Я лічу, што штучны інтэлект зробіць нас усіх беспрацоўнымі. Але пару гадоў у запасе яшчэ ёсць, пакуль мы патрэбныя, каб пісаць промпты. Пакуль гэты час не выйшаў, я за некалькі вечароў зрабіў разам з Claude беларускую версію папулярнай музычнай настолкі Hitster — «Песенную стужку».
У базе ўжо 840 трэкаў ад 187 беларускіх выканаўцаў: ад эстрады 1966 года да сучасных хітоў.
Распавядаю, як вайбкодзінг дапамагае закрываць гештальты, чаму сабраць калоду было складаней за напісанне кода і навошта гульні спатрэбіўся фільтр па IP.
Хто піша: беларускі распрацоўшчык. У ІТ больш за 10 гадоў, чацвёрты год жыве ў Польшчы. Стваральнік праекта «Песенная стужка».

Навошта мне спатрэбіўся «свой Hitster»
Пару гадоў таму мне падарылі настолку Hitster. Мы з сябрамі час ад часу ў яе гуляем, але там толькі англамоўныя, збольшага амерыканскія хіты. Частка з іх, вядома, была папулярная і ў нас, але некаторых выканаўцаў да гэтай гульні я нават ніколі не чуў.
З іншага боку, я вельмі добра знаёмы з беларускай музыкай. Таму з’явілася ідэя зрабіць сваю версію — з «Песнярамі» і N.R.M.
Мой праект называецца «Песенная стужка». Ад класічнага Hitster ён адрозніваецца толькі наборам музыкі: тут выключна беларускія выканаўцы з песнямі па-беларуску, па-руску і па-англійску. Гульня браўзерная і бясплатная — можна гуляць з аднаго тэлефона ці камп’ютара на 1–8 гульцоў, проста перадаючы прыладу па крузе.
Правілы такія ж, як у арыгінале:
- У кожнага гульца ёсць свая «стужка часу» з адной адкрытай карткай (на ёй пазначаны год выхаду песні, напрыклад, «Песняры — Алеся, 1973» ці «Akute — Зорка, 2012») і тры жэтоны на старце.
- На сваім кроку ты слухаеш трэк усляпую — без назвы і выканаўцы. Задача — паставіць яго на стужку ў правільнае месца: раней ці пазней за ўжо адкрытыя карткі.
- Іншыя гульцы могуць аспрэчыць выбар: аддаць жэтон і паставіць на іншае месца. Калі аўтар ходу памыліўся, картку забірае першы, хто адгадаў правільна.
- За названыя гурт і песню даецца бонусны жэтон. Перамагае той, хто першым збярэ стужку з 5, 8 ці 10 картак (колькасць абіраецца перад гульнёй).
Код пісаў Claude, але самая вялікая праца была з калодай
Распрацоўка ішла праз вайбкодзінг. Увесь код пісаў Claude, а я толькі ставіў задачы, правяраў, тэсціраваў і прасіў перарабіць тое, што атрымлівалася няўдала. Зараз цудоўны час для пэт-праектаў, на якія раней вечна не хапала часу — дастаткова пары вечароў з нейрасеткай. Мой сябар Claude нават згенераваў канцэпт фізічнай каробкі з арнаментам і вінілавай кружэлкай.
Самая вялікая праца была не з кодам, а з самой калодай. Трэба было ўручную сабраць спіс выканаўцаў, падабраць песні, праверыць гады выхаду і знайсці кліпы ці запісы. Рашэнне, каго ўключаць у базу, я кожны раз прымаў сам. І стараўся быць нейтральным — дадаваў нават тых артыстаў, якія мне асабіста зусім не падабаюцца.
У арыгінальным Hitster ёсць нават хіты 100-гадовай даўніны — з 1950-х і нават 1920-х. З беларускай музыкай аказалася складаней: самы стары трэк у базе датуецца 1966 годам, то-бок гульня ахоплівае апошнія 60 гадоў. Да канца 1980-х запісаў выходзіла вельмі мала, асноўная маса песень напісаная ў апошнія 40 гадоў. Праз такую шчыльнасць па датах беларускі варыянт гульні атрымаўся нават складанейшым за арыгінал.
Каб было прасцей, я дадаў налады: ёсць рэжым «толькі хіты» з самымі вядомымі трэкамі (зараз іх 343), а таксама фільтры па жанрах і мове выканання.
Пытанне аўтарскіх правоў і фільтр для беларускіх IP
З музыкантамі я не звязваўся, бо сама гульня аўдыяфайлы не захоўвае і не распаўсюджвае. Усе песні круцяцца праз стандартны плэер YouTube з відэа, якія і так ляжаць у адкрытым доступе — адпаведна, за аўтарскія правы па факце адказвае сама платформа. Дарэчы, на YouTube знайшлося на дзіва шмат беларускай музыкі.
Давялося ўлічыць і беларускія рэаліі. У гульні працуе аўтаматычны фільтр па «экстрэмісцкіх» песнях і гуртах. Калі чалавек заходзіць з беларускага IP альбо ў наладах яго прылады стаіць беларускі часавы пояс, каля сотні трэкаў аўтаматычна хаваюцца з выдачы — каб нікога выпадкова не падставіць.
Што далей: друкаваныя карткі і беларускі Ticket to Ride
Праект рабіўся выключна для сябе і сяброў, але ў працэсе я зразумеў, што гэта выдатны спосаб пазнаёміць людзей з беларускай музыкай. Пасля адкрыцця кожнай карткі з’яўляецца спасылка на YouTube: можна паслухаць трэк цалкам ці паглядзець, што яшчэ ёсць у гэтага выканаўцы. А пад кожнай песняй ёсць кнопка «Нешта не так» — праз яе карыстальнікі паведамляюць пра памылкі ў датах або прапануюць ідэі.
У планах зрабіць фізічныя друкаваныя карткі з QR-кодамі, як у арыгінальнай каробцы. Пакуль таксама для сябе, але калі гульня стане папулярнай, можна будзе падумаць пра краўдфандынг, каб знізіць кошт друку тыражу.
Акрамя «Песеннай стужкі», я ўжо зрабіў беларускую версію настолкі Ticket to Ride. Але гэта цалкам афлайнавая гульня — яе яшчэ трэба раздрукаваць і некалькі разоў пратэсціраваць у кампаніі, перш чым паказваць публічна.
Меркаванне аўтара можа не адлюстроўваць пазіцыю рэдакцыі.
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.