Тэхнагіганты скарачаюць праслойку менеджараў. Вось чым гэта можа абярнуцца

Meta, Salesforce, Amazon, Twitter не толькі тысячамі звальняюць супрацоўнікаў, але і памяншаюць штат менеджараў сярэдняга звяна, каб павыраўноўваць карпаратыўную іерархію і стаць эфектыўнейшымі.

1 каментарый

Гэта значыць, што ў кампаніях стане менш, як выказаўся Марк Цукерберг, «менеджараў, якія кіруюць менеджарамі» і больш людзей, якія займаюцца звычайнай працай: праграмаваннем, праектаваннем, продажамі.

Meta абвясціла 2023-ы «годам эфектыўнасці» і панізіла многіх менеджараў — на думку Цукерберга, дзякуючы гэтаму ў кампаніі стане лепей працаваць. Ілан Маск пасля куплі Twitter сказаў, што тут «10 менеджараў на кожнага кодара», а неўзабаве загадаў менеджарам самім пісаць код у дадатак да кіраўніцкіх функцый. Amazon пераглядае колькасць супрацоўнікаў у падпарадкаванні кожнага менеджара, і Salesforce таксама ўзялася за менеджараў сярэдняга ўзроўню ва ўгоду прадукцыйнасці і інвестарам.

Эксперты лічаць, што гэта добры крок у кароткатэрміновай перспектыве — напрыклад, прадукты будуць праходзіць менш этапаў праверкі і хутчэй трапляць у рукі карыстальнікаў. Але ў доўгатэрміновай такі выціск можа мець негатыўныя наступствы для карпаратыўнай культуры, кар’ернага росту супрацоўнікаў і агульнай прадукцыйнасці кампаній.

Інвестар: Google і Meta наймалі тысячы людзей рабіць нічога
Па тэме
Інвестар: Google і Meta наймалі тысячы людзей рабіць нічога

Многія маладыя супрацоўнікі звязваюць поспех у кар’еры з шанцам дарасці да менеджарскіх пазіцый, асабліва калі ў далейшым яны бачаць сябе ў найвышэйшых эшалонах кіраўніцтва. Ліквідацыя менеджараў сярэдняга звяна затуманьвае кар’ерныя перспектывы.

Акрамя гэтага, менеджары сярэдняга звяна вельмі ўплываюць на стан карпаратыўнай культуры і на пачуццё ўцягнутасці супрацоўнікаў у працу. Даследаванні паказваюць, што стаўленне супрацоўнікаў да працы вызначае перш за ўсё атмасфера ў камандзе, а не ўсёй кампаніі. То-бок рытм задаюць менавіта менеджары на сярэднім узроўні.

Нагрузка прыбраных менеджараў перакладаецца на плечы пакінутых і стварае рызыку перагрузак. У такім разе менеджары не змогуць эфектыўна кіраваць супрацоўнікамі.

Спецыялісты McKinsey сцвярджаюць, што добрыя менеджары з трывалымі ўзаемаадносінамі ўнутры каманд здольныя дамагчыся ад іх большай прадукцыйнасці, павысіць эфектыўнасць дзейнасці кампаніі і служыць мостам паміж місіяй кампаніі і яе рэалізацыяй.

Нарэшце, апошнім часам бігтэхі сур’ёзна ўзяліся за аддаленую працу. Рэалізаваць вяртанне ў офіс і падтрымліваць культуру без якаснага менеджменту будзе складана.

Google стане радзей раздаваць павышэнні на менеджарскія пазіцыі
Па тэме
Google стане радзей раздаваць павышэнні на менеджарскія пазіцыі
Што рабіць, калі не ладзіш з босам? Тлумачыць экс-віцэ-прэзідэнт па персанале Microsoft
Па тэме
Што рабіць, калі не ладзіш з босам? Тлумачыць экс-віцэ-прэзідэнт па персанале Microsoft

Читать на dev.by