Топ-10 крынжовых падзей у беларускім ІТ у 2022

Даставайце з мікрахвалёўкі папкорн, згадаем усе дзіўныя з’явы і няёмкія моманты ў годзе, што мінае. Мы сабралі 9 — прапаноўвайце дзясятага намінанта ў каментах.

11 каментарыяў

Беларусы нанялі ўкраінца, але ён расіец (і наогул не той)

Заблытаны клубок прыйшлося разблытаць рэкруцёрцы беларускай кампаніі з офісам у Вільні. Дзяўчына наняла кандыдата-ўкраінца, той выйшаў на працу — і выявілася, што сумоўі праходзіў не ён, перапіска ў тэлеграме — не з ім, ІП і рахунак, на які кампанія мелася налічваць яму заробак — таксама не яго. І наогул ён расіец.

Эксперты раяць быць уважлівейшымі ў смутныя часы. 

Абаранкі — новыя пячэнькі

Пастаянства — залог поспеху. Калі так, то топаў VironIT варта ўпісаць у рубрыку «Чалавек года» (ой, мы гэтага не зрабілі?).

У 2022-м кампанія працягнула судзіцца з некаторымі экс-супрацоўнікамі, патрабуючы традыцыйную для сябе кампенсацыю ў 5 тысяч долараў. Адзін з іх паскардзіўся dev.by на «рабскія» ўмовы працы. Кіраўнікі VironIT растлумачылі: відэаназіранне ў іх — каб засцерагчы асабістыя рэчы працаўнікоў; скрыншоты — каб выявіць непрыстойных распрацоўшчыкаў, якія па 80 гадзін на месяц глядзяць відэаролікі; а «баранкі — у нейкіх кампаніях і гэтага няма».

Пошукі агульнай мовы з эйчарамі

Яшчэ да 24.02, калі моўнае пытанне рэзка абвастрылася пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, з эйчарамі здарылася некалькі лінгва-зашквараў. Сузаснавальніку Andersen прыйшлося шматкроць перапрашаць украінцаў: спачатку стала вядома, што рэкруцёры яго кампаніі адмовілі ў найманні двум украінскім распрацоўшчыкам, якія не захацелі размаўляць па-руску, потым — кейсаў выявілася больш. 

Беларускамоўны распрацоўшчык таксама не захацеў зразумець эйчара ў LinkedIn пасля рускамоўнага заходу. Яго суразмоўніца-беларуска, нядоўга думаючы, скарысталася… руска-ўкраінскім перакладчыкам. 

LungPass замятае сляды

У ліпені мы даведаліся пра ліквідацыю LungPass — медтэх-стартапа з беларускімі каранямі, які пераехаў у Эстонію. Яго распрацоўкі пайшлі з малатка. Колькі выручылі за іх на аўкцыёне — таямніца нават для ранніх інвестараў, бо на грошы маглі разлічваць толькі познія.

І раптам стартап матэрыялізаваўся з попелу пад іншай юрыдычнай асобай і без ранніх інвестараў, чаму тыя, вядома, не радыя. Кажуць, замёў беларускі след. Як быць з бізнэс-этыкай — пытанне адкрытае.

Позвы з гінекалогіі. І не толькі

Чытачы dev.by, як годныя да службы, так і не (і нават дзяўчаты), раптам сталі атрымліваць на пошту лісты нібыта з гінекалагічнай бальніцы (а потым — і са студэнцкай паліклінікі) з патрабаваннем прайсці медагляд для ваенкамата.

У медустановах, само сабой, былі не ў курсе. А ў бальніцы яшчэ і лаяліся, што яна наогул «жаночая». 

Сапраўдныя позвы таксама прыходзяць: мінабароны вырашыла «ўдакладніць уліковыя даныя» наогул ва ўсіх. Цытата з прэс-рэлізу: «У разуменні неабазнанага чалавека позва абавязкова звязаная з мабілізацыяй. Гэта няправільна», — думаем, гэта ўсіх супакоіла. 

Сардэчна запрашаем у дзяржшколу

У Беларусі закрылі прыватныя школы: спачатку некалькі. А калі дзеці перайшлі ў іншыя прыватныя школы, — то і ўсе. Вучням настойліва паказалі адзіна верную дарогу — у дзяржшколы. Паводле закону, школы могуць падацца на новую ліцэнзію: неўзабаве даведаемся, што з гэтага выйдзе. Тым часам расійская анлайн-адукацыя не спіць і прасоўвае сябе як альтэрнатыву закрытым прыватным школам.

Paysend усё спісаў

Беларусы пагуляліся на курсах у Paysend, а Paysend пагуляўся на нервах беларусаў. Увесну з карт тых, хто пасылаў пераказы ў Беларусь у перыяд курсавых розніц, сталі раптам спісвацца вялікія сумы. Рахункі не абнуляліся, а сыходзілі ў мінус. Кліенты (800+ чалавек) скаапераваліся ў тэлеграм-чаце — сталі бамбіць скаргамі еўрапейскія банкі-эмітэнты карт, падалі заявы ў паліцыю (але іх не сталі разглядаць). Польскія банкі ў большай частцы ўставалі на бок кліентаў і вярталі грошы. Літоўскія — адпраўлялі разбірацца з Paysend самастойна або проста чакаць (але пры гэтым на мінусавы рахунак капала пеня). 

Каця, вазьмі тэлефон, гэта Overone (прабачце)

Айцішнікі (і не толькі) скардзіліся нам: ім тэлефануюць са школы IT Overone і прапаноўваюць курсы для ўваходжання ў ІТ без першапачатковых навыкаў і англійскай. 

Званкі паступаюць усім запар, не тое што айцішнікам — уласным выкладчыкам. Хоць таргет школы, як кажуць экс-супрацоўнікі, — студэнты БДУІР, дый наогул студэнты. Пасля выхаду артыкула ІТ-школа даслала dev.by каментар. Калі коратка: нумары тэлефонаў давалі слухачы — з уласнага жадання, але ў некаторых нумарах былі памылкі. Вось менеджары не туды і трапляюць. Ізі ж!

Чарга на чаргу на чаргу

Урад вызначыў новыя стаўкі консульскіх збораў і дзяржпошліны. Апастыль каштаваў 16 рублёў, а стаў — 160. Але гэта нікога не спыніла: чарга да галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС усё роўна рэгулярна збіралася, журналіст dev.by прыйшоў — і пачуў, што будзе 780-м.

А потым у Галоўным упраўленні змянілі правілы падачы дакументаў — скасавалі папярэдні запіс. І вось ужо на Карла Маркса расцягнулася чарга не на саму падачу, а каб запісацца на падачу. «Запіс на запіс» — ну так жа значна зручней?

Паланэз N13. Як у 2022 мы развітваліся з ІТ-краінай
Па тэме
Паланэз N13. Як у 2022 мы развітваліся з ІТ-краінай

Читать на dev.by