«Чаму раней не зрабіў?» 4 гісторыі, як «увайсцішнікі» знайшлі першую працу ў складаны час
Рынак вакансій у ІТ застаецца на гістарычным дне. Магчымасцяў для джуноў уварвацца ў гэтую сферу, на жаль, на дадзены момант вельмі мала.
Мы пашукалі тых, каму ўдалося сысці ў ІТ з іншых прафесій і знайсці першую працу ў разгар крызісу. Адгукнуліся 5 чалавек, чацвёра пагадзіліся падзяліцца падрабязнасцямі.
Як паказваюць даследаванні devby.io, колькасць пачаткоўцаў, якія трапілі ў галіну летась, знізілася ў тры разы да крытычных 3,3%. Хоць раней нават у крызісныя гады гэты паказчык не апускаўся ніжэй за 7%.
Спецыялісты-пачаткоўцы выжываюць як могуць: накручваюць досвед, згаджаюцца на сумніўныя авантуры дзеля партфоліа, некаторыя нават гатовыя дзяліцца значнай часткай заробку з тым, хто ўладкуе на працу.
Гэта гісторыі тых, каму ўсміхнулася ўдача — яны знайшлі працу ў ІТ у 2022–2023 годзе. Імёны спікераў змененыя.
Змест
Начальнік змены на складзе — BA
300 водгукаў на вакансіі + лісты ў кампаніі, спрацаваў водгук на пазіцыю «насуперак патрабаванням»
Навучанне: ІТ-курсы, студзень — сакавік 2023
Пошукі працы: сакавік 2023 — жнівень 2023
Ілля перайшоў у ІТ у 32 гады. Кажа, што думка змяніць спецыяльнасць наведвала даўно, «задоўга да 2020 года», але ён не вырашаўся праз фінансавыя забавязанні.
— У выніку так склаліся абставіны, што ў снежні мінулага года мне давялося сысці з папярэдняга месца працы — начальніка змены на складзе ў адной вядомай e-commerce-кампаніі.
Нядоўга думаючы, я скончыў курсы па BA і кіраванні праектамі ў сферы распрацоўкі софту, стаў цікавіцца праектным менеджментам — і ад сакавіка 2023 пачаў шукаць працу.
Чатыры месяцы выдаткаваў на пошукі — безвынікова. У выніку «змірыўся, што цяпер — не час», і больш не шукаў.
— Зноў у пошукі я ўключыўся ўжо пры канцы ліпеня. Перарабіў суправаджальны ліст (часам я адаптаваў яго пад вакансіі) — і пачаў спаміць джоб-рэсурсы.
Не прайшло і двух тыдняў, як я атрымаў тры запрашэнні на сумоўі. Адное адхіліў адразу, два іншыя зацікавілі. Для адной кампаніі зрабіў тэставае, і хоць ім спадабалася, я адмовіўся працягваць. У другой паспяхова прайшоў тры этапы інтэрв’ю і атрымаў офер.
Ад 1 верасня працую на пасадзе PM у прадуктовай кампаніі ў Мінску. І часам задумваюся, чаму не зрабіў гэтага раней.
На нашую просьбу Ілля расказаў, як шукаў працу: сумарна ён пакінуў на джаббордах каля 300 водгукаў, таксама адпраўляў лісты з суправаджальным лістом на пошту кампаній — у тэме пазначаў, што шукае працу.
Цікава, што на тую самую вакансію, якую пазней і заняў, ён адгукнуўся «нягледзячы на патрабаванні». «Памятаю, у той момант была думка: ды добра, а ці мала што. І спрацавала!» — згадвае Ілля.
Інжынер на мазырскім НПЗ — распрацоўшчык
Дапамог нэтворкінг — знаёмы з Swift-кам’юніці адхіліў офер, але прапанаваў Ігара на гэтую пазіцыю
Навучанне: самастойнае, спачатку па курсе Udemy, затым кааперацыя ў чатах для джуноў/трэйні
Пошук працы: ад кастрычніка 2022 да сакавіка 2023 з перапынкамі на пару месяцаў
— Я адзін з шчасліўчыкаў, каму ўдалося сысці ў ІТ з іншай прафесіі і знайсці працу сёлета, — напісаў Ігар. Яму быў на той момант 31 год.
31 снежня 2021 года ён звольніўся з мазырскага НПЗ, дзе быў вядучым інжынерам. У апошні дзень прыйшоў на працу ў майцы з надпісам «Добі вольны!». «Ацанілі як быццам не ўсе», — жартуе малады чалавек.
Ігар адзначае, перш як прыняць рашэнне звольніцца, ён цэлы год глядзеў ролікі на YouTube, каб зразумець, «што там у айці наогул ёсць» (а яшчэ раней ён пачаў сур’ёзна вучыць англійскую). Вельмі дапамаглі каналы /@itbeard/featured" target="_blank" rel="noopener">Аляксея Картынніка і /c/sergeynemchinskiy" target="_blank" rel="noopener">Сяргея Нямчынскага.
Таксама малады чалавек зразумеў, што сумясціць працу і перанавучанне не атрымаецца — «хутчэй за ўсё страчу матывацыю і кіну».
— У мяне была «падушка» з разліку на год, каб перавучыцца і знайсці працу. Калі б не атрымалася, то быў яшчэ «план Б» — прадаць машыну. Але гэтага не спатрэбілася.
24 лютага Ігар пераехаў, цяпер ён жыве ў Сакартвела. Вучыўся ўвесь час сам — спачатку па курсе з Udemy за 10 долараў, а потым з такімі ж як ён ахвотнымі перавучыцца.
— У нас быў марафон па Swift — скаапераваліся ў чатах для джуноў/трэйні і разам пачалі «ад панядзелка». Вучыцца было цікава і весела. Месцамі, вядома, складана. Але я зразумеў, што галоўнае — адпачываць і неяк чаргаваць заняткі, каб не перагарэць.
Шукаць першую працу ўжо не так весела — у мяне не было амаль ніякага бэкграўнду, акрамя школьнай і ўніверсітэцкай інфарматыкі: я думаў, што буду «хімікам» усё жыццё.
Першы працоўны досвед Ігар атрымаў дзякуючы нэтворкінгу — восенню 2022 года ён паўдзельнічаў у пары праектаў. А ў сакавіку 2023 года ўладкаваўся на пастаянную працу ў кампанію.
— Трапіў туды па рэкамендацыі знаёмага з нашага Swift-кам’юніці: у яго быў практычна офер на руках, і тут ён зрабіў выбар на карысць іншай прапановы. А на сваё месца парэкамендаваў мяне — чалавек патрэбны быў тэрмінова.
У выніку ў панядзелак я прайшоў сумоўе, да вечара таго ж дня выканаў невялікае тэставае, у аўторак падключыўся да агульнага сазвону і абмеркавання, а ў сераду ўжо атрымаў першы пачак таскаў.
Мы спыталі ў Ігара, як ён зразумеў, што ІТ — гэта «ягонае». Ён у адказ пажартаваў, што не зразумеў гэтага дасюль:
— Проста я разумеў, што пара нешта спрабаваць новае, бо потым будзе яшчэ цяжэй вырашыцца. Перспектыў на заводзе я не бачыў, а пасля 2020-га разумеў, што рашэнне «я тут больш не працую» могуць лёгка прыняць і без мяне.
На просьбу devby.io Ігар падбіў статыстыку пошуку працы праз джабборды:
— Асноўнымі пляцоўкамі былі hh, лінкедзін і тэлеграм-каналы — як агрэгатары, так і каналы ад кампаній/лаб, напрыклад, Andersen, Innowise Group — іх было некалькі дзясяткаў.
Канверсія, на жаль, была зусім нікудышная: у найлепшым выпадку адзін адказ на 20-30 водгукаў. Але водгукі палепшыліся, калі я стаў пісаць суправаджальныя лісты, якія рабіў пад кожную вакансію. Па выніку ў мяне было, думаю, крыху больш за 50 водгукаў (максімум 70-80), суправаджальных лістоў — крыху менш за палову, бо я не адразу пачаў іх пісаць. Розных скрынінгаў і адбораў на стажыроўкі або да тэставага — каля 10-15 (дзе я ўжо непасрэдна размаўляў з эйчарм), саміх тэставых — палова ад гэтага, але не больш за 10. Сапраўдных сумоўяў, а не нейкіх этапаў з тэстамі ад бота або гутарак з эйчарам «на адэкватнасць» — два. З другога, па сутнасці, я і трапіў на свой цяперашні праект.
Усяго працу Ігар шукаў ад кастрычніка 2022 з перапынкамі: ад лістапада да снежня працаваў у адным стартапе — уладкаваўся дзякуючы знаёмаму, у лютым 2023 атрымаў прапанову яшчэ ад аднаго стартапа, але вельмі хутка высветлілася, што грошай у яго няма — «усё хацелі зрабіць на энтузіязме і абяцанках даць працэнт, калі праект стрэліць».
Інжынер на МТЗ — войска — зноў завод — распрацоўшчык
Дапамаглі ІТ-курсы: кампанія гатовая была забраць 10 джуноў без досведу, Аляксей быў 11-м кандыдатам — у выніку пашанцавала
Навучанне: на ІТ-курсах, студзень-кастрычнік 2022
Пошукі працы: 1-1,5 месяца «лянівага пошуку», на працу выйшаў за 2 месяцы да таго, як атрымаў сертыфікат аб заканчэнні курсаў
Аляксей вучыўся ў БНТУ на інжынера-электроніка — выпусціўся з ВНУ ў 2020 годзе, папрацаваў на заводзе, схадзіў у войска. І ў 24 гады стаў айцішнікам. Вось яго гісторыя:
— Я заўсёды лічыў, што праграмаванне — гэта сумна, але неяк вырашыў паспрабаваць (гэта было ў 2019 годзе). Мой сусед па пакоі ў інтэрнаце пісаў нешта на Python, і я падумаў, што нічым не горшы за яго — стаў глядзець і раптам так захапіўся. А ўжо як ён быў здзіўлены, калі ўбачыў мой код.
З тых часоў мне захацелася трапіць у ІТ, але з маімі нулявымі ведамі гэта было немагчыма. Я паспрабаваў зайсці з наскоку ў Itransition — прыйшоў на агульнае сумоўе чалавек на 50, мы праходзілі тэсты на логіку, веданне прогі і англійскую — 4 гадзіны на ўсё. 20 чалавек у выніку ўзялі на практыку, і мяне ў тым ліку. Паралельна я трапіў на вочныя бясплатныя курсы ад EPAM. Але набліжалася размеркаванне — і Itransition здавалася «бліжэйшай і хутчэйшай». Таму на курсы ад EPAM я забіў.
Я выконваў задачкі ад Itransition, але паколькі майго ўзроўню было недастаткова, то капіпасціў рашэнні з інтэрнэту. Фінальны праект — напісаць клон Twitter — таксама зрабіў з дапамогай інтэрнэту. Апошняе сумоўе з ментарам заваліў: ён задаваў элементарныя пытанні (цяпер я гэта разумею), але я пакінуў іх без адказаў. Так што вынік быў чаканым — адмова.
Што рабіць? Ісці на завод! МТЗ прыняў мяне з распасцёртымі абдымкамі. Я прапрацаваў там ад жніўня да лістапада 2020 года, потым сышоў у войска — гэта быў год дэградацыі.
Вярнуўся з цвёрдым намерам сысці ў ІТ. Мой план быў такім: вярнуцца на МТЗ (бо праца «няпыльная»), працаваць і паралельна вучыцца, а як атрымаю офер — звольніцца.
Я адклаў ужо грошы на курсы, але раптам убачыў аб’яву ад школы TechMeScills — яны прапаноўвалі бясплатнае навучанне таму, хто зойме першае месца ў іх конкурсе. Чаму б не паспрабаваць, вырашыў я — і раптам выйграў. Вучыцца мы пачалі ў студзені 2022 года.
У жніўні выкладчык з курсаў сказаў, што ягоная кампанія набірае джуноў без досведу — возьмуць 10 чалавек, але трэба выканаць тэставае. А нас усяго ў групе засталося 10 пры канцы навучання.
Трое ўзяліся за тэставае, дваіх потым паклікалі на сумоўе — але ніводнага з іх не ўзялі. Пра мяне і гаворкі не вялося. І раптам праз тыдзень у пятніцу ўвечары мне патэлефанаваў мой выкладчык і сказаў, што яны гатовыя ўзяць мяне — хтосьці адмовіўся ад оферу. Выявілася, я быў адзінаццатым з тых, каго разглядалі. З тых часоў я працую ў той кампаніі.
Аляксей удакладняе, што шукаць працу «ў лянівым рэжыме» («адпраўляў CV, але не моцна спадзяваўся — амаль усюды патрабаваліся спецыялісты з 3+ гадамі досведу») ён пачаў у сярэдзіне лета. На пачатку жніўня ўжо выйшаў на тую, якую атрымаў дзякуючы выкладчыку. А на пачатку кастрычніка толькі атрымаў сертыфікат аб заканчэнні курсаў.
«Ваенізаваная структура» — распрацоўшчык
Некалькі офераў былі адкліканыя пасля 24.02. Шукаў на ўсіх пляцоўках — знайшоў за 3 месяцы
Навучанне: ІТ-курсы, май 2021 — студзень 2022
Пошукі працы: знайшоў у лютым 2022 — адклікалі оферы, зноў знайшоў у маі
Яшчэ адзін наш чытач перайшоў у ІТ у 30 гадоў. Да 2019 года ён служыў у ваенізаванай структуры. Напружвала бюракратыя і панібрацтва, хацелася «нармальных умоў працы і аплаты, ну і плюс, вядома, самарэалізавацца». Сябры-айцішнікі бачылі яго ў ІТ — раілі паспрабаваць.
Іван звольніўся і часова ўладкаваўся менеджарам па продажах у сетку, якая гандлявала тэхнікай — стаў збіраць грошы на навучанне. Праз 2 гады пайшоў на курс франтэнд-распрацоўкі ў «ІТ-акадэмію» і паспяхова завяршыў навучанне ў студзені 2022 года.
— Я атрымаў некалькі прапаноў, але ўсе яны былі адкліканыя ў лютым — абставіны тлумачыць не трэба. І тым не менш ужо ў маі я знайшоў аддаленую працу ў кампаніі ў Мінску (шукаў усюды, на ўсіх магчымых пляцоўках). Што праўда, знайшоў не на найлепшых умовах — але выбару не было.
Наш чытач расказвае, што праз год змяніў кампанію на іншую. І гэта якраз «было ўжо нескладана». Іван прапампаваў профіль у LinkedIn, папрацаваў над CV — а перад тым добра вывучыў гэтую тэму.
— Я лічу, што многія спецыялісты сутыкаюцца з цяжкасцямі пры пошуку працы праз тое, што надаюць недастаткова ўвагі афармленню свайго рэзюмэ і профілю ў LinkedIn. Таксама праблемай з’яўляецца адсутнасць ініцыятывы да асабістага развіцця. Аджа нават базавыя веды ў актуальных тэхналогіях могуць значна павысіць шанцы перад працадаўцам у параўнанні з іх поўнай адсутнасцю.
Мы папрасілі Івана падзяліцца статыстыкай пошукаў — ён адказаў, што падліку не вёў.
— З пляцовак rabota.by і devby.io, шукаў у тэлеграме і лінкедзіне, заходзіў і на еўрапейскія пляцоўкі — такія як justjoin.it. Няма дрэнных або непатрэбных пляцовак. Калі знаходзішся ў Беларусі і плануеш тут застацца, то Хабр Кар’ера таксама добрая: на рынку ў асноўным цяпер альбо расійскія працадаўцы, альбо аўтсорсы з праектамі ў Дубаі або Казахстане.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.
І яшчэ крыптой, тут кашалькі.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by