Паланэз N13. Як у 2022 мы развітваліся з ІТ-краінай
2022-ы на зыходзе. Ніхто не чакаў простага года, ніхто не памыліўся. У яго календары складана адшукаць светлыя падзеі і не так проста запомніць усе цёмныя. Мы паспрабавалі асэнсаваць галоўнае.
ІТ у Беларусі даўно перастаў быць утульнай, бяспечнай бурбалкай — яго нясе ў плыні агульных катаклізмаў і выносіць далёка за межы краіны. Таму для айцішнікаў, як і для ўсіх, год падзяліўся на дзве няроўныя часткі: да 24.02 і пасля.
Да 24.02 былі ўжо звыклыя дыскусіі, ці з’язджаць, ці заставацца (а яшчэ ці заставацца, ці вяртацца), ужо звыклыя ператрусы, арышты, прысуды, развітанне адных кампаній з ПВТ і ўступленне туды новых (строга кажучы, апошні набор датаваны канцом 2021-га). Мы дзівіліся на рознаскіраваныя трэнды ў статыстыцы: новых ІТ-кампаній станавілася менш, ліквідаваных больш, прыток замежных спецыялістаў у Беларусь сыходзіў на нішто, пры гэтым ПВТ ставіў новыя рэкорды. Набліжаўся рэфэрэндум, навіны «з-за» ўзмацнялі трывогу ад мясцовага парадку дня.
Тыя, хто заправіў у лютым бак, мелі рацыю — свет абваліўся яшчэ на колькі паверхаў.
Айцішнікаў зачапіла па-рознаму: тыя, хто ўжо жыў ва Украіне, сталі ўцекачамі з заблакаванымі картамі, тых, хто працаваў у Беларусі, кампаніі пастараліся экстранна (нават чартарамі) вывезці ў іншыя краіны. Ці памятаеце гэтыя дзіка дарагія і дэфіцытныя квіткі ў бязвізавыя краіны і цэны на арэнду жытла, якія там падскочылі? Тады беларусы пазнаёміліся з новымі экзатычнымі лакацыямі, напрыклад, Арменіяй і Узбекістанам (Грузію асвоілі раней). У Ташкент толькі EPAM перавёз некалькі сотняў супрацоўнікаў з Беларусі і Расіі. Досвед, вядома, цікавы, але не самы лёгкі.
Для кагосьці змена краіны была адзіным спосабам захаваць працу: «самы цэнтр Еўропы» для многіх заказчыкаў і інвестараў стаў непрымальнай лакацыяй.
Чым яшчэ запомнілася вясна
- дэфіцытам валюты і доларам па 4 BYN;
- масавым сыходам кампаній і сэрвісаў;
- патокам санкцый — у дачыненні да банкаў і не толькі;
- праблемамі з грашовымі пераказамі і картамі за мяжой;
- скандалам з Paysend: праз курсавыя розніцы сэрвіс для пераказаў загнаў беларусаў у даўгі на тысячы еўра;
- чэргамі па апастыль (які да таго ж падаражэў у 10 разоў) даўжынёй у некалькі месяцаў;
- шалёнай выдачай віз PBH (іх колькасць перавысіла колькасць гуманітарных);
- паралічам vfs global — запісацца на падачу на польскую візу можна толькі праз пасярэднікаў (вось толькі цяпер сістэму вылечылі).
А яшчэ «паўраспадам» Wargaming: флагман прадуктовай распрацоўкі ў Беларусі распаўся на дзве часткі. Вытворцы «танкаў» пакінулі «поле бою», забраўшы на Захад частку супрацоўнікаў і сусветны брэнд, пакінуўшы пасля сябе расійскую правапераемніцу Lesta і паўпусты офіс у Шабанах. Прыхільнікам гульні таксама прыйшлося вызначацца: альбо калектыўна-заходні World Of Tanks, альбо зрэбны «Свет танкаў» і кропка.
EPAM здолеў абысціся менш радыкальнымі рашэннямі: сысці з Расіі, рэлакаваць усіх каго можна, але ўсё ж пакінуць офіс у Беларусі. Пакуль ёсць надзея.
Крызісныя горкі
Прыкладна тады ж страціў прытомнасць рынак ІТ-вакансій (і дагэтуль без прытомнасці), а ІТ-кампаніі замарозілі найманне і сталі скарачаць персанал. Урэзанае ў Беларусі прарастала ў суседніх (і не вельмі) краінах.
dev.by збіўся з падліку, спрабуючы ацаніць маштабы новай хвалі міграцыі ІТ-спецыялістаў і скласці вынікі з папярэднімі. Прыкінулі, што за два гады Беларусь маглі пакінуць ад 16 да 23 тысяч айцішнікаў. Ускосна пра маштабы міграцыі можна судзіць па статыстыцы звальненняў-найманняў. За 10 месяцаў чысты адток кадраў з ІТ-галіны — 14+ тысяч чалавек.
Галіну захліснула новая хваля крызісу. Пра новыя наборы ў ПВТ афіцыйна больш не паведамляюць. Зрэшты, гэта не перашкодзіла цяперашнім рэзідэнтам Парка паставіць новы квартальны рэкорд па падатках. Кіраўнікі кампаній кажуць, тут і выплачаныя на пачатку года бонусы (у тым ліку на рэлакейт), і курсавыя ваганні, і праца на Беларусь з іншых юрысдыкцый. Вынік суцяшальны, але недаўгавечны. Ужо ў другім квартале падаткі ўпалі, дый рэзідэнтаў стала менець. А потым МПЗ перастала публікаваць гэтыя звесткі. А Белстат закрыў інфармацыю пра экспарт тавараў і паслуг. Апошняе, што мы ведаем пра экспарт камп’ютарных паслуг, — за тры месяцы ён склаў 766 млн долараў (+4% да перыяду 2021 года). Пры гэтым у сакавіку рост экспарту ІТ-паслуг спыніўся.
Дзяржава, як магла, клапацілася пра «стабільнае функцыянаванне эканомікі»: да +4 п. п. падаходнага падатку дадала двайную стаўку адлічэнняў у Фонд ПВТ. Другую меру ўсё ж удалося абмежаваць адным кварталам, першую пралангавалі да студзеня 2025 года.
Каб стрымаць уцёкі бізнесу, акцыянерам «з недружалюбных дзяржаў» забаранілі адчужаць долі ў беларускіх юрасобах, а потым і выходзіць з іх. У «недружалюбны» спіс трапілі EPAM, Wargaming, IBA Gomel Park і яшчэ дзве гомельскія ІТ-кампаніі (зачараваны выявіўся рэгіён). Wargaming як ведаў — паспеў сысці за некалькі дзён да забароны.
Былі спробы і дружалюбных мер. Напрыклад, у сакавіку адміністрацыя ПВТ рыхтавала праект па змене ўмоў працы для ІТ-кампаній (па аналогіі з расійскімі мерамі). Туды ўнеслі і адтэрміноўку ад прызыву, і вяртанне падаходнага падатку 9%, і мараторый на крымінальныя справы эканамічнага парадку. Рэзідэнты дадалі свае прапановы, а ўрад даў надзею, што ў ліпені ўсё будзе. Пасля гэтага законапраект знік без вестак.
Затое аддаленую з-за мяжы афіцыйна абялілі.
Як працавалася айцішнікам
Цяжка. І тым, хто з’ехаў, і тым, хто застаўся. Адным даводзілася шукаць жытло, уладкоўваць дзяцей у дзіцячыя сады і школы, вучыць мову, затлумлівацца з песэлямі-мельдункамі і падаткамі, плаціць павышаную камуналку на радзіме і шукаць спосаб памяняць пашпарт у консульстве, іншым хаваць ад заказчыка рэальную лакацыю, шукаць новую працу і апраўдвацца, чаму яны дома. І тыя, і другія выявіліся ўразлівымі перад санкцыямі і дыскрымінацыяй.
Нават калі твой стартап ужо колькі гадоў у Даніі, як у Веры Рашэцінай, дзяржфонд можа спыніць яго фінансаванне праз сузаснавальніка-беларуса з доляй у 5%. А ўжо польская грантавая праграма тым больш можа адмовіць стартапу з Беларусі, які пераехаў. Але куды ім да Slush, які скасаваў перамогу Immigram праз сувязі з РФ. «Slush, you suck», — адрэагаваў на рашэнне адзін з інвестараў стартапа Мікіта Мікада.
Дасталася і нашым студэнтам у Чэхіі: тамтэйшае Мінадукацыі рэкамендавала ВНУ абмежаваць магчымасці для навучання на тэхнічных спецыяльнасцях студэнтам з Расіі і Беларусі, маўляў, гэта тэхдапамога падсанкцыйным краінам. Аднак ВНУ прынялі рашэнні самастойна. Замежныя банкі сталі рабіць больш жорсткімі патрабаванні да грамадзян Беларусі: нават апора і надзея беларусаў у Польшчы, банк PKO, пачаў быў адмаўляць ім у адкрыцці рахунку. На шчасце, гэта хутка мінула.
І тыя, хто з’ехаў, і тыя, хто застаўся, дрэнна спалі, выгаралі, шукалі ёд і запасалі кансервы на выпадак найгоршага. А яшчэ, як Віктар Хамянок, адчувалі, што наш бронецягнік ляціць кудысьці не туды, і прасілі падтрымкі супольнасці.
Улічыце, што летам у Беларусі сталі падаць заробкі, і рэч не толькі ва ўмацаванай нацвалюце — зп сталі прасядаць і ў доларах. Ці то ў адтоку праектаў рэч, ці то ў тым, што на рынку рэзка павялічылася доля джуноў: проста сеньёраў і мідлоў рэлакавалі першымі. А ў Польшчы ад вясны рос долар, і гэта таксама дастаўляла айцішнікам пакуты — заробкі ж часцей у злотых. Карацей, ніякай стабільнасці.
Тое, што гэта і была «стабільнасць», стала зразумела пры канцы верасня, з абвяшчэннем у РФ той самай «частковай». Мабілізацыйны імпульс перадаўся праз празрыстую мяжу нашым айцішнікам. Шчаслівыя ўладальнікі PBH прыспешылі ад’езд, баючыся позваў. Небеспадстаўна: да канца года Мінабароны паабяцала зверыць усіх ваеннаабавязаных.
Усё прапала?
Рэгіянальны катаклізм у ІТ на гэты час ужо апраўлены ў рамку глабальнага крызісу: сусветныя кампаніі скарачаюць супрацоўнікаў, кампаніі ў Беларусі таксама закрываюць офісы і рэжуць штат (раз, два, тры, чатыры, пяць). Усе чакаюць рэцэсію і абмяркоўваюць, хто першы пойдзе пад нож. Здаецца, усё прапала?
Прынамсі, не сёлета. Бо гэты год ужо скончыўся. І бронецягнік, хоць і нясецца на ўсіх парах, усё яшчэ не дасягнуў канчатковага пункту. ІТ-кампаніі — у Беларусі або па яе перыметры — стузаныя, але жывыя, супрацоўнікі таксама, і ўсе неяк працуюць. А гэта на цяперашні час ужо выбітны вынік.
Читать на dev.by