Дапамажыце dev.by 🤍
Падтрымаць

Праўда, што эканоміцы зусім пагоршала? А як айцішка? Вялікая гутарка пра 2025 і блізкую будучыню

У якім стане эканоміка Беларусі і яе ІТ-сектар у 2025? Ці атрымаецца замясціць страчаны чалавечы капітал мігрантамі? Што стаіць за новай хваляй цікавасці ўладаў да крыптавалют? Пагутарылі з эканамістам Дзмітрыем Круком.

2 каментарыя
Праўда, што эканоміцы зусім пагоршала? А як айцішка? Вялікая гутарка пра 2025 і блізкую будучыню

У якім стане эканоміка Беларусі і яе ІТ-сектар у 2025? Ці атрымаецца замясціць страчаны чалавечы капітал мігрантамі? Што стаіць за новай хваляй цікавасці ўладаў да крыптавалют? Пагутарылі з эканамістам Дзмітрыем Круком.

«Абвалу няма, тармажэнне ёсць»

— Што з беларускай эканомікай да восені 2025 года? Можна  казаць пра прыкметнае пагаршэнне ў параўнанні з 2023–2024?

Дзмітрый Крук
— Я б не выкарыстоўваў тэрмін «пагаршэнне».  Карэктней будзе сказаць «тармажэнне». Гэта значыць эканоміка па-ранейшаму расце, ідзе ўверх. Але так, ёсць запавольванне гэтага самага тэмпу прыросту. 

Гэтае тармажэнне асабліва выразна выявілася ў другім квартале 2025 года [паводле афіцыйных дадзеных Белстата, у студзені–ліпені 2025 года ВУП у рублёвым вылічэнні вырас на 1,3% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, тады як у мінулым годзе гэты рост складаў 5,5%]. Чаму так?

Справа ў тым, што рывок у росце, які адбыўся пасля пачатку вайны, выявіўся вельмі спецыфічным. Беларускія прадпрыемствы займалі нішы, якія вызваліліся ў Расіі, плюс у Расіі з’явіліся сегменты новага попыту. Сюды ж наклалася структурная праблема з працоўнай сілай [у Расіі].

Вось гэтая сукупнасць трох галоўных прычын у 2023–2024 гадах і стварыла феномен бурнага росту. Але 2023–2024 гады ў гэтым плане былі, хутчэй, адхіленнем ад формы. Вось так супалі зоркі, так склаліся вельмі спецыфічныя фактары.

Нават у 2024 годзе ўжо былі перыяды, калі больш значныя, больш глыбокія слабасці беларускай эканомікі давалі пра сябе ведаць. Але іх пераважвала добрая кан’юнктура. Зараз гэтая добрая кан’юнктура стала слабець. Менавіта ахаладжэнне ў расійскай эканоміцы стала стымулам, каталізатарам для гэтай сітуацыі. Стагнацыя знешняга асяроддзя імгненна агаліла ўласныя праблемы беларускай эканомікі і паказала, што ў яе няма перадумоў для арганічнага сталага росту.

Дзмітрый Крук скончыў Эканамічны факультэт БДУ па спецыяльнасці «эканамічная тэорыя», магістратуру па спецыяльнасці «фінансы і крэдыт» і аспірантуру па спецыяльнасці «эканамічная тэорыя». Працаваў навуковым супрацоўнікам Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі, быў супрацоўнікам Даследчага цэнтра ІПМ. З 2004 г. па 2020 г. выкладаў эканамічныя дысцыпліны ў БДУ. 

Падкрэслю, што пакуль гаворка не ідзе пра нейкі абвал. Але тармажэнне ёсць, і расці так, як у 2023-2024 (чым улады вельмі ганарыліся), больш не атрымліваецца. Думаю, што ў 2026 годзе праблема будзе выяўляцца ўсё мацней.

У гэтым годзе я дапускаю невялікі адскок. Магчыма, крыху ажыве эканамічная актыўнасць, ажывіцца вытворчасць. Таму што ў Расіі за кошт бюджэтных выдаткаў і за кошт развароту ў цыкле манетарнай палітыкі, адбылося некаторае ажыўленне. Якое, зрэшты, пакуль фіксуецца толькі ў прэдыкатыўных [прагнозных] дадзеных, атрыманых з апытанняў.

Але тут важна разумець, што гэты адскок, па-першае, не факт, што будзе. А па-другое, нават калі ён і будзе — працягнецца нядоўга. «Адскок» — гэта непрацяглая сітуацыя на адзін-два кварталы. Тэндэнцыя ахаладжэння, вяртання ў рэжым стагнацыі застанецца дамінуючай.

І калі ў 2025 годзе яшчэ вось такія пертурбацыі магчымыя, то для будучага 2026 года галоўнай тэндэнцыяй будзе запавольванне. Гэты трэнд наўрад ці куды-небудзь дзенецца.

«Можна проста паглядзець на гатовыя прагнозы па расійскай эканоміцы і паставіць тыя ж лічбы»

— Наконт расійскай эканомікі. Грэф, кіраўнік Сбербанка, на мінулым тыдні згадаў «тэхнічную стагнацыю» (потым з ім у завочную палеміку уступіў Пуцін), пра ахаладжэнне расійскай эканомікі на днях распавядаў прэм’ер Мішусцін. Завязка на расійскую эканоміку ў нас настолькі моцная, што ў Беларусі досыць дакладна адлюстроўваецца тое, што адбываецца ў РФ?

— Так, абсалютна слушна. Другі год выкарыстоўваю для апісання гэтага стану тэрмін «татальная залежнасць», ён нават прыжыўся ў публічнай прасторы. Тут я маю на ўвазе тое, што па такіх верхнеўзроўневых эканамічных індыкатарах, як рост ВУП, інфляцыя, мы па сутнасці цягнемся за Расіяй. 

Такі стан мае пад сабой, на жаль, вельмі трывалую аснову. У знешнім гандлі мы традыцыйна моцна залежым ад Расіі. Але зараз гэтая залежнасць стала радыкальна большай, чым да пачатку вайны.

Unsplash

Да знешняга гандлю дадалася яшчэ шмат сфер, дзе без Расіі функцыянаванне эканомікі будзе праблемным. Дыпламатычна выказваючыся — будзе схільным да шокаў. Сюды я б аднёс энергетыку, транзіт, фіскальную сферу, манетарную палітыку, знешні доўг, тэхналагічную аснашчанасць.

Усе гэтыя рэчы за апошнія тры гады аказаліся амаль цалкам завязанымі на Расію.

У выніку нашы макраэканамічныя індыкатары амаль пад кальку дублююць тое, што адбываецца ў Расіі. 

Сярод заходніх эканамістаў, якія займаюцца прагнозамі па краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ходзіць такі жарт: навошта напружвацца і спрабаваць прагназаваць, што будзе адбывацца з эканомікай Беларусі? Можна проста паглядзець на гатовыя прагнозы па расійскай эканоміцы і паставіць тыя ж лічбы. Дык вось, у апошнія год-два гэта ўжо не зусім жарт, такі падыход часта можа спрацоўваць.

Інстынкт самазахавання ўладаў перашкаджае ўрубаць друкавальны станок на поўную?

— Людзі за 30 добра памятаюць, што раней сур’ёзныя эканамічныя праблемы ў Беларусі ўвесь час суправаджаліся новым вітком інфляцыі, якая часта перарастала ў гіперінфляцыю. Але вось ужо больш за дзесяць гадоў гіперінфляцыі ў Беларусі не было. А ці можа цяперашняе ахаладжэнне эканомікі прывесці да таго, што ўлады зноў урубяць друкавальны станок?

— Выключаць, што ўлады будуць спрабаваць напампоўваць эканоміку грашыма, я б не стаў. Але лічу такую верагоднасць досыць нізкай. Усё-такі высновы з сітуацый 2015 года, а тым больш 2011 года не забытыя. І нават калі такія ідэі з’яўляюцца (а зараз, у апошні год, яны ёсць), яны проста рэалізуюцца не ў тых маштабах, як гэта было ў 2010-х.

Другі аргумент такі. Зараз у рэжыму ёсць разуменне таго, што цэны — гэта адзін з самых важных індыкатараў, з дапамогай якіх людзі ацэньваюць свой дабрабыт.

Давайце для прыкладу возьмем той самы 2022 год, калі ўводзілася цэнавае рэгуляванне. Памятаеце, пасля пачатку вайны там быў вельмі сур’ёзны скачок цэн, а затым інфляцыя пачала запавольвацца. Але ўсе апытанні (і дзяржаўныя, і незалежныя, якія яшчэ тады па інерцыі праводзіліся) паказвалі, што высокая інфляцыя — гэта безумоўны лідар у ліку праблем, якія хвалююць людзей.

Я думаю, што гэта ключавая прычына ўвядзення цэнавага рэгулявання. Раз няма нармальных інструментаў утаймаваць цэны, будзем выкарыстоўваць досыць спецыфічныя.

І вось зараз Лукашэнка прыйшоў у Нацбанк і зноў стаў казаць аб тым, што да інфляцыі трэба ставіцца больш трапятліва. Інфляцыя апошнія паўгода сапраўды стала паскарацца. Па сусветных мерках гэта значнае паскарэнне, да 7+ % у гадавым вылічэнні. Але па беларускіх мерках гэта драбяза, мы перажывалі і зусім іншыя лічбы (на некалькі парадкаў).

Я б назваў гэта інстынктам самазахавання ўладаў. Разуменне таго, што цэны, якія растуць, — гэта для людзей вельмі адчувальная штука, будзе стрымліваць улады ад бяздумнага напампоўвання эканомікі праінфляцыйнымі інструментамі.

Unsplash

Усе ўчорашнія слоўныя пасажы Лукашэнкі на сустрэчы ў Нацбанку, як мне здаецца, пацвярджаюць гэтую гіпотэзу. Зараз інфляцыя для ўладаў зноў робіцца вельмі важным эканамічным індыкатарам для прыняцця рашэнняў. Калі з другой паловы 2024 года аж да гэтай сустрэчы ў Нацбанку на яе глядзелі скрозь пальцы, зараз яна, здаецца, зноў выходзіць у топ.

Калі да нядаўняга часу безумоўным прыярытэтам былі напампоўванне ВУП і зарплат, а на інфляцыю як бы можна было крыху махнуць рукой, то зараз гэтыя паказчыкі мяняюцца месцамі.

Рэгенерацыя ПВТ: «як любяць жартаваць на фондавых рынках, адбыўся «адскок дохлай коткі»

— У 2024 годзе выручка ПВТ склала $2,416 млрд. Пры гэтым за мяжой рэзідэнты парка зарабілі $1,8 млрд, прыкладна як у 2023. У першым жа квартале 2025 года агульная выручка вырасла на 12%, а экспарт на 7% у параўнанні з тым жа перыядам мінулага года. На ваш погляд, гэта добрыя ці дрэнныя паказчыкі? ПВТ і ІТ-сектар у цэлым аднаўляюцца?

Так, гэта можна так трактаваць, калі мы глядзім проста на колькасныя параметры. Сціскацца галіна перастала, але ў абсалютных велічынях яна яшчэ далёкая ад таго ўзроўню, якога яна дасягнула ў 2021 годзе.

Я б звярнуў увагу на іншы паказчык, абсалютны — на дададзеную вартасць, вырабленую галіной. Пікавы ўзровень у яе быў у канцы 2021 года, і пасля гэтага адбылося прасяданне ў рэальных аб’ёмах амаль на 20 працэнтаў. Гэта розніца паміж IV кварталам 2021 і чацвёртым кварталам 2023 года. Праз гэтую прызму можна ацэньваць унёсак ІТ-галіны ў ВУП.

У 2024 годзе пачалося паступовае аднаўленне, але да гістарычнага піка 2021 года беларускай ІТ-галіне яшчэ далёка. 

А калі вымяраць у адносных велічынях — тут відаць, напэўна, яшчэ больш значная праблема. Мінулыя чатыры гады — гэта гады страчанай выгады, няздзейсненага росту. Па-добраму мы павінны былі б казаць аб істотна большых велічынях, калі б у 2022–2024 гадах не адбылося б гэтага прасядання. Патэнцыял галіны значна вышэйшы за тое, што мы бачым зараз. 

Таму тэхнічна — так, пэўнае аднаўленне ёсць. Але пляскаць ад гэтага ў далоні і казаць, што гэта класная тэндэнцыя, таксама няма асаблівых падстаў. Безумоўна, нават такі рост лепш, чым далейшае скарачэнне. Але гэты рост — гэта такі адскок ад дна. Або, як любяць жартаваць на фондавых рынках, «адскок дохлай коткі».

«Пераарыентацыя на расійскі рынак можа аказацца дрэнным выбарам»

Акрамя колькасных, я б тут яшчэ глядзеў і на якасныя паказчыкі. Адбываецца геаграфічная пераарыентацыя беларускага ІТ-сектара. Калі да 2022 года ён пераважна быў нацэлены на заходнія краіны, на больш маржынальныя рынкі (ЗША перш за ўсё і еўрапейскія), то зараз расце і доля ўнутранага рынку, і што яшчэ горш, доля Расіі як канцавога замоўцы. 

Аднаўленне ІТ за кошт пераарыентацыі на расійскі рынак — гэта вельмі падобна на тое, як у 2022–2023 прамысловыя кампаніі займалі вызваленыя нішы на расійскім рынку і думалі, што гэта можа працягвацца бясконца. Але гэта рынак, па-першае, з дрэннымі перспектывамі росту. А па-другое, ён адстае ў тэхналагічным плане. Таму для кампаній гэта можа аказацца дрэнным выбарам з пункту гледжання доўгатэрміновай канкурэнтаздольнасці, устойлівасці і перспектыў за рамкамі двух-трох бліжэйшых гадоў.

Тэхналагічнае адасабленне Расіі і яе адыход у паралельную рэальнасць ад развітага свету робяць яе дрэнным месцам для цеснага збліжэння. Па сутнасці, абраўшы варыянт такога збліжэння, ты разам з ёй сыходзіш у нейкую паралельную рэальнасць, дзе існуюць зусім іншыя правілы вядзення бізнесу і канкурэнцыі. Ці зможаш ты вярнуцца пасля гэтага ў нармальную рэальнасць?

Тое, што Расія не зможа стварыць свой уласны альтэрнатыўны ІТ-свет, для мяне амаль відавочна. Вядома, яны будуць спрабаваць. Але калі беларуская кампанія стане канкурэнтаздольнай там, гэта будзе азначаць, што вярнуцца ў больш маштабную заходнюю ІТ-рэальнасць і зноў стаць канкурэнтаздольнай там для яе будзе ўжо немагчыма.

— Магчыма, ва ўладальнікаў ІТ-бізнесаў унутры Беларусі ёсць гэта разуменне. Па дадзеных нашага рэсёрча, нават у 2024 годзе ў Беларусі над заходнімі праектамі ўсё яшчэ працавалі да 44% айцішнікаў. Ці гэта, на ваш погляд, шмат у такіх умовах? 

— Залежыць ад таго, якую шкалу мы будзем выкарыстоўваць. Калі лічыць стандартам нармальнасці сітуацыю да 2022, вядома, гэта мала. Але можна паглядзець з пазіцыі «нават насуперак таму, што Беларусь і беларускія кампаніі становяцца таксічнымі, высокая доля заходніх праектаў захоўваецца» — тады 44% выглядаюць, напэўна, аптымістычна.

Unsplash

Калі мы глядзім на гэтыя 44% як на нейкае дасягненне, варта разумець, чаму захоўваецца гэтая доля заходніх праектаў. Я думаю, тут тры фактары:

  1. Пры ўсёй таксічнасці і негатыўных палітычных эфектах нейкі пазітыўны імідж у беларускіх распрацоўшчыкаў па інерцыі захоўваецца. І часам ён дзесьці пераходзіць у інерцыйнасць кантрактаў.
  2. Кошт. Гэты фактар звязаны з папярэднім. Распрацоўшчыкі, якія працуюць з Беларусі, таннейшыя для канчатковага замоўцы, чым тыя ж беларусы, якія працуюць у Польшчы ці яшчэ дзесьці на захадзе. Суадносіны кошт-якасць дагэтуль застаюцца адносна прывабным, асабліва калі закрываць вочы на палітычныя рызыкі, рэпутацыю.
  3. Фактар, які працуе з боку прапановы. Многія кампаніі, асабліва старажылы ІТ, выраслі ў старых умовах, у парадыгме да 2022 года. І яны па-ранейшаму нацэленыя на заходнія рынкі. Таму што тыя больш маржынальныя, на іх нават пры ўсіх агаворках можна больш зарабіць. І таму што працуючы для заходніх замоўцаў ты застаешся ў тонусе, у глабальнай гульні. 

І вось калі штосьці зменіцца, выявіцца, што ты па-ранейшаму гуляеш па агульнапрынятых правілах. Ты не прыдумляеш свой альтэрнатыўны футбол, а гуляеш у футбол па стандартах Лігі Чэмпіёнаў.

Я думаю, што для такіх кампаній магчымасць заставацца ў форме, заставацца ў глабальным парадку дня — гэта вельмі важны фактар. Таму самі кампаніі імкнуцца да таго, каб захоўваць заходніх кліентаў.

«На гэтым фоне цікавасць да крыптавалют зразумелая»

— Зараз як быццам пайшла чарговая буйная хваля захаплення ўладаў крыптой. У медыяпрастору вярнуўся Усевалад Янчэўскі з анонсам перазагрузкі ПВТ, кіраўніца Ганна Рабава да гэтага спасылалася на нейкую «магчымасць заявіць пра сябе» пасля прыняцця новых законаў аб крыпце ў ЗША. Як вы лічыце, улады зноў убачылі тут «драйвер», ці гэта чыйсьці асабісты інтарэс?

— Думаю, адно другога не выключае. Зараз улады заклапочаныя пытаннем, як далей падтрымліваць эканоміку хаця б не ў падаючым стане, надаць ёй хоць нейкі імпульс. Яны адкрыта пра гэта кажуць, на нарадзе ў Нацбанку Лукашэнка, па сутнасці, прызнаў праблемы.

На гэтым фоне цікавасць да крыптавалют зразумелая. Калі нешта не патрабуе грошай, але можа даць вынік — чаму гэта не паспрабаваць? Вось у дрэваапрацоўцы, куды трэба ўкачаць некалькі мільярдаў, будуць абмеркаванні. 

Тут як бы такая надзея: давайце пазакідваем вуды ў розныя бакі, раптам дзесьці клюне. Тым больш пасля досведу ПВТ у многіх чыноўнікаў дагэтуль засталося ўражанне, што гэтая галіна можа расці сама па сабе. 

Натуральна, знаходзіцца хтосьці, хто гэтыя ідэі лабіруе — і можа кіравацца ў тым ліку і асабістымі меркаваннямі. 

У Беларусі актыўна будуюць дзяржаўныя майнінгавыя фермы. Яны дапамогуць падняць эканоміку?
У Беларусі актыўна будуюць дзяржаўныя майнінгавыя фермы. Яны дапамогуць падняць эканоміку?
Па тэме
У Беларусі актыўна будуюць дзяржаўныя майнінгавыя фермы. Яны дапамогуць падняць эканоміку?

Ці дапамогуць пакістанцы? «Выцек мазгоў у ІТ — незваротныя страты»

— Наколькі праблема «выцеку мазгоў» і рук, якая добра прыкметная ў ІТ, актуальная для беларускай эканомікі ў цэлым? І ці можна вырашыць гэтую праблему з дапамогай імпарту працоўнай сілы — тых жа пакістанцаў? 

— Давайце падзелім гэтую праблему на дзве, па крытэрыі якасці. Сітуацыя з адтокам і недахопам рабочых рук прыкметна адрозніваецца ў сегментах высокакваліфікаванай і сярэдне-нізкакваліфікаванай працы. Гэта як бы дзве розных праблемы.

Калі выцякае высокакваліфікаваны сегмент, кампенсаваць яго проста завозам мігрантаў у нашых умовах практычна немагчыма. Беларусь для высокакваліфікаванай працы зусім не прывабнае месца. І з пункту гледжання даходаў, і з пункту гледжання іміджу і палітычных рызык. Нават для краін накшталт Пакістана. Тыя, хто адтуль едзе — гэта, хутчэй сярэдне- і нізкакваліфікаваныя работнікі.

«У нас са сваіх чарга». Ці пацясняць пакістанскія айцішнікі беларускіх
«У нас са сваіх чарга». Ці пацясняць пакістанскія айцішнікі беларускіх
Па тэме
«У нас са сваіх чарга». Ці пацясняць пакістанскія айцішнікі беларускіх

Таму калі выцякаюць мазгі, ці чалавечы капітал, гэта замяніць завозам тых мігрантаў, на якіх Беларусь можа разлічваць, практычна немагчыма. Тое, што губляецца ў сувязі з адтокам чалавечага капіталу з Беларусі, становіцца фактычнымі [незваротнымі] стратамі.

У апошнія гады ярчэй за ўсё гэта праяўляецца ў ІT-сектары. 

А вось для сегмента сярэднекваліфікаванай і нізкакваліфікаванай працы завезці мігрантаў можна. Для такіх работнікаў з многіх краін, не толькі з Пакістана, Беларусь бачыцца цалкам прывабным месцам. Каля паўгода таму, калі пра завоз работнікаў з Пакістана толькі пачалі казаць, я не верыў, што гэта ўсур’ёз. Але падобна, што беларускія ўлады сапраўды разглядаюць гэтых мігрантаў менавіта ў кантэксце вырашэння праблем рынку працы — у прамысловасці, у розных галінах.

Пакістанскія рабочыя-мігранты на ўборцы бульбы ў Беларусі ва ўяўленні Gemini

Адваротным бокам гэтага рашэння будуць сацыяльныя і культурныя рэчы. Таму што для сучаснай Беларусі сур’ёзная эміграцыя — гэта зусім новы феномен. Сумняюся, што краіна зараз да яго гатовая. Але ў чыста эканамічным сэнсе гэта рашэнне можа калі не вырашыць праблему, то хаця б яе купіраваць.  

—  А якая зараз у Беларусі сітуацыя з замежнымі інвестыцыямі? Ці прыходзяць нейкія новыя інвестары замест сышоўшых заходніх? Ці ёсць шанец адыграць хаця б частку страчаных і недаатрыманых інвестыцый у цяперашніх умовах?

— З пункту гледжання інвестыцый Беларусь заўсёды была ў ліку агульнаеўрапейскіх аўтсайдараў. У гэтых адносінах мы па ўсіх індыкатарах знаходзімся на парадак ніжэй, чым Польшча ці Літва, не кажучы пра нейкія больш развітыя краіны. Падаць было асабліва няма куды.

У год у Беларусь прыходзіла прамых інвестыцый 1,2 — 1,7 млрд, і гэта слёзы нават у маштабах беларускай эканомікі. Традыцыйна гэтыя інвестыцыі былі дадатковымі ўкладаннямі ўжо прысутных у Беларусі гульцоў — яны зарабілі прыбытак у Беларусі і не вывелі яго,  гэта таксама класіфікуецца як інвестыцыі. Ільвіная доля, 60-70%, была звычайна такім вось рэінвеставаннем. 

Адзінае, доля гэтага самага рэінвеставання стала яшчэ большай. Часткова гэта звязана з тым што ўлады абмяжоўваюць вывад сродкаў за мяжу намёкамі ці прамымі пажаданнямі. Па сутнасці, гэта галоўны інвестыцыйны паток сёння. 

«Шэрае балота стагнацыі»: што чакае беларускую эканоміку?

— Які сцэнар развіцця беларускай эканомікі на бліжэйшыя гады вы лічыце самым верагодным?

— Мы з большасцю калег, магчыма, з рознымі адценнямі, але знаходзімся на такой пазіцыі: ідзе ўпэўненае вяртанне ў стагнацыю. Па сутнасці, да 2023 года, а можна сказаць, што і да 2021 мы доўгі час у гэтай стагнацыі і знаходзіліся. Рост перыядычна адбываўся, але ён быў вельмі-вельмі слабым, анемічным, як любяць казаць эканамісты. Для беларускай эканомікі 1-2% росту — гэта вельмі-вельмі сціплы паказчык.

Рост у дыяпазоне 3-4%, які наша эканоміка паказвала ў 2023–2024  — гэта той рост, які Беларусь па-добраму павінна была паказваць гадоў 10 запар як мінімум. А лепш 20. Гэта было б цалкам нармальна і натуральна. Глыбокія ўнутраныя перадумовы для гэтага ёсць.

Але па факце рост павялічыўся часова. Як мы ўжо абмеркавалі ў самым пачатку, 2023–2024 гады былі выключэннем з правіла. А зараз мы паціху вяртаемся ў гэтае шэрае балота стагнацыі, у якім доўга знаходзіліся. Я думаю, у 2026 годзе мы ў ім зноў апынемся.

Што будуць рабіць улады? Будуць спрабаваць неяк за вушы эканоміку з гэтага балота выцягнуць. Напрыклад, крыптавалютамі. Нейкай працуючай стратэгіі я не бачу. Што яшчэ важна ў гэтым сцэнары — ён ажыццяўляецца ў поўнай прывязцы да Расіі і пры вельмі аслабленым механізме эканамічнай палітыкі, у якім зашкальвае ўзровень уплыву палітычнага валюнтарызму.

Росту амаль не будзе, а верагоднасць шокаў, рэцэсіі, спадаў і растучай інфляцыі будзе дастаткова вялікай. Нейкія знешнія пагрозы, звязаныя і з Беларуссю, і, што больш важна, з Расіяй, імгненна будуць уплываць на Беларусь. Таму што ў той ступені прывязкі нашай эканомікі ўсе праблемы Расіі, на жаль, практычна напэўна робяцца і нашымі праблемамі.

Механізмаў эканамічнай палітыкі, якія дазволілі б супрацьстаяць гэтаму сцэнару — не тое каб няма. Але ўлады альбо не хочуць, альбо не ўмеюць імі карыстацца.

Unsplash

— Гісторыя з вызваленнем палітзняволеных у абмен на зняццё амерыканскіх санкцый можа прынесці нейкае палягчэнне беларускай эканоміцы? Бо наўрад ці на яе прыкметна паўплывае адмена санкцый у дачыненні Dana Holdings і «Белавія». На ваш погляд, скасаванне якіх санкцый магла б дадаць эканоміцы дынамікі?

— Праблема ў тым, што эканоміцы перашкаджаюць далёка не толькі санкцыі. 

Мы ўжо з многіх рынкаў выціснутыя, дзесьці страчана канкурэнтная здольнасць, і вярнуць усё ў 2019 немагчыма. І другі важны момант: гады санкцый ужо моцна змянілі беларускую вытворчую эканоміку. Праблема вытворчай (ды і не толькі вытворчай) прывязкі да Расіі ад зняцця санкцый таксама сама па сабе нікуды не дзенецца.

Нават поўная адмена санкцый не стала б чароўным ключыкам, які адкрые дарогу да разгону эканомікі да 3-4% росту на бліжэйшае дзесяцігоддзе.

Для гэтага патрэбныя больш глыбокія палітычныя і інстытуцыйныя змены. Пачаць можна хаця б з новых палітычных умоў, прадказальнасці, з адсутнасці таксічнасці Беларусі ў свеце. Інстытуцыйныя змены — гэта хаця б нармалізацыя эканамічнай палітыкі, і доўгатэрміновай, і кароткатэрміновай. Гэта такі набор-мінімум.

Пра нейкае паступальнае развіццё зараз казаць не даводзіцца. Але самае сумнае — зараз у такіх катэгорыях улады наогул не мысляць. Яны як хлапцы-кібальчышы: ім бы «ноч прастаяць ды дзень пратрымацца». Гэта ў іх логіцы і ёсць доўгатэрміновая стратэгія. І калі ідуць размовы пра нейкія санкцыйныя паслабленні, яны, хутчэй, глядзяць на гэта як на магчымасць надаць эканоміцы нейкі імпульс на квартал — паўгода — год. Але не даўжэй.

Доўгатэрміновы рост, на маю думку, магчымы пры дастаткова глыбокім перагляде асноў эканамічнага механізму Беларусі. А гэта немагчыма без палітычных зменаў. Таму нейкіх лёгкіх рэцэптаў, каб усё стала добра, на жаль, не бачу.

Амерыканскім кампаніям патрэбна ліцэнзія для найму беларусаў. Чаму пры Трампе гэта стала рэальнай праблемай?
Амерыканскім кампаніям патрэбна ліцэнзія для найму беларусаў. Чаму пры Трампе гэта стала рэальнай праблемай?
Па тэме
Амерыканскім кампаніям патрэбна ліцэнзія для найму беларусаў. Чаму пры Трампе гэта стала рэальнай праблемай?
«Часам здаецца тут не застанецца людзей»: меркаванне айцішніка з самага беднага раёна
«Часам здаецца, тут не застанецца людзей»: меркаванне айцішніка з самага беднага раёна
Па тэме
«Часам здаецца, тут не застанецца людзей»: меркаванне айцішніка з самага беднага раёна
«Будзе пагаршацца»: спыталі ў інжынера што з мабільнай сувяззю ў Беларусі
«Будзе пагаршацца»: спыталі ў інжынера, што з мабільнай сувяззю ў Беларусі
Па тэме
«Будзе пагаршацца»: спыталі ў інжынера, што з мабільнай сувяззю ў Беларусі
Чытайце таксама
Дивидендный дедлайн: когда покупать акции, чтобы извлечь выгоду из даты отсечки
Дивидендный дедлайн: когда покупать акции, чтобы извлечь выгоду из даты отсечки
Дивидендный дедлайн: когда покупать акции, чтобы извлечь выгоду из даты отсечки
3 каментарыя
Куда инвестировать во время рецессии?
Куда инвестировать во время рецессии?
Куда инвестировать во время рецессии?
Куда частному микроинвестору с наибольшей выгодой и наименьшими рисками вложить свои 1-2-3 тысячи долларов на падающем рынке? Вместе с Сurrency.com разобрались в самом термине «рецессия» и выбрали оптимальные способы инвестирования в депрессивное для денег время.
12 каментарыяў
У DEIP праз абвал курсу ад $1,1 млн засталося $350K, заробкаў не плацяць. CEO разбірае, як так выйшла
У DEIP праз абвал курсу ад $1,1 млн засталося $350K, заробкаў не плацяць. CEO разбірае, як так выйшла
У DEIP праз абвал курсу ад $1,1 млн засталося $350K, заробкаў не плацяць. CEO разбірае, як так выйшла
Блакчэйн-стартап DEIP больш за два месяцы не плаціць заробкаў супрацоўнікам. Пра гэта dev.by расказалі некалькі чалавек з кампаніі: «афіцыйная прычына — стартап няправільна распарадзіўся фінансавымі рэсурсамі і грошай няма. Падрабязнасцей не ведаем». Супрацоўнікам паведамілі, што топ-менеджмент шукае дадатковы капітал для пагашэння запазычанасці і далейшага развіцця. Але частка каманды ўжо шукае новую працу. Мы таксама пагутарылі з СЕO DEIP Алексам Шкорам — ён расказаў, з-за чаго ў стартапа ўзніклі складанасці, як каманда спрабавала іх вырашаць і што збіраецца рабіць далей. «Хачу падзяліцца досведам, каб на ім змаглі навучыцца іншыя фаўндары, якія хочуць ісці ў web3», — кажа Алекс. Ніжэй — падрабязны разбор.
9 каментарыяў
Доля ІТ і сувязі ў ВУП падае трэці месяц
Доля ІТ і сувязі ў ВУП падае трэці месяц
Доля ІТ і сувязі ў ВУП падае трэці месяц
6 каментарыяў

Хочаце паведаміць важную навіну? Пішыце ў Telegram-бот

Галоўныя падзеі і карысныя спасылкі ў нашым Telegram-канале

Обсуждение
Комментируйте без ограничений

Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.

hottaby422
hottaby422 Консультант в Сам себе буратино
0

Режимная экономика - это экономика "фарта". Если "фартануло", то можно "урвать". Но как показала 30летняя практика - это не работает на долгосрочной основе.

Пользователь отредактировал комментарий 18 сентября 2025, 10:15

table
table Table в Database
0

так у гениальных экономистов горизонт планирования составляет те самые "нам бы ночь простоять, да день продержаться"