Пакуль інжынеры вучацца кодаваць, каб перайсці ў IT, я вывучаю Python, MATLAB і сістэмы мадэлявання, каб займацца энергетыкай. Таму што мне падабаецца даваць цеплыню ў дамы рэальных людзей, а не ствараць віртуальныя прадукты.
Раскажу, як выглядае вучоба, якія праграмы трэба ведаць інжынеру, ці можна працаваць у Польшчы без польскай мовы, колькі зарабляюць спецыялісты і чаму энергетыка для мяне цікавейшая за фінтэх.
Хто піша: Ян, беларускі студэнт у кракаўскім AGH.
Чаму я выбраў AGH і аднаўляльную энергетыку
Я скончыў фізіка-матэматычны клас у моцным ліцэі ў Беларусі, здаў ЦТ/ЦЭ і атрымаў каля 340 балаў з 400. Пры паступленні ў AGH гэта канвертавалася прыкладна ў 890 балаў з 1000. Такі высокі бал адкрываў дзверы на 90% праграм.
AGH — топавы тэхнічны ўніверсітэт у Польшчы. Але я выбіраў не проста ўніверсітэт, а кірунак. Мне хацелася вывучаць нешта, звязанае з фізікай, і каб у вучобе была нейкая ідэя. Мне заўсёды хацелася рабіць нешта істотнае. Распрацоўка мяне ніколі не прываблівала, таму накірункі, звязаныя з праграмаваннем нават не разглядаў.
У выніку я спыніўся на аднаўляльнай энергетыцы. Потым ужо глядзеў, дзе ёсць такая спецыяльнасць. Разглядаў AGH у Кракаве і Вроцлаўскую палітэхніку. Мне падалося, што ў Кракаве будзе прасцей і прыемней жыць.
Як выглядае вучоба
Першы год у тэхнічным універсітэце — гэта шмат агульнай тэорыі для ўсіх інжынерных спецыяльнасцей. Мы актыўна вывучаем фізіку, асабліва механіку, матэматыку, хімію. Потым пачынаюцца больш профільныя фізічныя дысцыпліны: тэрмадынаміка, электрадынаміка, механіка вадкасцяў і газаў.
На трэцім курсе з’яўляюцца прадметы, звязаныя ўжо непасрэдна са спецыяльнасцю: аўтаматыка, аднаўляльныя крыніцы энергіі, класічная энергетыка, праектаванне машын.
Чым далей вучышся, тым больш лабараторных заняткаў. Цяпер я на шостым семестры, і амаль усе мае заняткі — гэта практыка ў лабараторыях. І яны ў AGH вельмі моцныя. Мы працуем з сучаснымі прыладамі і тэхналогіямі, якія сапраўды выкарыстоўваюцца ў гаспадарцы і індустрыі.
Як я ўжо казаў, ніколі сур’ёзна не думаў пра распрацоўку. Але ў AGH ёсць прадметы на выбар. Хтосьці, напрыклад, паглыблена вывучае ўласцівасці матэрыялаў, хтосьці — Python або іншыя IT-дысцыпліны. Я амаль не выбіраў прадметы, звязаныя з IT.
Калі б я вырашыў пераходзіць у IT, у мяне былі б плюсы ў параўнанні з людзьмі без тэхнічнай адукацыі: матэматыка, базавыя навыкі праграмавання, разуменне агульных інжынерных канцэпцый. Але IT-веды ўсё адно давялося б моцна паглыбляць.
Мне вельмі падабаецца, што дзякуючы сваёй працы буду забяспечваць людзям святло і цяпло ў дамах. І ў энергетыцы інжынеры працуюць камандамі. Для мяне гэта плюс, бо я камандны гулец.
Яшчэ адзін аргумент — фізічны вынік працы. У ІТ-кампаніях працуюць з віртуальнымі рэчамі. А мой кайф у тым, што вынікі нават вучэбных праектаў можна ўбачыць у рэальнасці.
У 2026 годзе ў Польшчы ёсць дэфіцыт інжынераў. Спецыяліст сярэдняга ўзроўню можа зарабляць прыкладна 12–18 тысяч злотых брута. А ўжо праз год-два працы можна разлічваць на 10 тысяч злотых нета.
Рынак складаны, але знайсці працу рэальна
На вучобе кожны студэнт павінен прайсці практыку. Звычайна яна цягнецца 90 або 120 гадзін. Але знайсці добрую алопчваемую стажыроўку яшчэ да атрымання дыплома няпроста. З неалочваевымі больш-менш нармальна.
У Польшчы ёсць некалькі буйных кампаній у маёй сферы, вось некалькі назваў: Tauron, PGE, Orlen. Але менавіта ў аднаўляльнай энергетыцы шмат малых і сярэдніх фірм, таму рынак даволі фрагментаваны.
Ёсць вялікія карпарацыі, але шмат і невялікіх праектантскіх бюро, лакальных кампаній, фірм вакол сонечнай і ветравой энергетыкі. Напрыклад, пасля выпуску можна глядзець у бок Cognor, Ferrostal Łabędy, а таксама невялікіх праектных кантор.
У гэтай сферы абавязкова валодаць польскай мовай. Навта у вялікіх карпарацыях уся камунікацыя і дакументацыя будзе па-польску. Не кажу, што вы мусіце ведаць мову ідэальна, але без ўзроўню B2, на маю думку, у гэтай сферы няма чаго рабіць.
ШІ можа не заменіць інжынера
Штучны інтэлект можа выконваць шмат розных задач і ў разы павышаць эфектыўнасць працы. Але, на маю думку, цалкам замяніць інжынера ён не можа. ШІ можа дапамагаць, аўтаматызаваць, паскараць. Але каб кантраляваць правільнасць рашэнняў і будаваць архітэктуру ўсёй сістэмы, усё адно патрэбны чалавек.
Яшчэ адзін важны момант — адказнасць. Інжынеры ў камандзе адказваюць за вынік. Ніхто не ўхваліць рашэнне, якое можа прывесці да страты грошай або, тым больш, пагрозы здароўю людзей.
Таму цалкам замяніць спецыяліста немагчыма. І менавіта праз этычны аспект і асабістую адказнасць мне здаецца, што гэта яшчэ доўга будзе немагчымым.
Які софт трэба ведаць інжынеру ў энергетыцы
Мой стэк выглядае так:
- AutoCAD, SolidWorks, Inventor — гэта CAD-сістэмы для праектавання фізічных аб’ектаў. У інжынернай сферы ўжо даўно ніхто не чарціць на паперы ў класічным сэнсе.
- MATLAB і Simulink — база для мадэлявання, аналізу працэсаў і аўтаматызацыі.
- Ansys, TRNSYS і падобныя праграмы — асяроддзі для мадэлявання і сімуляцыі розных працэсаў, цыклаў працы і тэхнічных сістэм.
- Python — універсальная мова праграмавання, вельмі зручная для разлікаў, аналізу дадзеных і аўтаматызацыі.
- GIS-сістэмы, напрыклад QGIS — геаінфармацыйныя сістэмы для працы з мапамі. З іх дапамогай можна аналізаваць тэрыторыі, лічыць кошт будаўніцтва інфраструктуры, ацэньваць магчымасць размяшчэння электрастанцый або іншых аб’ектаў.
Важна разумець: на канкрэтнай пасадзе ты не будзеш выкарыстоўваць усе гэтыя праграмы адразу. Але гэта той набор, пра які інжынеру варта мець уяўленне.
Скандынавія як наступны крок
Я не выключаю рэлакацыю ў Паўночную Еўропу. Для мяне гэта адзін з самых цікавых рэгіёнаў у прафесіі.
Паўночная Еўропа — гэта авангард таго, чым я займаюся. Асабіста я не ведаю людзей, якія ўжо паехалі туды працаваць, але чуў некалькі гісторый.
З добрай англійскай, польскім дыпломам і тэхнічнай базай гэта выглядае як цалкам рэальная магчымасць. І, канешне, заробкі там значна вышэйшыя за польскія. Я чуў пра ўзровень 5000–6000 еўра.
Меркаванне аўтара можа не адлюстроўваць пазіцыю рэдакцыі.
Што яшчэ пачытаць пра беларускіх студэнтаў за мяжой:
- «Мы ўсе майстры вайбкодынгу». Студэнтка мехмата БДУ пра першую працу, ChatGPT і лайўкодынг без падказак;
- «Хацеў пазнаёміцца з разумнымі хлопцамі». Беларускі студэнт у Вільнюсе зрабіў кейс-чэмпіянат на 80 чалавек;
- «Прэподы кажуць, што з Python працу не знойдзем». Студэнт расказвае пра вучобу ў Брэсцкім політэху.
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.