Вярніце мой 2019. Як змянілася ІТ у Беларусі за тры гады

Паглядзелі, што адбывалася ў беларускім ІТ у 2019 — апошнім спакойным годзе да кавіду, палітычнага крызісу, маштабнай эміграцыі з Беларусі, вайны ва Украіне. І прасачылі лёсы людзей і кампаній.

46 каментарыяў

Эканоміка стагнавала, ПВТ рос

За 2019 год эканоміка Беларусі вырасла ўсяго на адзін адсотак (за першыя паўгода сёлета ўжо ўпала больш чым на пяць адсоткаў). На фоне стагнуючых традыцыйных галін ІТ-сектар паказваў стабільны прагрэс — і, паводле слоў тагачаснага міністра эканомікі, «зраўняўся па значнасці» з сельскай гаспадаркай, транспартнай і будаўнічай галінамі. Уклад ІТ-паслуг у агульны ВУП краіны тады склаў 6,1%, а іх экспарт перавысіў $2 млрд. Гэтая доля будзе павялічвацца і да 2022 года дасягне 7,7%, але рост замарудзіцца. 

Па выніках года ПВТ набраў 318 новых рэзідэнтаў — рэкорд дагэтуль. 

Новымі рэзідэнтамі сталі:

  • Vochi — стартап, які распрацоўвае разумны відэа-рэдактар. У 2021 годзе стартап набыла амерыканская сацсетка Pinterest (сума ўгоды магла скласці некалькі дзясяткаў мільёнаў долараў). На базе Vochi з’явіцца офіс Pinterest у Варшаве. У 2022 годзе Vochi выйшаў з ПВТ і ліквідуе юрыдычную асобу ў Беларусі.
  • Playrix — адзін з найбуйнейшых у свеце распрацоўшчыкаў мабільных казуальных гульняў. У 2019 годзе кампанія адкрыла офіс у Мінску і інвеставала ў беларускую гульнявую студыю Vizor Games. Пры канцы 2021 года ў мінскім офісе Playrix працавалі каля 100 чалавек. У 2022 годзе кампанія пачала звальняць супрацоўнікаў у Беларусі і Расіі і вырашыла закрыць офісы ў гэтых краінах.
  • «Тут Бай Медыя». У 2019 годзе — найбуйнейшы навінны партал Беларусі. Праз два гады ў офісе партала прайшлі ператрусы, больш за 10 яго супрацоўнікаў былі затрыманыя. Паводле версіі ДФР, «Тут Бай Медыя» выкарыстоўваў для сваёй працы чужое праграмнае забеспячэнне — «што з’яўляецца недапушчальным для рэзідэнтаў ПВТ» — і ўхіляўся ад выплаты падаткаў. Сайт партала заблакаваны. У СІЗА па-ранейшаму знаходзяцца дырэктар Людміла Чэкіна і галоўны рэдактар Марына Золатава. Увесну 2021 года «Тут Бай Медыя» пазбавілі льгот ПВТ, а на пачатку 2022 года выключылі з Парка.      

У тым жа 2019 годзе Аляксандр Лукашэнка наведаў ПВТ і «ўсынавіў» беларускіх айцішнікаў, прамовіўшы знакамітае «вы мае дзеці».

Аляксандр Лукашэнка наведвае ПВТ.

У ПВТ Лукашэнку паказалі «выставу ІТ-дасягненняў». 

Дасягненнямі хваліліся беларускія стартапы: 

  • OneSoil. Стартап распрацоўвае платформу для збору і аналізу сельскагаспадарчых даных. У 2022 годзе выйшаў з ПВТ, цяпер працуе ў Швейцарыі і Польшчы.
  • Wannaby (Wanna). Стартап распрацоўвае праграмы для віртуальнага прымервання абутку. У 2022 годзе стаў часткай брытанскага маркетплейса Farfetch (сума ўгоды — амаль $30 млн) і сышоў з Беларусі.
  • Flo. Распрацоўшчык праграмы для жаночага здароўя. Ацэньваецца ў $800 млн. У 2021 годзе адкрыў офісы ў Лондане і Вільні. У 2022 годзе пачаў ліквідацыю бізнэсу ў Беларусі.
  • Healthy Networks. Стварае праграму LungPass для вызначэння і маніторынгу захворванняў дыхальнай сістэмы. З 2019 года кампанія пераехала ў Эстонію, а ў 2022 годзе «замяла беларускі след», пазбавіўшыся інвестараў з Беларусі.

Алейнікаў клікаў расійскіх айцішнікаў у «бяспечную Беларусь»

У 2019 годзе ў Расіі выбухнуў скандал. «Рамблер» ініцыявала крымінальную справу супраць сваіх былых супрацоўнікаў, якія заснавалі кампанію Nginx. У апошняй прайшлі ператрусы. Такім брутальным чынам «Рамблер» вырашыла аспрэчыць правы на распрацаваны Nginx вэб-сервер. І хоць у выніку «Рамблер» адклікала свае прэтэнзіі, гісторыя моцна ўдарыла па прэстыжы расійскага ІТ-рынку.

Сітуацыю пракаментаваў адзін з аўтараў Дэкрэта № 8 (так званага «Дэкрэта пра ПВТ 2.0») юрыст Дзяніс Алейнікаў. Ён заклікаў расійскія кампаніі рэлакавацца ў Беларусь, бо ў ПВТ «нуль падаткаў» і «поўная адсутнасць СК РФ у вашым офісе». Сярод галоўных пераваг Беларусі ён назваў «14 гадоў спакойнага развіцця галіны, стабільнасць і бяспека». 

У 2020 годзе Алейнікаў выправіўся ва Украіну дапамагаць рабіць там аналаг ПВТ — Diia City.

Абмяркоўвалі рэформу адукацыі і крэдыты на навучанне для дзяцей

У 2019 годзе Лукашэнка правёў нараду ў пытаннях ІТ-галіны. Паводле слоў Віктара Пракапені, на нарадзе было вырашана выдзяляць крэдыты з фонду ПВТ на адукацыю. Акрамя таго, бізнэсовец заклікаў падняць заробак настаўнікам і правесці адукацыйную рэформу.

З тых часоў пра адукацыйныя крэдыты не чуваць, але адлічэнні ў фонд ПВТ спачатку павялічылі, а потым зноў паменшылі. У 2022 годзе БДУІР зноў скараціў колькасць бюджэтных месцаў, дзяржава вырашыла закрыць ліцэі і прыватныя школы.

У Мінску чакалі офіс Google

У лістападзе 2019 года стала вядома, што Alphabet-Google купіла распрацоўшчыка смарт-гадзінніка Fitbit. Да гэтага часу ў мінскім офісе Fitbit працавалі каля 70 чалавек. З’явіліся спадзевы, што ў Мінску запрацуе паўнавартасны філіял Google. Але не адбылося.

Дагэтуль Fitbit на паперы працягвае працаваць у Беларусі, але, хутчэй за ўсё, перавезла большую частку каманды ў Польшчу.

Мінск прэтэндаваў на лідарства ў сусветным мабільным геймдэве

Пачынаючы ад 2019 года, беларускія гульнявыя распрацоўшчыкі і выдаўцы рэгулярна трапляюць у сусветныя рэйтынгі. Праекты Say Games, Playgendary, Gismart у ліку самых папулярных мабільных гульняў на планеце. Эксперты з геймдэву нават называлі Мінск «сталіцай сусветнага hypercasual».     

У 2022 годзе праз напружаную сітуацыю ў рэгіёне і цяжкасці ў сусветнай эканоміцы надыходзіць крызіс. На гэты момант вядома пра сур’ёзныя скарачэнні ў беларускіх офісах гульнявых кампаній Playgendary, WannaPlay, Playrix, Awem Games, Belka Games

PandaDoc выйшла ў нуль, Дубакоў запусціў Fibery

На пачатку 2019 года стартап Мікіты Мікады і Сяргея Барысюка выйшаў на бясстратнасць і прыцягнуў $10 млн. Пераз наступныя тры гады PandaDoc працягне прыцягваць інвестыцыі і ў 2022 годзе дасягне ацэнкі ў мільярд, але ўжо па-за межамі Беларусі.

Заснавальнікі PandaDoc Мікіта Мікада і Сяргей Барысюк.

Іншы вядомы беларускі ІТ-прадпрымальнік, Міхаіл Дубакоў, запусціў у 2019 годзе Fiberу — сістэму кіравання праектамі. Праз два гады кампанія прыцягнула $3,1 млн, але неўзабаве выйшла з ПВТ і таксама пакінула Беларусь. 

Wargaming весела піярыўся на самазвалах і танках

У 2019 годзе Wargaming правёў дзве яркія піяр-кампаніі: размаляваў велізарны белаз і дапамог усталяваць у Мінску помнік савецкаму танку.

Працоўныя ўсталёўваюць помнік танку на Партызанскім праспекце ў Мінску.

Праз тры гады кампанія, якая з’яўлялася адным з сімвалаў поспеху беларускага ІТ, згарнула бізнэс у краіне праз вайну. Мінская каманда, якая скарацілася ў колькі разоў, па-ранейшаму займаецца гульнямі пра танкі, але ўжо ў складзе расійскай Lesta Games.

Колькі тысяч айцішнікаў маглі пакінуць Беларусь за два гады. Падлікі dev.by
Па тэме
Колькі тысяч айцішнікаў маглі пакінуць Беларусь за два гады. Падлікі dev.by

Читать на dev.by