожыка бачыў — забіць не змог, проста прыбраў са сцежкі. 

Яшчэ з славутасцяў ёсць «Уладар пярсцёнкаў» — кінатрылогія, якую здымалі па ўсёй краіне. 

Хабітон [дэкарацыі ў выглядзе гарадка хобітаў, персанажаў кніг і кінасагі «Уладар пярсцёнкаў»] — у дзвюх гадзінах ад Окленда. Але квіткі трэба купляць за пару месяцаў. Неяк вырашыў з’ездзіць туды на дзень нараджэння, хацеў купіць квіток за месяц і нават паспеў падумаць — вось які я разумны! Але квіткоў ужо не было. 

Пералёты ўнутры Новай Зеландыі абыходзяцца не асабліва дорага. Да Велінгтана можна даляцець даляраў за 100 ($58). Але вось за палёты за мяжу давядзецца заплаціць заўважна больш. У бліжэйшую буйную краіну, Аўстралію, трэба ляцець пяць гадзін — за гэты час ты ўсю Еўропу праляціш. 

Галоўны плюс: «Краіна, дзе ўсё рэальна зроблена для людзей»

Новая Зеландыя — гэта вельмі ўтульная краіна, якая цудоўна ўладкавана. Тут рэальна ўсё зроблена для людзей. Возьмем для прыкладу вось гэту сцежку для прагулак каля майго дома. Гэта проста кавалак дзікага лесу, які вельмі якасна абсталявалі, хоць можна было зрабіць прасцей і таней. І гэта вельмі нязвыклая гісторыя для тых, хто шмат пражыў у Беларусі і ў Расіі. Дзе вельмі многае зроблена як бы… на «ад’я…ісь». Напрыклад, тратуар зроблены для таго, каб быў тратуар, а не для таго, каб па ім хадзілі людзі. Тут жа бачна, што ўсё зроблена з клопатам пра людзей. І ты карыстаешся ўсёй гэтай краінай — і радуешся. 

Фота апавядальніка

Гэты камфорт і клопат адчуваюцца ў інфраструктуры, у розных сэрвісах, нават у стасунках паміж людзьмі. Да цябе ўсе ставяцца вельмі добразычліва, і гэта ўспрымаецца таксама як частка ўсёй гэтай камфортнай інфраструктуры. 

Нават паліцыя тут не для таго, каб займацца звыклымі для іншых краін рэчамі накшталт лоўлі на трасе тых, хто перавысіў хуткасць на 7 км/г. Проста ў прысутнасці паліцэйскіх ты адчуваеш сябе ў бяспецы. У Беларусі і ў Расіі ў цябе зусім іншыя адчуванні ад прысутнасці прадстаўнікоў улады.

Канечне, як і ўсюды, у Новай Зеландыі ёсць куча праблем. Урад тут людзі таксама лаюць. Але ўсё роўна ўзровень камфорту для грамадзян непараўнальны.  

Фота апавядальніка

Калі б мяне спыталі, ці задаволены я выбарам Новай Зеландыі два гады таму, адказаў бы, што не варта было сюды ехаць. Дзве папярэднія нашы эміграцыі праходзілі неяк лягчэй. Але цяпер, калі цяжкі перыяд, звязаны з пошукамі працы і ўладкаваннем скончыўся, я разумею, што гэта было суперслушнае рашэнне. 

Заракацца ўсё ж не буду. Можа быць, па нейкай прычыне мы вырашым пераехаць, але для гэтага трэба будзе ну вельмі захацець. Можа, з’явіцца нейкая прапанова па працы, настолькі шыкоўная, што ад яе будзе грэх адмовіцца. Можа, мы станем настолькі ківі, што вырашым, як некаторыя з іх, перабрацца ў Аўстралію. Але пакуль мы маем намер тут застацца.

Парады тым, хто прыглядаецца да Новай Зеландыі

Для пераезду варта або атрымаць офер ад мясцовай кампаніі загадзя, або ехаць сюды з канкрэтнай ідэяй. Наўздагад не варта — усё вельмі дорага. А першыя пару гадоў жыццё будзе абыходзіцца яшчэ ў два разы даражэй проста па няведанні. Гэта правіла я засвоіў пасля трох пераездаў.

Лепшы варыянт — прыехаць за адукацыяй. Па-першае, за час вучобы пранікаешся мясцовай культурай, вучышся размаўляць з мясцовымі на адной мове, завядзеш кантакты, што тут вельмі цэніцца і дапаможа з пошукамі працы. А па-другое пасля заканчэння мясцовага ўніверсітэта любы працадаўца табе рады + ты атрымліваеш цудоўную візу на тры гады, за якія паспееш абсталяваць тут жыццё і падацца на рэзідэнцтва.

Фота апавядальніка

Канечне, ёсць яшчэ і экстрэмальныя варыянты. Адзін мой знаёмы прыехаў у Новую Зеландыю вучыцца на трохмесячныя моўныя курсы з візай на такі ж тэрмін. За гэтыя тры месяцы ён здолеў знайсці якую-ніякую працу. Але калі тэрмін візы падыходзіў да канца, яго скарацілі. У выніку ён некалькі месяцаў правёў у гіганцкім стрэсе, спрабуючы вырашыць праблемы з дакументамі і праядаючы апошнія зберажэнні. Я нават не ведаю, што павінна адбыцца, каб ён выдыхнуў і расслабіўся. Усё, Новую Зеландыю ён больш не любіць. 

Гэта гісторыя з добрым канцом — ён знайшоў працу ў Amazon. Але большасці людзей у такіх сітуацыях не шанцуе, і яны з’язджаюць. 

І яшчэ адзін важны момант: вельмі дрэнна прыязджаць сюды з нейкімі амбіцыямі. З адным такім чалавекам жонка пазнаёмілася на моўных курсах. Яму было каля 40 гадоў, ён быў вельмі высокага меркавання пра сябе. У Расіі ён працаваў нейкім дырэктарам, а тут яго не хацелі браць нават у краму ўпакоўшчыкам. Таму што ўсім было напляваць на тое, кім ён быў у Расіі. І вось яго амбіцыі зусім не супалі з тым, што Новая Зеландыя магла яму даць.

«Нават у Швейцарыі танней чым у нас». Глядзім на самую багатую дзяржаву ЕС вачыма праграміста з Віцебска
«Нават у Швейцарыі танней, чым у нас». Глядзім на самую багатую дзяржаву ЕС вачыма праграміста з Віцебска
Па тэме
«Нават у Швейцарыі танней, чым у нас». Глядзім на самую багатую дзяржаву ЕС вачыма праграміста з Віцебска
«Прыязджаеш без офера — будзе цяжка». Сеньёр працуе ў швейцарскім банку. Вось як да гэтага ішоў
«Прыязджаеш без офера — будзе цяжка». Сеньёр працуе ў швейцарскім банку. Вось як да гэтага ішоў
Па тэме
«Прыязджаеш без офера — будзе цяжка». Сеньёр працуе ў швейцарскім банку. Вось як да гэтага ішоў
Чытайце таксама
ІТ-кампаніі з беларускімі каранямі пачалі плаціць менш падаткаў у казну Літвы
ІТ-кампаніі з беларускімі каранямі пачалі плаціць менш падаткаў у казну Літвы
ІТ-кампаніі з беларускімі каранямі пачалі плаціць менш падаткаў у казну Літвы
9 каментарыяў
«Замест бязглуздай грэблі». Гэтыя айцішнікі нічога не робяць на працы — але так, каб ніхто не заўважыў
«Замест бязглуздай грэблі». Гэтыя айцішнікі нічога не робяць на працы — але так, каб ніхто не заўважыў
«Замест бязглуздай грэблі». Гэтыя айцішнікі нічога не робяць на працы — але так, каб ніхто не заўважыў
Ці магчыма (амаль) не працаваць на працы і атрымліваць за гэта грошы? 
20 каментарыяў
Чаму не адбылася поўная адмена роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй
Чаму не адбылася поўная адмена роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй
Чаму не адбылася поўная адмена роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй
У Мінсувязі паведамілі, што ў Беларусі ёсць «сур'ёзныя напрацоўкі» ў сферы штучнага інтэлекту. І што можа з'явіцца сумесны з Расіяй праект, падобны да Starlink
У Мінсувязі паведамілі, што ў Беларусі ёсць «сур'ёзныя напрацоўкі» ў сферы штучнага інтэлекту. І што можа з'явіцца сумесны з Расіяй праект, падобны да Starlink
У Мінсувязі паведамілі, што ў Беларусі ёсць «сур'ёзныя напрацоўкі» ў сферы штучнага інтэлекту. І што можа з'явіцца сумесны з Расіяй праект, падобны да Starlink
1 каментарый

Хочаце паведаміць важную навіну? Пішыце ў Telegram-бот

Галоўныя падзеі і карысныя спасылкі ў нашым Telegram-канале

Обсуждение
Комментируйте без ограничений

Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.

2

Вообщем страна как страна. Жить можно, но скучновато.

grover
grover Deputy Cleaner, Timemanager, AgileBuddy в SoftUyiss
3

То ли дело Болгария в статьях capital.com

0

Езжай в Болгарию. Или не ехай. Чо сказать то хотел, самагоныч

grover
grover Deputy Cleaner, Timemanager, AgileBuddy в SoftUyiss
-1

бедроныч ни шагу назад в жабку за хотдогом и пьесэл обновлять

1

Москва не Россиия, Барселона не Испания, Окленд не НЗ.
По большему счёту бинго из космполитных городов вот и скучно.
Да и Минск не совсем Беларусь

petrunio84
petrunio84 Майор в шарага N2395763295
1

Работа — как и жизнь в целом — здесь очень размеренная. Когда я пришёл на новое место работы из русскоязычного ИТ, был в шоке: я прямо реактивно всё делаю, а остальные не спешат. В Новой Зеландии не принято убиваться на работе, это будет выглядеть очень странно.

вся суть снгшных шлюпок :)

hottaby422
hottaby422 Консультант в Сам себе буратино
0

У меня самые шустрые на американском проекте. Но и они значительно меньше электровеничают

petrunio84
petrunio84 Майор в шарага N2395763295
0

Маржинальненько

hottaby422
hottaby422 Консультант в Сам себе буратино
0

Голодная жизнь в Европе заставляет искать приработки на других континентах

0

Везде одно и то же. Ну какие-то бытовые мелочи отличаются.

0

Ну так бытовые мелочи и главное в нашей жизни. Уровень закплаты и тот самый комфорт (вернее индивидуальное понимание комфорта) который за эти деньги мы можем получить. Не?

shipishi
shipishi Должность в Белокрылые лошадки
0

да-да, как в том анекдоте "но есть нюанс".

0

Рад за кота с 3 паспортами, у него все хорошо.

0

То чувство, когда твоему коту дали паспорт, а тебе — нет.

0

Это ты просто завидуешь. Потому что самому хочется иметь много паспортов. Но ты не такой везучий, как кот.
Лично мне и одного хватает.

grover
grover Deputy Cleaner, Timemanager, AgileBuddy в SoftUyiss
1

бедроныч что ли ?

0

Димон Алкаголич, ты что ле?

Пользователь отредактировал комментарий 16 января 2026, 22:01

grover
grover Deputy Cleaner, Timemanager, AgileBuddy в SoftUyiss
0

Европтыч значит

shipishi
shipishi Должность в Белокрылые лошадки
0

Спасибо Александру за подоробный рассказ о своих впечатлениях из незатасканной локации!

shipishi
shipishi Должность в Белокрылые лошадки
0

Кстати, делать самому хлеб - ничего сложного в базе. Речь больше про длительный цикл ожидания, пока тесто станет хорошей "тягучей" структуры и качество муки, которая позволяет получить эту структуру. На удаленке нет проблем потратить несколько минут на обминку каждый час и потом запихать хлеб в духовку, т.е. длительность цикла перестают быть проблемой. И получаешь на выходе ту самую корочку и крупнопористую упругую структуру хлеба.

The Great Cornholio
The Great Cornholio TP в Bunghole
-1

Чувак, неудивительно, что общаться на английском в NZ тебе тяжело - ты его нифига не знаешь. GP - это General Practitioner, а не General Practic.

-1

Страна как по мне слишком либеральная после России (где другая крайность). ЛГБТ и "вину" европейцев перед маори здесь именно что навязывают. Да и отношение к россиянам прсле войны мягко говоря настороженное. Кефир (без сахара) двух видов.

Пользователь отредактировал комментарий 17 января 2026, 22:38

1

Как всегда у россиян все перепутано в кашу. Долгие годы зомбиТВ сбили все понятия.
Либерализма не может быть много или мало. Это раз.
Затем, ты пишешь, что там что то навязывают, а это уже не либерализм, а принуждение.
Ну и не упомянуть ЛГБТ это уж совсем некошерно 🤣🤣🤣 Расскажи ка мне, как ЛГБТ можно навязать?

toshnila
toshnila Consultant в Worldwide market
0

русский, что ты забыл на беларуско-польском сайте. GFYS

Пользователь отредактировал комментарий 20 января 2026, 15:07

0

Красивая и уютная страна. Главная проблема - близких после переезда увидишь еще раз или два.

toshnila
toshnila Consultant в Worldwide market
0

Дорого, очень дорого. И зарплаты невыоские.
Лидом QA за $80к в год можно работать в условной Польше или Литве, а иметь от этого намного больше. Ну климат хуже, факт. Но и меньше рака кожи.

toshnila
toshnila Consultant в Worldwide market
0

А подскажите мне неграмотному, пожалуйста, как можно переезжать (вот с концами!) в страну, в которой ни разу не был? Это мазохизм такой? Насмотрелись картинок, улетели в оранжевый закат (тут в жёлтый восток) и потом стыдно себе (и другим) признаться, что сделали ошибку и надо терпеть дальше?
Что мешало по той же логике просто поехать, пожить и поработать на удалёнке пол годика, если всё равно 1.5 года сидел без работы и ходил по собесам?
Глядишь, не захотелось бы оставаться.

Пользователь отредактировал комментарий 20 января 2026, 15:10